Імя абавязвае

- 14:04Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы Гродзенскай гарадской гімназіі штогод атрымліваюць прэміі імя знакамітага земляка.

З нагоды прысваення ўстанове адукацыі імя Героя Сацыялістычнай Працы, Героя Беларусі Аляксандра Дубко адбылося адкрыццё памятнай экспазіцыі.

— Уся мая сям’я, дзеці, унукі і праўнукі ганарацца тым, што імя Аляксандра Іосіфавіча памятаюць не толькі ў Гродне, але і ва ўсёй краіне, а ўжо прайшоў 21 год, як яго не стала, — падзялілася жонка героя Эма Нічыпараўна Дубко. — Для экспазіцыі мы прадаставілі фотаздымкі і матэрыялы з сямейнага архіва. Для мяне ўсе гэтыя рэчы вельмі каштоўныя. Мне ёсць яшчэ чым па­дзяліцца. Думаю, што ў будучыні экспазіцыя папоўніцца.

Як расказала дырэктар Гродзенскай гарадской гімназіі Юлія Анісімава, у перспектыве плануецца адкрыць ва ўстанове адукацыі музейны пакой, прысвечаны А.І.Дуб­ко.

Аляксандра Іосіфавіча Дубко ведаюць і паважаюць не толькі на Гродзеншчыне. Яго жыццё было яркім і насычаным, а вопыт гаспадарчай дзейнасці пераймаецца сённяшнімі маладымі кіраўнікамі. Нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Ілава Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. З 1972 па 1995 год узначальваў калгас “Прагрэс” Гродзенскага раёна. Быў старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, а ў 1994—2001 гадах — старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

— Мы нават не думалі над тым, імя якога чалавека магла б насіць наша гімназія, рашэнне прыйшло адразу, — сказала Юлія Іванаўна. — Наша ўстанова адукацыі, будучы яшчэ сярэдняй школай № 1, заўсёды цесна супрацоўнічала з Аляксандрам Іосіфавічам. Сельскагаспадарчае прадпрыемства “Прагрэс”, якое ён узначальваў, дапамагала школе, прымала навучэнцаў на практыку, аздараўленне. У выбары імя адыграла ролю і тое, што ў цяперашні час нашы гімназісты амаль штогод атрымліваюць абласную прэмію імя А.І.Дубко для адораных навучэнцаў і студэнтаў. Яе стыпендыятамі сталі 18 гімназістаў.

Прэмія заснавана ў 1998 годзе, а з 2001 года носіць імя А.І.Дубко. Яе лаўрэатамі ўжо сталі больш за 700 маладых лю­дзей. У гэтым навучальным годзе сярод іх і васьмікласнік Гродзенскай гарадской гімназіі Мацвей Худык.

— Мацвей цудоўна спявае, займаецца ва ўзорнай вакальнай студыі “ЮНИКС-Star”, з’яўляецца лаўрэатам міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, такіх як “Таленты Панямоння” і “Творчасць без меж”, пастаянным удзельнікам гарадскіх і абласных мерапрыемстваў. Мацвей — вельмі таленавіты хлопчык. Я з ім займаюся з першага класа, і вось у выніку работы за 8 гадоў ён стаў саіскальнікам абласной прэміі для адораных дзяцей, — расказала Юлія Анісімава.

Сам Мацвей ганарыцца, што атрымаў такую знакавую прэмію. “Я быў вельмі шчаслівы”, — дадаў хлопчык. 

Кіраўнік установы ўпэўнена, што імя Героя Беларусі стане для гімназіі пуцяводнай зоркай. Гэта накладвае пэўныя абавязацельствы на педагогаў і вучняў. Гімназістам цяпер трэба дасягнуць яшчэ большых поспехаў, каб яны па-ранейшаму станавіліся саіскальнікам абласной прэміі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.