“Інфакоцікі” вырастаюць тыграмі

- 10:58Вышэйшая школа

Сёння кафедра тэхналогій камунікацыі і сувязей з грамадскасцю факультэта журналістыкі БДУ — прызнаны лідар па выпуску спецыялістаў у сферы камунікацыі. Падраздзяленне, якое пачыналася, калі “не было падручнікаў, спецыялістаў і вопыту выкладання PR у Беларусі”, сёлета адзначае сваё 20-годдзе.

Спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя” нарадзілася ў 1996 го­дзе, а праз тры гады з’явілася і выпускаючая кафедра тэхналогій камунікацыі. Паколькі падобнага падраз­дзялення ва ўніверсітэтах краіны яшчэ не было, вырашылі пераймац­ь вопыт у замежных калег: па еўрапейскай праграме TEMPUS. У межах праекта выкладчыкі будучай кафедры праходзілі стажыроўкі ў Францыі, Іспаніі і Вялікабрытаніі. Важным для педагагічнага складу ў гэты час было тое, што замежныя партнёры, падказваючы і ствараючы спрыяльныя ўмовы, не наса­джалі параметры, якім павінна адпавядаць новае падраздзяленне факультэта журналістыкі БДУ.

Ірына Уладзіміраўна Сідорская.

— Дзякуючы такім адносінам нашых замежных калег, мы працавалі па прынцыпе “толькі мы ведаем, якой спецыяльнасці быць у нас”, — расказвае загадчык кафедры Ірына Сідорская. — Зразумела, першапачаткова было няпроста, але існавала шмат фактараў, якія дапамагалі. Па-першае, развіццё інтэрнэту: шмат дысцыплін гучала нова нават для выкладчыкаў, таму інфармацыя збіралася не толькі па нешматлікіх кнігах. Па-другое, разнапланавая адукацыя педагогаў: сярод нас былі і філосафы, і журналісты, і філолагі, і матэматыкі. Так, распрацоўваючы новыя спецкурсы, выкладчыкі самі многае адкрывалі ўпершыню.

Першапачаткова спецыяльнасць была агульнай для двух факультэтаў: журфака і факультэта філасофіі і сацыяльных навук (у першым выпадку —“Тэхналогіі камунікацыі”, у другім — “Сацыяльныя камунікацыі”). Паняцце “інфармацыя і камунікацыя” спачатку было зразумела не ў поўным аб’ёме: першы час пад гэтым разумелі ўзаемадзеянне прэс-службы з мэтавай аўдыторыяй. Пасля на кафедры зразумелі, што гэта важны складнік, але не асноўны: так перайшлі да медыярылэйшнз (форма ўзаемаадносін арганізацый са СМІ з мэтай падтрымання іміджу).

Першым загадчыкам кафедры стаў выпускнік журфака Віталь Вашкевіч. Праз 10 гадоў на гэтай пасадзе справу свайго калегі працягнула Ірына Сідорская. Дачка Віталя Рамуальдавіча, сын Ірыны Ула­дзіміраўны, дзеці іншых выкладчыкаў таксама сталі выпускнікамі інфакама. Гэта, па словах Ірыны Сідорскай, — прымета таго, як педагогі вераць у сваю спецыяльнасць.

— Рабіць першыя крокі ў галіне было хоць і нялёгка, але цікава, бо мы самі стваралі правілы гульні, закладвалі традыцыі. Гэта ў іншых выпадках можна ісці па пратаптаных сцежках, а ў нас была перавага быць першымі, — дзеліцца загадчык кафедры. Ірына Уладзіміраўна жартуе, што цяжка было толькі першыя 20 гадоў.

Ад студэнтаў з першых набораў часта можна было пачуць, што, каб патлумачыць бабулям, дзе яны вучацца і кім пасля будуць працаваць, даводзілася добра пастарацца. Маўляў, расказаць няпроста, але цікава і карысна. Многія з маладых лю­дзей выказвалі думку, што іх спецыяльнасць у будучым стане запатрабаванай, і, як паказала практыка, не памыліліся.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце 
№ 53, 16 мая 2019 года.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва І.У.Сідорскай і кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю факультэта журналістыкі БДУ.