Інвестыцыі для лепшых сацыяльных праектаў

- 11:47Спецыяльная адукацыя

Падведзены вынікі VI Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. У ім прымала ўдзел больш за 600 праектаў. Да фіналу дайшлі 15 самых актуальных і перспектыўных. Лепшым прызнаны праект “Каманда “Крылы анёлаў” па стварэнні першых у Беларусі інклюзіўных спартыўных каманд. Праект атрымаў гран-пры і 30 мільёнаў рублёў. Яго аўтар — Дзмітрый Цімашкоў — тата дзяўчынкі з цяжкай інваліднасцю. На другім месцы — праект “Інклюзія анлайн”, распрацаваны МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі”. Ён атрымаў прыз глядацкіх сімпатый і 50 мільёнаў рублёў.

“Крылы анёлаў” 

Social Weekend — найбуйнейшы конкурс праектаў, сацыяльна значных для Беларусі. Удзельнічаць у ім можа любы жадаючы — дастаткова падаць заяўку. Толькі ідэя павінна быць сацыяльна значнай, карыснай для грамадства, прызначанай зрабіць навакольны свет лепшым. Сёлета ў рамках конурсу інвесціравана больш за мільярд беларускіх рублёў. Найбольш абгрунтаваныя праекты, падрыхтаваныя прадпрымальнай камандай, якая вызначыла канкрэтныя крокі па іх рэалізацыі, новыя падыходы да вырашэння праблем у духу ідэй сацыяльнага прадпрымальніцтва, перамагаюць на конкурсе і падтрымліваюцца партнёрамі.
Праект “Каманда “Крылы анёлаў” рэалізоўваецца членамі клуба бацькоўскай ініцыятывы “Садзея” і падразумявае стварэнне і пастаянную падтрымку спартыўнай каманды, якая складаецца як з фізічна здаровых людзей, так і з дзяцей-інвалідаў. Удзел такіх дзяцей у спартыўных спаборніцтвах стаў магчымым дзякуючы спецыяльным гоначным прыстасаванням — каляскам, велапрычэпам, лодкам і г.д. Плануецца, што людзі з асаблівасцямі інтэлектуальнага і фізічнага развіцця сумесна са звычайнымі здаровымі людзьмі будуць прымаць удзел і ў актыўным адпачынку, і ў спартыўна-масавых мерапрыемствах — марафонах, велапрабежках, сплавах, трыятлоне і іншых.
“Мы вельмі хочам, каб дзеці з інваліднасцю і іх бацькі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, у любых актыўных відах дзейнасці побач з усімі людзьмі. Уяўляеце, наколькі гэта ўздымае іх настрой, паляпшае самаадчуванне, — разважае Дзмітрый Цімашкоў. — Ім патрэбны не толькі жаль і спагада, а перш за ўсё пазітыўныя эмоцыі, паспяховае ўзаемадзеянне”.
Ідэя аб стварэнні каманды з’явілася ў аўтара праекта пасля таго, як ён сам прабег у 2015 годзе 21 км Мінскага паўмарафону, штурхаючы перад сабой каляску з васьмігадовай дачкой Ліліяй. Ідэя вельмі хутка знайшла водгук у сэрцах іншых людзей. І сёння такая каманда ўжо трэніруецца, рыхтуецца да ўдзелу ў Мінскім паўмарафоне-2016. Дзяцей у гэтай камандзе можна назваць анёламі, ну а дарослых, што заўсёды побач з імі, — іх крыламі.
Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што ў Беларусі з’явілася, па сутнасці, першая інклюзіўная спартыўная каманда.

“Інклюзія анлайн”

“Мы хацелі б, каб вучні з аўтызмам маглі прыйсці ў школу па месцы жыхарства і гэта не было шокам — ні для яго, ні для астатніх вучняў, ні для настаўнікаў, — разважае кіраўнік праекта “Інклюзія анлайн” Ірына Дзяргач. — У мінскіх агульнаадукацыйных школах адкрываюцца класы для дзяцей з аўтызмам, якія працуюць па прынятай у свеце інклюзіўнай мадэлі. У верасні бягучага года дзяцей з аўтызмам сярэдняга школьнага ўзросту прыняла мінская школа № 187. Але за межамі кальцавой дарогі ўсё інакш: у невялікіх гарадах бацькі такіх дзяцей вымушаны згаджацца на іх навучанне дома, бо мясцовыя педагогі і псіхолагі не валодаюць неабходнымі ведамі для таго, каб паспяхова працаваць з такімі вучнямі. Рэгіянальных спецыялістаў трэба многаму вучыць. І пажадана ў зручны для іх час. Сутнасць нашай ідэі —у стварэнні сістэмы бясплатнага дыстанцыйнага навучання педагогаў, дэфектолагаў, псіхолагаў, цьютараў, а таксама бацькоў дзяцей з аўтызмам. У нашых планах правесці серыю з 14 вэбінараў на рускай мове, відэазапісы якіх будуць даступнымі ў інтэрнэце”.
Гэты праект арыентаваны не толькі на спецыялістаў, якія працуюць з вучнямі з аўтызмам. Сістэма альтэрнатыўнай камунікацыі PECS і методыкі паводзінскага аналізу эфектыўныя пры карэкцыі іншых парушэнняў: маўленчых, праблем з паводзінамі. Прадугледжаны і бонус для ўсіх навучэнцаў курсаў: у сярэдзіне снежня МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” прэзентуе праграмны прадукт “Камунікатар для дзяцей і дарослых з аўтызмам”. На сваіх вэбінарах спецыялісты і бацькі навучацца максімальна выкарыстоўваць яго магчымасці.

Арэлі для людзей з абмежаваннямі

Сярод праектаў конкурсу, якія выйшлі ў фінал, ёсць і праект беларускіх інжынераў-канструктараў на чале з Аляксандрам Урублеўскім “Арэлі для людзей з абмежаваннямі мабільнасці”, які атрымаў 5 мільёнаў рублёў. Яго аўтары акрэслілі праблему адсутнасці парка атракцыёнаў для людзей з абмежаваннямі ў руху (асабліва дзяцей). Вядома, усе дзеці любяць арэлі. Але, на жаль, існуючыя іх мадэлі даступны не для кожнага дзіцяці. У арэлях, прапанаваных іх стваральнікамі, улічаны і выпраўлены недахопы мадэлей, якія ўжо ёсць, яны распрацаваны спецыяльна для інвалідаў-калясачнікаў. Надзвычай важна, каб быў забяспечаны безбар’ерны доступ да арэляў, магчымасць пад’езду і заезду на іх без дапамогі іншых і ўмовы для самастойнага кіравання імі ў працэсе качання. Пакуль распрацавана 3D-мадэль арэляў, разлічана велічыня нагрузкі на яе. У найбліжэйшы час аўтары плануюць увасобіць сваю ідэю ў жыццё.
У паўфінал конкурсу таксама выйшла некалькі праектаў, прысвечаных людзям з АПФР і іх сацыялізацыі ў грамадстве. Адзін з іх — “Адаптацыя сайта тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста для слабавідушчых і сляпых грамадзян”. Аўтар ідэі дырэктар цэнтра Таццяна Кажанава плануе стварэнне дубліраванай версіі ўжо існуючага сайта(www.soc.by), якая будзе цалкам адаптавана для людзей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку. Партнёры праекта — грамадская арганізацыя інвалідаў па зроку, ГА “Інвалід і асяроддзе”, адміністрацыя Ленінскага раёна Брэста і іншыя. Агучаная ідэя з’яўляецца інавацыйнай, бо на гэты момант у нашай краіне няма сайтаў для асоб з поўнай стратай зроку, а калі і ёсць, то адзінкавыя, мінімальна адаптаваныя да патрэб карыстальнікаў. Стварэнне такой версіі сайта не толькі дазволіць рэкламаваць паслугі цэнтра ў віртуальнай прасторы, але і дапаможа даведацца аб сацыяльных паслугах іншых арганізацый: адміністрацыі, паліклінікі, цырульні. Тэхнічную падтрымку пры рэалізацыі праекта будзе аказваць адміністратар сайта.
Наступны праект-паўфіналіст — “Адпачынак без перашкод” ГА “Агеньчык надзеі” Смаргонскай пярвічнай арганізацыі БелАДДІіМІ. Вось ужо 7 гадоў яе супрацоўнікі арганізоўваюць міжрэгіянальны спартыўны злёт “Усе перашкоды пераадольныя”, у якім прымаюць удзел і дзеці з фізічнымі абмежаваннямі. Апошнія гады злёт праходзіць на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Арляня”. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу на вызначэнне лепшага аздараўленчага лагера ў 2013 і 2014 годзе лагер “Арляня” станавіўся пераможцам. Але не абыходзіцца і без праблем. Заезд дзяцей-калясачнікаў на тэрыторыю лагера, у прыватнасці харчаблока, дзе размяшчаюцца сталовая, актавая зала, тэраса, выклікае цяжкасці, як і наведванне санвузла, медпункта, таму што ў лагеры адсутнічаюць пандусы і спецыяльныя прыстасаванні. Гэтае пытанне патрабуе неадкладнага вырашэння.
Конкурс працягнецца і ў наступным годзе. Прыём заявак ад аўтараў праектаў на VII Social Weekend пачнецца ўжо ў канцы студзеня 2016 года.

Надзея ЦЕРАХАВА.