Інстытут міжнародных наглядальнікаў не павінен выкарыстоўвацца для націску

- 13:45Выбары 2015

Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на канферэнцыі АБСЕ ў Вене заявіла, што інстытут міжнародных наглядальнікаў не павінен выкарыстоўвацца для націску на дзяржавы, якія праводзяць незалежную палітыку. Аб гэтым паведамілі ў Пастаяннай дэлегацыі Беларусі ў АБСЕ.

“Інстытут міжнародных наглядальнікаў за выбарамі не павінен выкарыстоўвацца для націску на дзяржавы, якія праводзяць незалежную палітыку, пры ўмове выканання абавязацельстваў, накіраваных на захаванне міру і бяспекі. Наглядальнікам пры ацэнцы выбараў трэба ўлічваць нацыянальнае заканадаўства”, – цытуе Пастаянная дэлегацыя выступленне Лідзіі Ярмошынай.
На канферэнцыі АБСЕ ў Вене Лідзія Ярмошына ўдзельнічала ў абмеркаванні пытанняў, звязаных з удасканаленнем выбарчага заканадаўства і практыкі падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Кіраўніцтва арганізацыі лічыць, што ўдзел прадстаўнікоў беларускага Цэнтрвыбаркама неабходны для паўнацэннага абмеркавання тэм, звязаных з выбарчым працэсам, якія сёння актуальныя для краін Еўропы.