Інтэрактыўныя ўрокі ад МНС

- 10:40Дашкольная адукацыя

Задача дарослых — не толькі аберагаць і абараняць дзіця, але і рыхтаваць яго да сустрэчы з рознымі складанымі, часам небяспечнымі жыццёвымі сітуацыямі. Рабіць гэта лепш за ўсё ў працэсе арганізаванага навучання. Вопытам эфектыўнага супрацоўніцтва МНС з установамі дашкольнай адукацыі падзяліліся намеснік начальніка НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый Алена Дзмітрук і загадчыца ясляў-сада № 128 Мінска Алена Корзун.

Работнікі МНС і педагогі традыцыйна праводзяць сумесныя тэматычныя мерапрыемствы, акцыі, гульні-заняткі з удзелам казачных персанажаў, конкурсы і г.д. Развіваюцца і новыя формы сумеснай работы. Так, ініцыятыву МНС аб стварэнні тэматычных тэатральных пастановак для дзяцей па бяспецы жыццядзейнасці падтрымалі абласныя тэатры лялек. Спектаклі сёння з поспехам ідуць ва ўстановах дашкольнай адукацыі, дзіцячых дамах. Вядомы праект “Рэспубліканскі фестываль “Бяспечнае дзяцінства” даў штуршок развіццю сучаснага гульнявога асяроддзя, стварэнню куткоў і пакояў бяспекі, рэсурсных цэнтраў для навучання дзяцей навыкам паводзін у надзвычайных сітуацыях. У 2019 годзе інавацыйны пакой бяспекі з’явіўся ў ДЦРД “Лясная казка” Лагойска. Сцены памяшкання ў ім дэкарыраваны пад тыпавую кватэру, у якой вылучаны “небяспечныя” зоны: камін, аптэчка, аўтаномны пажарны апавяшчальнік, акно, дзверы, рукамыйніца, электраабсталяванне, газавая пліта, гарачыя прадметы на кухні. Наводзячы планшэт на гэтыя зоны, дзеці пры дапамозе тэхналогіі дапоўненай рэальнасці вучацца правільна дзейнічаць у пэўнай сітуацыі. 

У Астраўцы ратавальнікі і педагогі стварылі рэсурсны цэнтр бяспекі для дашкалят, які адкрыўся летась. Цэнтр размясціўся ў трохпавярховым будынку ясляў-сада і складаецца з дзесяці тэматычных пакояў. На першым паверсе знаходзяцца экспазіцыі, забаўляльная зона, дзіцячае кафэ, вучэбна-трэніровачная база, тэлефонныя кабінкі для адпрацоўкі навыкаў выкліку ратавальнікаў і зона навучання правілам дарожнага руху. На другім — пакой, у якім штучна ствараецца задымленне і дзецям неабходна знайсці з яго выхад. На трэцім паверсе размяшчаецца медыцынскі блок, абсталяваны трэнажорам сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, дзе дарослыя адпрацоўваюць навыкі аказання першай дапамогі, а дзеці праз гульню асвойваюць асновы медыцыны. Тут таксама размешчаны дзіцячы кінатэатр для пастаноўкі спектакляў і прагляду фільмаў. Падчас заняткаў педагогі карыстаюцца аўтарскімі распрацоўкамі. 

МНС ладзіць інфармацыйна-прапагандысцкія кампаніі. Мерапрыемствы па прафілактыцы дзіцячага траўматызму праводзяцца ў месцах, дзе бацькі і дзеці часцей за ўсё бываюць разам: гандлёва-забаўляльныя цэнтры, навучальныя ўстановы, а таксама ва ўстановах аховы здароўя (кабінетах здаровага дзіцяці, школах мацярынства). Так, у межах кампаніі “Не пакідайце дзяцей адных!” бацькі атрымліваюць віншаванні з нараджэннем малога і адпаведны інструктаж ад работнікаў МНС. Аб неабходнасці вучыць дзяцей правілам бяспечных паводзін у бягучым годзе нагадаў анлайн-конкурс “Сям’я бяспекі”. Праходзяць анлайн-заняткі па АБЖ для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, рассылаецца “бяспечная карэспандэнцыя” (лісты, пасылкі з наглядна-выяўленчай прадукцыяй). Для анлайн-конкурсу “Я ў ратавальнікі б пайшоў, хай мяне навучаць” маленькія ўдзельнікі разам з бацькамі выраблялі сваімі рукамі касцюм і тэхніку ратавальнікаў. МНС выпускае кніжную прадукцыю для дзяцей, плакаты, размалёўкі, дыскі з аўдыяказкамі, мультфільмы, вучэбныя фільмы. Вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльнай рэкламе. Для гэтага выкарыстоўваюцца электронныя інфармацыйныя рэсурсы, сацыяльныя сеткі і месенджары. Супрацоўнікамі МНС распрацаваны і размешчаны ва ўкладцы “Энцыклапедыя” мабільнага дадатку “МНС Беларусі: дапамога побач” спецыяльны раздзел “Парады маладым мамам” з тэматычным блокам “Бяспека ў кватэры. 3D-карта”. На сайце МНС можна знайсці мультымедыйныя матэрыялы для бацькоў і педагогаў. 

МНС развівае адукацыйныя цэнтры бяспекі, навучанне ў якіх пабудавана на прынцыпах забаўляльнай гульні метадам пагружэння ў асяроддзе, якое імітуе надзвычайную сітуацыю, з выкарыстаннем ІТ і трэнажораў. Такія цэнтры створаны на базе ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС у Гомелі, у Лідзе, Століне, Віцебску, Магілёве, Барысаве, Барані. У іх ужо прайшлі навучанне больш за 45 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 38 тысяч дзяцей. Сёлета адкрыўся інавацыйны адукацыйны цэнтр у Мінску на вуліцы Алешава. З 2015 года МНС працуе па стварэнні іміджавых аб’ектаў на базе дзіцячых гульнявых пакояў гандлёва-забаўляльных цэнтраў, дзіцячых вулічных пляцовак і пакояў у розных арганізацыях (у краіне створана больш за 300 такіх аб’ектаў). Шмат гульнявых пляцовак размешчана на тэрыторыі ўстаноў дашкольнай адукацыі. Станоўчыя вынікі ад сумеснай работы прадстаўнікоў МНС, педагогаў і іншых зацікаўленых асоб ужо ёсць. З 2010 года назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння колькасці пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём і выпадкаў гібелі дзяцей ад іх, а таксама агульнай колькасці дзяцей, якія загінулі і траўміраваны на пажарах.

З 1 верасня ў яслях-садзе № 128 Мінска пачаў працаваць рэсурсны цэнтр “Планета бяспекі дзіцяці” для ўстаноў дашкольнай адукацыі Маскоўскага раёна. На сайце ўстановы можна знайсці інфармацыйна-наглядныя і відэаматэрыялы, якія прадастаўляюць НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС, Мінскае гарадское ўпраўленне МНС, РАНС Маскоўскага раёна сталіцы і іншыя арганізацыі. Як расказала загадчыца ўстановы Алена Корзун, у дзіцячым садзе створаны тэматычныя гульнявыя модулі і пляцоўкі, музей гісторыі пажарнай справы, сабраны банк метадычных матэрыялаў, медыятэка і г.д. 

На гульнявой пляцоўцы “Бяспечны шлях дадому” прадстаўлены макет мікрараёна Міхалова ў Мінску. Пры дапамозе карцінак “смайл-увага” выхаванцы пазначаюць небяспечныя месцы на шляху ад дома да дзіцячага сада. Тут ёсць праспект Бяспекі, зроблены як гульнявая мадэль вуліцы для вывучэння правіл дарожнага руху, паводзін у грамадскім транспарце, на прыпынку, для вывучэння знакаў пажарнай бяспекі і інвентару для тушэння пажару, арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў. На тэматычнай пляцоўцы “Спецаўтатранспарт” дзеці могуць папрактыкавацца ў наборы нумароў экстранных службаў, паўдзельнічаць у гульні-квесце. Створаны музей гісторыі пажарнай справы, дзе прадстаўнікі МНС, педагогі, бацькі выхаванцаў выступаюць у ролі экскурсаводаў, а прапанаваны матэрыял дазваляе змадэляваць гульнявыя сітуацыі, у тым ліку з выкарыстаннем ІКТ. У музеі прадстаўлены цікавы праект “Ілюзія бяспекі”. Тут размешчаны прадметы побыту вялікіх памераў (газавая пліта, акно, мэбля, посуд, сталовыя прыборы і г.д.). Гэта зроблена для таго, каб дарослыя маглі паглядзець на навакольнае асяроддзе вачыма дзяцей і зразумець, як важна ім самім не дапусціць памылковых паводзін. Тут жа знаходзіцца дапаможнік “Торт бяспекі”, з якога дзеці змогуць даведацца аб правілах паводзін. Уся інфармацыя аб музеі даступна праз QR-код. 

На гульнявой пляцоўцы “Джунглі” размешчаны комплекс гульняў для выхаванцаў. Трымаючы ў руках персанальны даведнік (гадзіннік па відах спорту), малыя адпраўляюцца ў “джунглі”, выконваючы пэўныя заданні і паўтараючы правілы бяспекі падчас заняткаў фізкультурай і ў прыродзе. Распрацаваны адукацыйны маршрут для правядзення гульнявых заняткаў з выкарыстаннем паветрана-пузырковай панэлі па кірунках: бяспека дзяцей на вадзе, пры зносінах з чужымі людзьмі, у сітуацыі, калі дзіця застаецца адно дома (па тэхналогіі АТММ (агульная тэорыя моцнага мыслення) — ТРВЗ (тэорыя развіцця крытычнага мыслення) — РТУ (развіццё творчага ўяўлення). Створаны вучэбны пакой “Адзін дома”, стэнд “Навальніца”, гульнявая пляцоўка, прысвечаная небяспечным сітуацыям у прыродзе. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі літаратурнай пляцоўкі займае альбом “Героям выратавання прысвячаецца”, дзе ў тым ліку гаворыцца пра подзвіг бацькі аднаго з выхаванцаў сада, які выратаваў жыццё таварыша. Складзены зборнік аўтарскіх казак пра бяспеку, якія трансліруюцца з выкарыстаннем метаду пясочнай анімацыі, арганізаваны выпуск часопіса, сабрана калекцыя відэаролікаў. 

Прадстаўнікі МНС праводзяць заняткі для бацькоў і педагогаў сада. Падчас такіх сустрэч, напрыклад, былі распрацаваны алгарытмы выкліку службы ратавання 112, даступныя дзецям, — у выглядзе малюнкаў і аўдыязапісаў. Ладзяцца тэматычныя тыдні, музычныя забавы, прафілактычныя акцыі, конкурсы. Падчас гарадскога агляду-конкурсу на лепшае тэматычнае афармленне дзіцячых касцюмаў ратавальнікаў у 2019 годзе ўстанова заняла 1-е месца. Работа калектыву адзначана гран-пры гарадскога фестывалю па АБЖ сярод устаноў дашкольнай адукацыі “Бяспечнае дзяцінства” ў 2017, 2018 і 2020 гадах і 1-м месцам у гэтым годзе. У 2018 годзе педагогі ясляў-сада № 128 Мінска атрымалі грант Мінгарвыканкама за інавацыйны адукацыйны праект “Стварэнне рэсурснага цэнтра “Планета бяспекі дзіцяці” як умова фарміравання АБЖ дзяцей дашкольнага ўзросту”.  

Надзея ЦЕРАХАВА.