Інструктаж і навучанне

- 10:41Навіны рэгіёнаў

Майстар-класы па плаванні ў адкрытых вадаёмах праходзяць на Гомельшчыне. Заняткі па плаванні арганізавалі ў Светлагорскім, Жыткавіцкім, Рэчыцкім, Веткаўскім раёнах. У Навабеліцкім раёне абласнога цэнтра з дзецьмі прышкольнага лагера, арганізаванага на базе сярэдняй школы № 41, займаецца інструктар-метадыст гарадской дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 6 Карына Гарадзецкая:

— Вельмі важна данесці інфармацыю пра бяспечныя паводзіны на вадзе. На жаль, бацькі часам пускаюць сітуацыю на самацёк. Між тым кожнае дзіця павінна ведаць патрабаванні тэхнікі бяспекі пры купанні. 

У Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці вырашылі дапоўніць заняткі па плаванні дзяцей у басейне, што праводзяцца круглы год, навучаннем на пляжы возера Рудніцкага. Тут трэнер мясцовай ДЮСШ Аляксандр Асадчы праводзіць інструктаж і практычнае навучанне. Робіць акцэнт: асабліва важна не разгубіцца і ведаць, што рабіць, калі чалавек пачаў тануць, як правільна ратаваць у вадзе і як аказаць дапамогу на беразе. Трэнер таксама паказвае, як трымацца на вадзе, якія рухі трэба здзяйсняць. За ўсім працэсам пільна сочаць прадстаўнікі таварыства выратавання на вадзе — каб карысная справа была яшчэ і бяспечнай.

У Светлагорску ў будныя дні арганізавана бясплатнае навучанне плаванню для навучэнцаў школ горада і дзяцей, якія прыехалі на адпачынак з бацькамі. Заняткі таксама праходзяць на гарадскім пляжы, інструктарамі па плаванні выступілі спецыялісты сярэдняй школы № 12 Светлагорска.

У Веткаўскім раёне з дзецьмі працуюць настаўнікі фізічнай культуры з допускам па навучанні плаванню. Як адзначаюць трэнеры, курсы, якія праходзяць не ў басейне, а ў возеры ці рацэ, дапамагаюць пераадолець боязь вады, больш упэўнена адчуваць сябе падчас плавання.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.