Інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе на ўроках замежнай мовы

- 11:55Адукацыйная прастора

На мінулым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Стварэнне іншамоўнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя для арганізацыі самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў (павышаны ўзровень)”. Мерапрыемства было адрасавана кіраўнікам метадычных фарміраванняў настаўнікаў замежных моў, у тым ліку з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Першы дзень семінара прайшоў на базе АПА. Для ў­дзельнікаў было арганізавана 6 майстар-класаў, падчас якіх сучаснае адукацыйнае асяроддзе яны разглядалі з самых розных бакоў: як неабходную ўмову арганізацыі самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, як умову забеспячэння якасці навучання. Зразумела, каб дасягнуць поспеху ў арганізацыі і рэалізацыі такога асяроддзя, і педагогу, і навучэнцу патрэбны пэўныя інструменты.

Як адзначыла Г.С.Хадасевіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе характарызуецца доступам навучэнцаў да зместу інфармацыйных рэсурсаў і магчымасцю рэалізоўваць розныя віды ўзаемадзеяння: праз чаты, электронную пошту, прэзентацыі, вывучэнне мовы ў рэжыме рэальнага часу, што значна ўзбагачае ўзаема­дзеянне суб’ектаў асяроддзя. “Неабходна адзначыць, што і ролі ўсіх суб’ектаў у новым асяроддзі таксама мяняюцца. Педагог выступае не ў ролі распаўсюджвальніка ведаў і інфармацыі, а ў ролі кансультанта, памочніка, партнёра навучэнца і каардынатара пазнавальнага працэсу, а навучэнцы пры гэтым — актыўныя суб’екты адукацыйнага працэсу”, — падкрэсліла Галіна Сільвестраўна.

Вядучыя мастар-класаў актыўна дзяліліся сваім вопытам арганізацыі і рэалізацыі інфармацыйнага асяроддзя. Педагогі ў другі дзень семінара ў гімназіі Фаніпаля былі вельмі задаволены новымі ведамі. Кожны з іх атрымаў партфоліа спасылак на адукацыйныя платформы і сэрвісы.

Пра развіццё аргументаванага іншамоўнага маўлення навучэнцаў на сярэдняй і старшай ступені навучання гаварыла настаўнік-метадыст настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска Аксана Бераснева.

“Аргументаванае выказванне — гэта выказванне, у якім навучэнцам трэба выказаць сваё меркаванне па заяўленым пытанні, падмацаваць яго фактамі, а таксама прадставіць супрацьлеглы пункт гледжання”, — адзначыла Аксана Міхайлаўна і для арганізацыі аргументаванай дыскусіі прапанавала PRES-формулу: P-position, R-reasons, E-example, S-summary.

P- position: спікер заяўляе аб сваёй пазіцыі па праблеме, якая абмяркоўваецца, выказвае сваё меркаванне, выступае за або супраць заяўленага сцвярджэння. Тут дарэчы пытанне: ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем?

R-reasons: спікер павінен абгрунтаваць, аргументаваць свой пункт гледжання. Пытанне: чаму вы так думаеце?

E-example: спікер прыводзіць прыклады, доказы, факты ў падтрымку свайго меркавання (не менш за тры). Пытанне: чым вы можаце пацвердзіць свае аргументы?

S-summary: спікер вяртаецца да заяўленай тэмы абмеркавання, падводзіць вынік вышэйсказанага ці прыводзіць новыя аргументы, доказы і прыклады. Пытанне: якую выснову можна зрабіць?

Прыёмы развіцця аргументаванага маўлення навучэнцаў  (advertisement) ад Аксаны Берасневай: Crossense, Getting ready for a trip (збіраемся ў падарожжа), Spidernet (павуцінка), Dilemma (Jeff’s best friend is getting into some pretty risky behaviors, including dangerous drugs. What can Jeff do to help his friend?), Hot-air baloon.

Візітоўку гімназіі Фаніпаля прадставіла дырэктар Галіна Майсейчык. Гімназія Фаніпаля — гэта 87 педагагічных работнікаў, з іх 18 — выпускнікі гімназіі. 6 настаўнікаў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2 магістры навук, 3 бакалаўры. У 2020/2021 навучальным годзе ў гімназіі адкрыты 41 клас-камплект, у якіх навучаецца 1040 навучэнцаў. З 2018 года рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі”.

За апошнія тры гады гімназісты ўзнагароджаны 45 дыпломамі абласных,  28 дыпломамі рэспубліканскіх, 15 дыпломамі міжнародных конкурсаў.  З 2016 года 9 навучэнцаў гімназіі атрымалі прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

У гімназіі створаны ўмовы для ўключэння ў навуковыя даследаванні шырокага кола настаўнікаў і навучэнцаў. Гэта арганізацыя дыстанцыйнага навучання, падрыхтоўка да ўдзелу ў алімпіядным руху, навукова-даследчай дзейнасці. Напрыклад, па выніках міжнароднага прафесійна-метадычнага конкурсу (Расія, сакавік 2021 года) у намінацыі “Тэорыя і методыка сярэдняй адукацыі” аўтар даследчай работы “Урок-канферэнцыя ў кантэксце навукова-даследчай работы ў школах” настаўніца матэматыкі гімназіі Галіна Аляксандраўна Васількевіч была ўзнагаро­джана дыпломам І ступені. На I Усерасійскай дыстанцыйнай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў і студэнтаў “Малады навуковец” даследчая работа гімназістак Яны Якубовіч  і Наталлі Пархановіч “Амаль поўныя графы” (навуковы кіраўнік Г.А. Васількевіч) была ацэненая па заслугах і заваявала дыплом I ступені.

Дарэчы, Галіна Аляксандраўна падчас семінара разам са сваёй калегай настаўніцай англійскай мовы Ларысай Аркадзьеўнай Сяргеевай таксама дзяліліся сваім вопытам: яны прадстаўлялі інтэграваны ўрок па тэме “Міжнароднае супрацоўніцтва. Лагістычны цэнтр у Фаніпалі”.

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Мікашэвіч Наталля Літвіновіч падзялілася вопытам рэалізацыі мадэлі навучання “Перавернуты ўрок”, які з’яўляецца адным са спосабаў арганізацыі самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў пры вывучэнні замежнай мовы на павышаным узроўні. У сваім выступленні Наталля Станіславаўна дала некалькі парад па “пераварочванні” класа:

* Уводзіць перавернуты ўрок трэба паступова, каб дзеці былі да яго гатовыя. Нельга проста ўзяць і “вываліць” новую тэму ў тыя ж відэакалекцыі. Хутчэй за ўсё, гэта прывядзе да таго, што палова класа не зробіць дамашняе заданне ці не зразумее, што ад іх патрабавалася.

* Можна выкарыстоўваць гатовыя матэрыялы. Зручней за ўсё працаваць з дапамогай відэакалекцыі, але гэта не абавязкова. Трэба прааналізаваць клас і тое, якія тэхнічныя магчымасці ёсць у настаўнікаў і навучэнцаў. У выніку можна замяніць відэакалекцыі тэкстам, аўдыятэкстам, інфаграфікай.

* Можна выкарыстоўваць гатовыя заданні ў якасці дыя­гнастычнага тэста па вывучаным дома матэрыяле або прапанаваць навучэнцам выканаць іх на ўроку пры наяўнасці адпаведнага абсталявання.

* Неабходна набрацца цярпення: матывацыя навучэнцаў з’явіцца з часам.

* Можна прыдумаць нестандартную форму правядзення перавернутага ўрока, дабавіць элементы гейміфікацыі.

* Варта выкарыстоўваць розныя лічбавыя інструменты для стварэння тэстаў, тэкставых заданняў, інтэрактыўных вучэбных заданняў з аўтаматычнай праверкай. Гэта вельмі зручна і для педагога, і для навучэнцаў. У любы час вучань можа выканаць заданне, паглядзець вынік, убачыць свае памылкі, а настаўнік можа пакінуць каментарый.

*Падручнік павінен заставацца крыніцай інфармацыі. Вучэбная праграма прывязана да падручніка. Гэта аснова, якой мы павінны прытрымлівацца, таму падручнік заўсёды застаецца асноўнай крыніцай інфармацыі і ён ёсць у кожнага навучэнца. Гэта важна, таму што вучні ў такім выпадку бачаць, як пэўная тэма падаецца сучаснымі падручнікамі і спецыялістамі, як айчыннымі, так і носьбітамі мовы.

Пра шляхі фарміравання іншамоўнага інфармацыйна-адукацыйнага  асяроддзя настаўнікаў замежнай мовы расказвала настаўніца французскай мовы гімназіі № 1 Я.Ф.Карскага Гродна Галіна Гульпа. Галіна Сяргееўна звярнула ўвагу на наступныя адукацыйныя рэсурсы:

· https://eior.by (адзіны інфармацыйна-адукацыйныны рэсурс);

· https://e-vedy.adu.by/course/index.php?categoryid=67 (курсы НІА);

· https://lingvo.adu.by (электронныя падручнікі і дадаткі да іх);

· https://edu.skysmart.ru/homework/new (расійская адукацыйная платформа).

Пасля педагог расказала пра рэсурсы абласных інстытутаў развіцця адукацыі і мінскага гарадскога, адзначыўшы іх змястоўнасць у плане напаўнення інфармацыяй для арганізацыі сучаснага адукацыйнага асяроддзя. Затым спынілася на сэрвісе для стварэння інтэрактыўных заданняў LearningApps і падзялілася вопытам пастановак у франкафонным тэатры сваёй гімназіі.

У пары з Г.С.Гульпа працавала настаўнік-метадыст настаўніца нямецкай мовы Зелянкоўскага дзіцячага сада — базавай школы імя Т.С. Марыненка Полацкага раёна Аліна Стэльмачонак, якая прадэманстравала выхаваўчы патэнцыял іншамоўнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі як рэсурсу асабістага росту навучэнцаў.

“Кантэнт для інфармацыйнага напаўнення — тэксты, графіка, мультымедыя і інш. Істотнымі яго параметрамі з’яўляюцца аб’ём, актуальнасц­ь і рэлевантнасць. У інтэрнэце інфармацыйнае напаўненне арганізуецца ў выглядзе вэб-старонак сродкамі мовы гіпертэкставай разметкі”, — а­дзначыла Аліна Міхайлаўна.

Арганізацыі сучаснага інфармацыйнага асяроддзя настаўніца ўдзяляе вялікую ўвагу. Яе вучні працуюць з фотаздымкамі, банерамі, інфаграфікай, відэаролікамі, аналізуюц­ь газетныя артыкулы, робяць аўдыяпадкасты, пішуць пасты на сайтах, у сацыяльных сетках, блогах. Акрамя таго, педагог вядзе ўласны адукацыйны блог, арганізуе шматлікія міжнародныя адукацыйныя праекты.

У прыватнасці, з калегамі ў Фаніпалі яна падзялілася вынікамі чарговага культуразнаўчага і краіназнаўчага праекта. Яна здолела аб’яднаць настаўнікаў нямецкай мовы і проста людзей, якія яе вывучаюць, з самых розных куткоў свету. У­дзельнікі праекта рыхтавалі невялікія візітоўкі пра сябе і свае краіны на нямецкай мове. Атрымалася цікава і пазнавальна. Акрамя таго, кожны ўдзельнік праекта атрымаў якасны вучэбны матэрыя­л, які лёгка можна выкарыстоўваць як ва ўрочнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Дынамічным і насычаным быў майстар-клас настаўнікаў-метадыстаў, настаўніц англійскай мовы Веранікі Арловай з сярэдняй школы № 14 Мазыра і Алены Ліпай з сярэдняй школы № 46 Магілёва. Педагогі гаварылі пра ўкараненне ў адукацыйны працэс электронных адукацыйных рэсурсаў і сучасныя дыдактычныя методыкі навучання замежнай мове.

Настаўніцы прапанавалі класіфікацыю электронных адукацыйных рэсурсаў, у якую ўваходзяць тэкстаграфічныя рэсурсы, мультымедыя, рэсурсы, якія цалкам складаюцца з візуальных або гукавых фрагментаў. Затым яны прадставілі сэрвіс Flipgrid (з англійскай — “перавернутая рашотка”). Гэта бясплатны і просты ў выкарыстанні дадатак, які спрыяе ўдасканаленню камунікатыўных навыкаў навучэнцаў з дапамогай кароткіх відэа.

Можна напісаць пытанне на дошцы і прапанаваць вучням выказаць сваё меркаванне пісьмова ці вусна. Можна напісац­ь пытанне ў чаце і чакаць адказаў ад вучняў. А можна выкарыстоўваць Flipgrid. Сэрвіс вучыць дзяцей слухаць адно аднаго. Пры гэтым у кожнага аднолькавая колькасць часу, каб выказаць сваё меркаванне. Вучні запісваюць адказы на відэа.

Як працаваць з Flipgrid? Спачатку  трэба далучыцца да платформы праз пошту. Адразу пасля рэгістрацыі можна стварыць тэму для абмеркавання. Потым трэба напісац­ь пытанне, на якое вы хочаце атрымаць адказ ці пачуць меркаванне. Важна ўстанавіць час для адказу: 15 секунд або 1 хвіліна. Вызначце, колькі часу вучню будзе дастаткова, каб адказац­ь на пытанне або падзяліцца сваім уражаннем, дабаўце дапаможны матэрыял: тэст з Kahoot, спасылку з Google або малюнак.

Як вучні змогуць атрымаць доступ да тэмы? Па пошце ці ID. У першым выпадку трэба пазначыць паштовыя адрасы вучняў. У другім — набраць імёны карыстальнікаў са спіса, які раней настаўнік стварыў у сэрвісе. Для іх тэма адкрыецца па спасылцы або кодзе. Каб убачыць адказ вучня, трэба перайсці ў тэму, якую настаўнік адправіў вучню, — унізе пад тэмай будзе табліца адказаў.

Перавагі Flipgrid: вучань адказвае на пытанне тады, калі ён гатовы да гэтага. Відэафармат дазваляе дзіцяці праявіць фантазію. Каб адказаць на пытанне, вучню неабавязкова сядзець перад камерай і нешта гаварыць. Ён можа зняць ролік, паказаць вынік лабараторнага доследу або правесці бліц-інтэрв’ю ў эксперта. Да таго ж, Flipgrid дапамагае папоўніць недахоп жывых зносін падчас дыстанцыйнага навучання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.