Інструмент дыялогу паміж рынкам працы і сістэмай адукацыі

- 12:43Актуально, Апошнія запісы

З улікам патрабаванняў Балонскага працэсу

Эфектыўнасць існуючай сістэмы кваліфікацый нашай краіны ў апошнія гады зніжаецца. Назіраецца неадпаведнасць узроўню падрыхтоўкі кадраў запытам сучаснага рынку працы, павелічэнне дэфіцыту ў кваліфікаваных кадрах, кваліфікацыі, набытыя раней работнікамі, хутка губляюць актуальнасць. Усё гэта сведчыць аб недастатковай эфектыўнасці Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якая прызвана забяспечыць сувязь паміж сістэмай адукацыі і рынкам працы. Каб змяніць сітуацыю, у пачатку 2014 года была прынята пастанова Савета Міністраў № 34 “Аб некаторых пытаннях развіцця Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь”. Што было зроблена за гэты час па ўдасканаленні НСК, аб некаторых нюансах яе мадэрнізацыі нашай газеце расказала дырэктар НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Мікалаеўна МІРОНАВА.

— Таццяна Мікалаеўна, наша краіна не можа заставацца ў баку ад еўрапейскіх тэндэнцый па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Тым больш гэта актуальна, калі зусім нядаўна Рэспубліка Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і павінна выконваць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да нашай краіны ў рамках гэтага працэсу.
— Безумоўна, гэта так. Ва ўсіх краінах, якія далучыліся альбо знаходзяцца ў працэсе далучэння да Балонскага працэсу, распрацаваны альбо распрацоўваюцца Нацыя-нальныя сістэмы кваліфікацый.
mironavaМы таксама вырашылі мадэрнізаваць сваю НСК, больш удасканаліць яе з улікам сусветнага вопыту і, магчыма, увесці ў яе новыя элементы, якія паказалі сваю эфектыўнасць у замежных краінах.
У 2013—2015 гадах Навукова-даследчым інстытутам працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выконваўся інавацыйны праект па распрацоўцы новай метадалогіі пабудовы Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь і прапаноў па яе ўкараненні. Трэба адзначыць, што эфектыўнасць дзейнасці механізмаў сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь у апошнія гады зніжаецца, страчваюцца сувязі паміж рынкам працы і сістэмай адукацыі. Адукацыйная галіна пачынае працаваць самастойна, а рынак працы не атрымлівае неабходных спецыялістаў, што прыводзіць да разрыву попыту і прапанавання рабочай сілы ў прафесійна-кваліфікацыйным разрэзе. Гэта сведчыць аб недастатковай эфектыўнасці Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якая прызвана забяспечыць сувязь паміж сістэмай адукацыі і рынкам працы. Гэта, безумоўна, патрабуе ад нас новых канкрэтных дзеянняў па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра новыя элементы, якія могуць увайсці ў Нацыянальную сістэму кваліфікацый.
— Я выдзеліла б тры такія групы элементаў, якія могуць увайсці ў новую мадэль НСК. Да тых элементаў сістэмы кваліфікацый, якія павінны быць мадэрнізаваны, адносяцца перш-наперш агульнадзяржаўныя класіфікатары — гэта класіфікатар “Прафесіі рабочых і пасады служачых” і класіфікатар “Заняткі”. Гэтыя два класіфікатары аб’ядноўваюцца ў адзін, і ён будзе ўваходзіць у новую мадэль НСК як ужо мадэрнізаваны элемент. Такі падыход мы ажыццявілі згодна з тымі задачамі, якія пастаўлены Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Акрамя таго, ёсць яшчэ Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, які адносіцца да сістэмы адукацыі. Над яго ўдасканаленнем сёння працуе Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. Думаем, што гэтыя класіфікатары будуць уваходзіць у новую НСК, але толькі ў мадэрнізаваным выглядзе.
У лік новых элементаў НСК павінны ўваходзіць Нацыянальная рамка кваліфікацый, прафесійныя стандарты, сектаральныя рамкі кваліфікацый.
Інстытуцыйная структура НСК патрабуе таксама ўвядзення некаторых новых элементаў. Так, найперш трэба будзе вызначыцца з каардынуючымі органамі, якія будуць займацца ўдасканаленнем НСК і праводзіць гэтую палітыку ў жыццё. З гэтай мэтай павінны быць укаранёны сектаральныя саветы кваліфікацый. Якраз яны — гэта той базавы элемент, у якім злучаны функцыі новай НСК. Так, сектаральныя саветы кваліфікацый займаюцца распрацоўкай прафесійных стандартаў, аб’ядноўваюць зацікаўленых асоб з пэўнага сектара эканомікі, непасрэдна наймальнікаў, прадстаўнікоў прафесійных саюзаў, сістэмы адукацыі. Як бачна, гэта вельмі важны і патрэбны калектыўны орган.
У 2014 годзе ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.01.2014 № 34 “Аб некаторых пытаннях развіцця Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь” былі створаны 2 сектаральныя саветы кваліфікацый. Першы — у сектары інфармацыйных тэхналогій на базе адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, другі — у сектары кіраўніцкай дзейнасці на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэтыя сектары сталі пілотнымі, дзе і прайшла апрабацыя новых элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Саветы распрацавалі 3 прафесійныя стандарты: два — у сектары інфармацыйных тэхналогій і адзін — у сектары кіраўніцкай дзейнасці.

— Што сабой уяўляе прафесійны стандарт? Як вядома, раней яго не існавала, а сёння ён з’яўляецца новым элементам НСК.
— Прафесійны стандарт уяўляе сабой дакумент, які ўключае апісанне спецыфікі і зместу працоўнай дзейнасці работнікаў і патрабаванні да кваліфікацыі, неабходнай ім для ажыццяўлення гэтай працоўнай дзейнасці. Прафстандарты могуць быць выкарыстаны наймальнікамі пры прыёме на работу работнікаў і рэгламентацыі іх працоўнай дзейнасці, устанаўленні службовых абавязкаў, а таксама пры выбудове траекторый далейшага прафесійнага развіцця і кар’ернага росту сваіх работнікаў. Іх можа выкарыстоўваць сістэма адукацыі пры вызначэнні кваліфікацый, па якіх неабходна падрыхтоўка кадраў, пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў, пры ацэньванні ўзроўню засвоеных ведаў, уменняў і навыкаў. Акрамя гэтага, прафесійны стандарт можа быць выкарыстаны сістэмай незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый.

— Як распрацоўвалася Нацыянальная рамка кваліфікацый?
— Мы пачыналі работу з вывучэння вопыту еўрапейскіх краін. Каштоўныя распрацоўкі ў гэтым перадалі нам прадстаўнікі Еўрапейскага фонду адукацыі.
Рамка кваліфікацый — гэта інструмент для класіфікацыі кваліфікацый, які прызначаны для забеспячэння ўзгодненасці розных элементаў НСК і ўстанаўлівае сувязь паміж імі. Гэтая рамка служыць асновай для сектаральных рамак кваліфікацый, прафесійных стандартаў, а таксама працэдур ацэнкі дасягнутага ўзроўню кваліфікацый. Яна павінна выкарыстоўвацца як інструмент дыялогу паміж рынкам працы і сістэмай адукацыі і служыць своеасаблівым каталізатарам змяненняў у НСК, патрабуе ўкаранення механізмаў, якія забяспечаць яе функцыянаванне. Трэба сказаць, што слова “рамка” не трэба ўспрымаць літаральна. Гэта дакумент, які складаецца з многіх старонак, дзе падрабязна прапісаны патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў работнікаў, ступені іх адказнасці і самастойнасці пры выкананні работ, да ўзроўню іх кваліфікацыі, у аснове якой закладзена паняцце вынікаў навучання.
Для таго і патрэбна рамка кваліфікацый, каб увязаць прафесійную дзейнасць, якая вядзецца работнікам, з узроўнем яго кваліфікацыі.
Нацыянальная рамка кваліфікацый для пілотных сектараў была створана на аснове еўрапейскай рамкі і мае 8 узроўняў. Паколькі сектаральныя саветы выкарыстоўвалі рамку для асобных прафесій, а не для ўсіх тых, якія прадстаўлены ў гэтым сектары, выкарыстоўваліся асобныя ўзроўні рамкі кваліфікацый. Для гэтых узроўняў былі адсочаны як гарызантальныя пераходы на адным узроўні рамкі кваліфікацый, так і вертыкальныя, якія маглі дазволіць чалавеку павышаць свой узровень кваліфікацыі і пераходзіць на новы ўзровень рамкі.
Наш інстытут аказваў навукова-метадычную дапамогу сектаральным саветам кваліфікацый у арганізацыі сваёй работы, асабліва ў частцы падрыхтоўкі прафесійных стандартаў і сектаральных рамак кваліфікацый. Гэта звязана з тым, што прафесійныя стандарты маюць на ўвазе вывучэнне працоўных функцый і дзеянняў па ключавых прафесіях, выбраных для стварэння гэтых стандартаў, і гэтыя распрацоўкі ўвязваліся з узроўнем кваліфікацый.
Па выніках праекта мы прыйшлі да высновы, што Еўрапейская рамка кваліфікацый у цэлым нам падыходзіць і можна ўдасканальваць сваю сістэму кваліфікацый, арыентуючыся на еўрапейскія ўзоры.
У далейшым неабходна зацвярджэнне той Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, якая будзе працаваць не для пілотных сектараў эканомікі, а ў цэлым для эканомікі. У рамках пілотнага праекта мы вырашаем больш абмежаваныя задачы, якія тычацца адной канкрэтнай галіны. Сама па сабе Нацыянальная рамка кваліфікацый павінна быць намнога шырэй, павінна быць больш дэталёва прапрацавана. Самае галоўнае — яна павінна быць звязана з вынікамі навучання, з тымі кваліфікацыямі, якія выставіць па гэтай рамцы Міністэрства адукацыі. НРК не можа быць успрынята як нейкі абстрактны дакумент, які тычыцца толькі органаў дзяржаўнага кіравання, і яе трэба ўспрымаць у выглядзе нейкага дэкларатыўнага матэрыялу. На самай жа справе яна павінна быць працуючай, і працуючай для эканомікі.
Гэта дастаткова цяжка зрабіць. Аб гэтым сведчыць вопыт краін СНД і іншых краін постсавецкай прасторы, якія даўно пайшлі па шляху стварэння Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, але не змаглі прымусіць гэтую рамку працаваць. Каб не сутыкнуцца з тымі ж цяжкасцямі, якія былі ўласцівы гэтым краінам, мы загадзя павінны стварыць план дзеянняў, які б дазволіў гэтай рамцы запрацаваць як можна хутчэй. У гэтым неабходна цеснае супрацоўніцтва з іншымі міністэрствамі і ведамствамі.

— Калі плануецца зрабіць першыя крокі па рэалізацыі абноўленай НСК?
— Калі ўрадам будзе прынята станоўчае рашэнне, то патрэбна будзе пачынаць з унясення змяненняў у заканадаўства, непасрэдна ў Працоўны кодэкс, і стварэння адпаведнай нарматыўнай прававой базы, звязанай з мадэрнізацыяй Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Калі Працоўны кодэкс будзе замацоўваць асноўнае паняцце прафесійных стандартаў, то ў адпаведнай нарматыўнай базе неабходна будзе замацаваць канкрэтныя дзеянні. Асновай для прыняцця нарматыўных актаў па пытаннях распрацоўкі прафесійных стандартаў стане макет прафесійнага стандарту, методыка стварэння якога была распрацавана НДІ працы. Для ўдасканалення НСК будуць распрацоўвацца механізмы і інструменты для прагназавання патрэбнасцей эканомікі ў новых кваліфікацыях. Безумоўна, гэта будзе полем для ўзаемадзеяння розных міністэрстваў — эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі — і іншых зацікаўленых арганізацый для таго, каб наша эканоміка атрымала неабходныя кадры.
Што тычыцца супрацоўніцтва з сістэмай адукацыі, з навуковай сферай, то трэба прызнаць, што яно для нас вельмі плённае і цалкам апраўданае, таму што пасля стварэння прафесійных стандартаў, пасля вызначэння таго, якія патрабаванні закладваюць у іх наймальнікі, наступным этапам будзе распрацоўка адукацыйных стандартаў, адпаведных вучэбных праграм. Мы цесна працуем з РІПА, РІВШ, асабліва па пытанні, як будуць увязвацца кваліфікацыі з пункту погляду інтарэсаў рынку працы і той часткі рамкі кваліфікацый, якая звязана непасрэдна з самімі кваліфікацыямі, з іх узроўнямі. Калі гаварыць пра іншыя складнікі, то адукацыйныя стандарты, якія будуць уваходзіць у новую НСК, павінны будуць распрацоўвацца з улікам патрабаванняў прафесійных стандартаў.
У мадэрнізацыі Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый хачу падкрэсліць важнасць сацыяльных партнёраў. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі і іншых краінах менавіта аб’яднанні і асацыяцыі работадаўцаў з’яўляюцца драйверамі, якія зацікаўлены ва ўкараненні новай мадэлі НСК. Мы таксама іх маем. Напрыклад, Парк высокіх тэхналогій аб’ядноўвае праграмістаў нашай краіны, і для іх вельмі важным з’яўляецца забеспячэнне міжнароднай супастаўнасці кваліфікацый праграмістаў, для таго каб праекты, якія яны выконваюць у ІТ-сферы, былі празрыстымі і зразумелымі для іх заказчыкаў, у тым ліку і замежных. Якраз Нацыянальная рамка кваліфікацый у тым ліку прызвана забяспечыць такую міжнародную супастаўнасць.

— Калі плануецца апрабаваць элементы НСК у іншых галінах эканомікі?
— Наша методыка ў рамках іншых, у тым ліку міжнародных, праектаў будзе апрабавацца і для іншых галін — энергетыкі, машынабудавання, будаўніцтва. Відавочна, што гэтыя галіны актыўна развіваюцца, маюць шмат міжнародных кантактаў, таму ўзровень кваліфікацыі работнікаў тут вельмі важны і павінен быць празрыстым для наймальнікаў у іншых краінах. У гэтых галінах і будуць стварацца сектаральныя саветы. У гэтым кірунку кансультатыўную падтрымку будзе аказваць Еўрапейскі фонд адукацыі. Апрабацыя новых элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый у двух пілотных сектарах эканомікі — гэта зусім мала. Нам удалося толькі дакрануцца да гэтых новых элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і толькі крыху падступіцца да гэтай работы праз наш інавацыйны праект. Ён, безумоўна, вельмі цікавы, грунтоўны, і мы зрабілі пасля яго рэалізацыі шмат важных высноў, нават прадстаўлялі яго вынікі на міжнародных канферэнцыях, у тым ліку ў Грузіі, дзе прадстаўнікі Еўрапейскага саюза, краін Садружнасці абменьваліся вопытам па прымяненні Нацыянальнай рамкі кваліфікацый і ўвогуле Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Нашы напрацоўкі былі ўспрыняты з цікавасцю. У параўнанні з іншымі краінамі мы сёння знаходзімся на пачатковым этапе ўдасканалення НСК у адпаведнасці з еўрапейскімі трэндамі. Але мы ідзём па эвалюцыйным шляху хуткімі тэмпамі. Характэрна тое, што нам не трэба нічога кардынальна мяняць, а трэба акуратна аднесціся да той НСК, якая сёння дзейнічае, узяць усё самае карыснае і мадэрнізаваць толькі тое, што мае ў гэтым патрэбу. Мы будзем ісці паступова, прадумваючы і папярэдне адпрацоўваючы кожны крок. Прапановы па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый будуць унесены ва ўстаноўленым парадку ва ўрад у канцы 2015 года.

Міністр адукацыі М.А.Жураўкоў каменціруе дзейнасць Міністэрства адукацыі па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і непасрэдна перагляду Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”.

— Нацыянальная сістэма кваліфікацый — гэта шматмерны механізм, які ўключае шэраг класіфікатараў (рынку працы, адукацыі і г.д.), прафесійныя і адукацыйныя стандарты, саму нацыянальную рамку кваліфікацый, галіновыя кваліфікацыйныя саветы і органы па сертыфікацыі кваліфікацый. Нацыянальная (галіновая) рамка кваліфікацый з’яўляецца інструментам спалучэння сферы працы і сферы адукацыі і ўяўляе сабой абагульненае апісанне кваліфікацыйных узроўняў.
Распрацоўка нацыянальнай рамкі кваліфікацый з’яўляецца неад’емным элементам інструментарыю еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і адным з важных кампанентаў дарожнай карты рэформы вышэйшай школы Беларусі.mixail zyraukov
Як вядома, папярэдне былі распрацаваны пілотныя праекты па распрацоўцы галіновых сістэм кваліфікацый для IT-галіны і сферы кіравання, якія дазволяць прымяніць напрацаваныя механізмы і метадалогію пры пабудове ўсёй Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый нашай краіны.
Міністэрства адукацыі актыўна ўдзельнічае ў працэсе пабудовы НСК і засяроджвае сваю работу на распрацоўцы і ўвядзенні ў заканадаўства, якое тычыцца адукацыйнай сферы, элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якія сёння з’яўляюцца неад’емнымі кампанентамі сістэмы адукацыі або стануць імі пасля завяршэння ўсёй неабходнай работы.
Сёння ў Кодэкс аб адукацыі мы ўносім змяненні, якія прадугледжваюць змены назвы ступеняў вышэйшай адукацыі і іх суаднясенне з найменнямі і зместам падрыхтоўкі на ўзроўнях Еўрапейскай рамкі кваліфікацый і адпаведных нацыянальных сістэм кваліфікацый еўрапейскага рэгіёна. Заканадаўча замацоўваем арыентацыю адукацыйных стандартаў на прафесійна-кваліфікацыйныя стандарты, якія вызначаюць прафесійныя патрабаванні да спецыялістаў, занятых у галінах эканомікі і сацыяльнай сферы. Акрамя гэтага, мы пераглядаем Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” ў мэтах прывядзення нацыянальнай прафесійна-кваліфікацыйнай структуры ў адпаведнасць з агульнаеўрапейскімі падыходамі. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца канцэпцыя перапраектавання ўсіх адукацыйных стандартаў з арыентацыяй на новы Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, кампетэнтнасны падыход і апісанне вынікаў навучання.
Лічым, што наша работа дазволіць сфарміраваць умовы для апераджальнага развіцця ўсёй прафесійна арыентаванай адукацыі і яе станоўчага ўплыву на працэс устойлівага інавацыйнага развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы краіны.
Што тычыцца непасрэдна перагляду Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, які з’яўляецца асноўным дакументам для ўсёй нацыянальнай прафесійна-кваліфікацыйнай сістэмы нашай краіны, то гэтай работай займаецца Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы.
Сёння праектаванне новага класіфікатара спецыяльнасцей ажыццяўляецца РІВШ на падставе наступных канцэптуальных падыходаў, якія былі разгледжаны і адобраны рэктарскім корпусам на адным з пасяджэнняў Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі ў кастрычніку 2014 года. Так, асноўнымі элементамі класіфікацыі будуць толькі спецыяльнасці і кваліфікацыі (ад больш дробных элементаў адмаўляемся і пакідаем толькі ўзбуйненыя спецыяльнасці, а шырокія кваліфікацыі забяспечаць варыятыўнасць выбару выпускнікамі рабочых месцаў). Спецыяльнасці будуць размеркаваны па ўзроўнях у адпаведнасці з узроўнямі Еўрапейскай рамкі кваліфікацый і Між-народнай стандартнай класіфікацыі адукацыі (МСКА-2011). Напрыклад, спецыяльнасці І ступені вышэйшай адукацыі будуць аднесены да 6 узроўню, а магістратуры — да 7 узроўню. Спецыяльнасці таксама будуць размеркаваны па профілях адукацыі згодна з патрабаваннямі Міжнароднай стандартнай класіфікацыі адукацыі да прадметных галін і суаднесены з канкрэтнымі відамі эканамічнай дзейнасці, прадстаўленымі ў адпаведным класіфікатары Рэспублікі Беларусь. Будзе забяспечана пераемнасць адукацыі на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі праз рэалізацыю прынцыпу скразных спецыяльнасцей, што забяспечыць магчымасць навучэнцам выбудоўваць разнастайныя адукацыйныя маршруты. Установам вышэйшай адукацыі будуць прадастаўлены акадэмічныя правы на вызначэнне профілю адукацыйнай праграмы па кожнай узбуйненай спецыяльнасці, што дазволіць кожнай УВА самастойна фарміраваць ад 50% (па спецыяльнасцях I ступенi) да 70% (па спецыяльнасцях магістратуры) зместу падрыхтоўкі без узгаднення з Міністэрствам адукацыі. Гэта азначае, што ўстановам вышэйшай адукацыі будзе прадастаўлена свабода самастойнага вызначэння значнай часткі адукацыйнага працэсу, што дазволіць ім фарміраваць самастойныя і ўнікальныя для кожнага ўніверсітэта праграмы навучання.
Адзначу, што ўся дзейнасць па праектаванні новага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” будуецца на прынцыпах шырокага абмеркавання і з улікам усіх меркаванняў. На працягу гэтага года прайшло больш за 30 семінараў і круглых сталоў з удзелам усіх устаноў адукацыі і зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання па абмеркаванні і выпрацоўцы ўзгодненых падыходаў па новай класіфікацыі адукацыі.

ДАВЕДКА

1. Нацыянальная сістэма кваліфікацый
У дзейнасць па распрацоўцы Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь уключаны шэраг рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання (Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі, Міністэрства адукацыі і г.д.), навукова-даследчых інстытутаў і ўстаноў вышэйшай адукацыі, міжнародных экспертаў Еўрапейскага фонду адукацыі і іншых міжнародных арганізацый, прадстаўнікі аб’яднанняў работадаўцаў і інш.

2. Перагляд Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”
Перагляд Агульнадзяржаўнага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” быў запланаваны яшчэ да афіцыйнага далучэння Рэспублікі Беларусь да еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў маі 2015 года. Неабходнасць такога перагляду была прадыктавана шэрагам прычын, сярод якіх грувасткасць нацыянальнай сістэмы спецыяльнасцей і кваліфікацый і залішняя дробнасць кваліфікацыйных адзінак — гэта значыць спецыялізацый (колькасць варыянтаў падрыхтоўкі ва УВА з улікам спецыяльнасцей, напрамкаў спецыяльнасцей і кампанента УВА сёння складае больш за 1,6 тысячы). Акрамя таго, існуе адарванасць многіх спецыяльнасцей і кваліфікацый ад рэальных патрэб галін эканомікі і сацыяльнай сферы краіны (многія спецыяльнасці не працуюць на тыя віды эканамічнай дзейнасці, якія прадстаўлены ў Рэспубліцы Беларусь, або ў найбліжэйшай перспектыве стануць важнымі для ўстойлівага развіцця нашай дзяржавы). Таксама прысутнічае экстэнсіўнае рэагаванне сістэмы адукацыі на актуальныя запыты рынку працы і грамадства па ўвядзенні новых, востра запатрабаваных спецыяльнасцей (забюракратызаваная і складаная працэдура адкрыцця новай спецыяльнасці, пачатак навучання па ёй складае каля двух гадоў, што не дазваляе ўстановам адукацыі аператыўна рэагаваць на актуальныя запыты). Акрамя таго, уласціва дубліраванне зместу падрыхтоўкі па шэрагу спецыяльнасцей з розным найменнем і адсутнасцю рэальнага попыту на нацыянальным рынку працы на спецыялістаў з даўніверсітэцкім узроўнем падрыхтоўкі па спецыяльнасцях, аднайменных са спецыяльнасцямi вышэйшай адукацыі (рэальны попыт на спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па спецыяльнасцях, звязаных з эканамічнай або юрыдычнай адукацыяй практычна робіць незапатрабаванымі выпускнікоў па такіх жа спецыяльнасцях даўніверсітэцкіх устаноў адукацыі). Характэрна таксама незразумеласць найменняў і зместу падрыхтоўкі па шэрагу спецыяльнасцей для замежных абітурыентаў, а таксама міжнародных структур, якія ажыццяўляюць збор і апрацоўку статыстыкі ў сферы адукацыі (адарванасць ад міжнародных падыходаў у арыентацыі спецыяльнасцей на ўзроўні Еўрапейскай рамкі кваліфікацый і прадметныя галіны Міжнароднай стандартнай класіфікацыі адукацыі), і, зразумела, на перагляд класіфікатара паўплываў працэс укаранення ў нацыянальную сістэму адукацыі інструментаў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА