Інтэлектуальны марафон для вучнёўскай эліты

- 15:03Адукацыйная прастора, Рознае

У панядзелак у краіне стартуе чацвёрты этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, у якім возьмуць удзел школьнікі з усіх рэгіёнаў рэспублікі, Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. Па заяўках ад сталіцы і рэгіёнаў — гэта 1511 чалавек.

Акрамя таго, у рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтвах прымуць удзел і госці з іншых краін. У алімпіядах па рускай мове і літаратуры, фізіцы, матэматыцы будуць удзельнічаць маскоўскія школьнікі; у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры возьмуць удзел каманды Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны (Літва) і II агульнаадукацыйнага ліцэя імя Б.Тарашкевіча горада Бельск-Падляскі (Польшча).
Традыцыйна рэспубліканская алімпіяда праводзіцца па шаснаццаці агульнаадукацыйных прадметах: матэматыцы, фізіцы, астраноміі, хіміі, біялогіі, інфарматыцы, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай), беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, працоўным навучанні. У склад абласных каманд увайшлі лепшыя юныя інтэлектуалы рэгіёна, якія былі выяўлены падчас абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды.
У перыяд з 24 па 29 сакавіка будзе праходзіць алімпіяда па геаграфіі, па астатніх вучэбных прадметах — з 24 па 28 сакавіка. Навучэнцы Ліцэя БДУ выступяць асобнымі камандамі па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Астраномія”, “Інфарматыка”, “Хімія”, “Біялогія”, “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”.

У Брэсцэ пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па рускай мове і літаратуры, у Гродне — па беларускай мове і літаратуры. Мінск прыме лепшых знаўцаў у галіне геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўства, а Полацк Віцебскай вобласці — юных “англічан”, “немцаў”, “французаў” і “іспанцаў”. У Магілёве збяруцца лепшыя матэматыкі, фізікі і астраномы, у Гомелі — біёлагі і хімікі. У Барысаў Мінскай вобласці прыедуць інфарматыкі, а ў Жодзіне Мінскай вобласці пакажуць сябе самыя рукастыя. Тут пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні.
Як вядома, прадметныя алімпіяды праходзяць у некалькі тураў. Алімпіяды па інфарматыцы, замежных мовах, працоўным навучанні, рускай і беларускай мовах і літарататуры праводзяцца ў тры туры, па астатніх — у два. Каб удзельнікі алімпіяды маглі адпачываць ад разумовага напружання, арганізатары ў кожным рэгіёне паклапаціліся пра насычаную культурную праграму. Удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды будзе прапанавана наведванне гістарычных і памятных месцаў, тэатраў, музеяў, арганізаваны экскурсіі, вечары сустрэч і адпачынку. Акрамя таго, у межах правядзення заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды плануецца правядзенне сумесных мерапрыемстваў з педагагічнай грамадскасцю, выхаванцамі навучальных устаноў адпаведных населеных пунктаў.

Штогод рэспубліканская алімпіяда па агульнадукацыйных прадметах праводзіцца сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мерапрыемства накіравана на павышэнне цікавасці дзяцей да прадметаў, якія вывучаюцца, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне практычных ведаў і ўменняў. Акрамя таго, яно садзейнічае самарэалізацыі асобы.
У канцы наступнага тыдня пройдзе ўрачыстае закрыццё рэспубліканскай алімпіяды, калі члены журы абвесцяць пераможцаў, якія атрымаюць заслужаныя дыпломы, а самыя паспяховыя — яшчэ і пуцёкі на ўдзел у міжнароднай алімпіядзе.
Больш падрабязна аб ходзе і асаблівасцях рэспубліканскай алімпіяды бягучага года чытайце ў найбліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.