Інавацыі і творчасць

- 11:40Навіны рэгіёнаў

У Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі крэатыўна падыходзяць да рэалізацыі інавацыйных праектаў, якія сталі неад’емнай часткай работы з установамі адукацыі раёна, дзецьмі і моладдзю.

Першы інавацыйны праект быў рэалізаваны ў 2019 годзе, і яго вынікі апісаны ў выданні “Узыходжанне да поспеху: вопыт пабудовы эфектыўнай мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў”. На рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі праект атрымаў дыплом I ступені. У рамках праекта былі распрацаваны тры праграмы: “Твой поспех”, “Дыялогі пра паспяховасць” і “Фарміраванне канкурэнтаздольнай асобы навучэнцаў”, якія затым знайшлі прымяненне ва ўстановах адукацыі.

Рэалізацыя новага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў” пачалася ў мінулым навучальным годзе і працягнецца да 2023 года.

— Гатоўнасць узяцца за распрацоўку гэтай тэмы абумоўлена тым, што наш цэнтр творчасці дзяцей і моладзі курыруе грамадскія арганізацыі ў раёне, — расказала загадчыца аддзела Гродзенскага РЦТДіМ Ганна Фінагенава. — У цэнтры вучыцца амаль 3,5 тысячы вучняў, з іх 3,4 тысячы з’яўляюцца членамі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Удзел дзяцей, падлеткаў і моладзі ў дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў садзейнічае фарміраванню і развіццю камунікатыўнай кампетэнтнасці праз уключэнне іх у сацыяльна значную дзейнасць, арганізацыю вольнага часу, занятасці і працаўладкавання, сацыялізацыю і адаптацыю ў грамадстве.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — каардынатар рэалізацыі праекта — працуе ва ўзаемадзеянні з ГрДУ імя Янкі Купалы, раённай піянерскай арганізацыяй і БРСМ, валанцёрскімі атрадамі і лясніцтвамі ўстаноў адукацыі. Наладжана супрацоўніцтва са Скідзельскім і Гродзенскім лясгасамі, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Апорнымі інавацыйнымі пляцоўкамі вызначаны Азёрская, Капцёўская і Гожская сярэднія школы Гродзенскага раёна. 

У рамках інавацыйнага праекта далейшае развіццё атрымала школьнае самакіраванне. Педагогі цэнтра арганізавалі грамадска актыўную школу “Тэрыторыя лідарства”, якая з’яўляецца адной з форм школьнага самакіравання навучэнцаў і арыентавана на навучанне лідараў. Школа працуе па чатырох модулях: “Лідар”, “Валанцёр”, “Лясная акадэмія” і маладзёжная пляцоўка “РrоЗдароўе”. Гэта дазволіла сфарміраваць у раёне сацыяльна-выхаваўчае асяроддзе, якое спрыяе выхаванню ў навучэнцаў сацыяльнай актыўнасці як складніка камунікатыўнай кампетэнтнасці.

На базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адкрыты па 10 аб’яднанняў па інтарэсах “Лідар” і “Валанцёр”, кіраўнікамі якіх з’яўляюцца педагогі-арганізатары, класныя кіраўнікі і настаўнікі-прадметнікі. Пашырылася сетка валанцёрскіх атрадаў. Сумесна з лідарамі школьных сістэм самакіравання вызначаны новыя формы камунікацыі. Створана сістэма павышэння прафесійных кампетэнцый педагогаў. 

Новым кірункам у рэалізацыі праекта стала адкрыццё ў рамках школы “Тэрыторыя лідарства” сумесна са Скідзельскім лясгасам “Лясной акадэміі”, якая каардынуе дзейнасць школьных лясніцтваў раёна. Мерапрыемствы праводзяцца паміж самымі актыўнымі членамі лясных аб’яднанняў з розных школ раёна, якія пасля гэтак жа арганізуюць работу ў сваіх установах адукацыі. Зносіны арганізаваны ў вочнай, завочнай і дыстанцыйнай формах.

— Асаблівую цікавасць уяўляе маладзёжная пляцоўка “РrоЗдароўе”, — расказвае Ганна Фінагенава. — Мы працуем разам з ГрДУ імя Янкі Купалы. Вясной мінулага года метадыст Валянціна Сегень распрацавала праект для студэнтаў па падрыхтоўцы іх да работы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Сузор’е”. Рыхтавала студэнтаў-цьютараў і сама патранавала іх работу ў якасці намесніка дырэктара лагера. Ужо ў гэтым навучальным годзе я распрацавала праграму развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў “Мастацтва зносін: я і свет вакол мяне”. Школы зацікавіліся і з лістапада пачнуць працаваць у гэтым кірунку. Праграма прадугледжвае штомесячныя трэнінгавыя заняткі з навучэнцамі па фарміраванні камунікатыўнай кампетэнтнасці. 

Інавацыі і творчасць. Менавіта такімі словамі можна ахарактарызаваць дзейнасць Гродзенскага РЦТДіМ. А там, дзе ёсць зацікаўленасць, будзе і поспех.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.