Каб не было вайны, каб вучні ўсміхаліся

- 11:17Адукацыйная прастора

Завяршыўся Рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў (клубаў) “Мы — нашчадкі Перамогі”. З 30 чэрвеня па 8 ліпеня для 72 актыўных удзельнікаў пошукавага руху, якія прыехалі на адпачынак у Мінск з усіх абласцей краіны, арганізатары злёту (Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства) падрыхтавалі насычаную конкурсную і экскурсійна-адукацыйную праграму. Адной з цэнтральных падзей стала канферэнцыя “Нам гэты свет завешчана берагчы”, на якой навучэнцы дзяліліся вопытам пошукавай работы.

Прадстаўнікі гімназіі № 1 Любані.

“Па добрай традыцыі” — менавіта такімі словамі можна ахарактарызаваць правядзенне міністэрствамі адукацыі і абароны рэспубліканскіх злётаў пошукавай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У мінулым годзе, юбілейным для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ладзіўся Рэспублікан­скі злёт навучэнцаў, якія навед­ваюць аб’яднанні па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Сёлета на адпачынак у сталіцу былі запрошаны прадстаўнікі пошукавых атрадаў (клубаў), якія падчас працы ў архівах, інтэрнэце, удзелу ў экспедыцыях і паходах па месцах баявой славы ўзнаўляюць імёны загінуўшых абаронцаў Айчыны і мірных жыхароў.

Дзейнасць пошукавых аб’я­днанняў па інтарэсах (ва ўстановах адукацыі краіны іх функцыянуе больш за 500) падобна на падарожжа ў часе. Пасля кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі старэйшага пакалення ў юных пошукаўцаў узнікае адчуванне таго, што далёкія падзеі ваеннага часу адбываліся зусім нядаўна, — настолькі вобразныя і жывыя аповеды ветэранаў і дзяцей вайны. Сыдуць ветэраны, не застанецца сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, але іх успаміны, якія запісваюць сённяшнія ўдзельнікі пошукавых атрадаў, будуць спрыяць патрыятычнаму выхаванню наступных пакаленняў.

Удзельнікі пошукавага атрада “Зарніца” сярэдняй школы № 22 Брэста.

— Нам пашанцавала. Мы не бачылі смерці, не чулі крыкаў адчаю, аглушальную чаргу аўтаматаў і выбухі снарадаў. Здаецца, з кніг і кінафільмаў мы ведаем пра Вялікую Айчынную ўсё, а на самай справе не ведаем нічога. Мы не дзеці вайны, але можам зберагчы і захаваць памяць пра неверагодную сілу духу прадстаўнікоў ваеннага пакалення, іх веру ў перамогу. У кожнага чалавека, у кожнай сям’і, якая перажыла вайну, — свае ўспаміны, свой боль страт. Вось мы і вырашылі даведацца пра лёс у гады вайны сем’яў вучняў і настаўнікаў нашай гімназіі, — падзялілася прадстаўніца каманды Мінскай вобласці навучэнка гімназіі № 1 Любані Віталіна Пархімовіч.

Так у Віталіны і яе аднаклас­ніцы Ганны Кавалеўскай з’явілася ідэя стварэння гімназічнай “Кнігі памяці”. А пачалося ўсё ў 2017 годзе, калі ў рамках акцыі “Жывая памяць пакаленняў” дзяўчаты знайшлі інфармацыю пра ветэранаў — сваякоў аднакласнікаў. Потым было вырашана пашырыць дзей­насць. На ініцыятыву дзяўчат адгукнуліся не толькі аднакласнікі, але і ўся гімназія. Пачалася работа над “Кнігай памяццю”. Вучні з захапленнем разглядалі старыя фотаздымкі, граматы, медалі, шукалі патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, слухалі апавяданні бабуль і дзядуляў пра ваенныя падзеі, успаміны, якімі дзяліліся ўдзельнікі вайны, звярталіся ў Любанскі музей народнай славы.

Была сабрана інфармацыя пра 14 ветэранаў. Яна і стала асновай для кнігі. У кожным раздзеле пра­дстаўлены кароткія звесткі пра баявы шлях ветэрана, яго ўспаміны, апісанне подзвігу, інфармацыя пра ўзнагароды. Большасць ветэранаў — гэта простыя салдаты, але яны сапраўдныя героі, пра што свед­чаць іх узнагароды. Сярод іх тыя, хто абараняў Ленінград, удзельнічаў у баях пад Масквой, вызваляў Еўропу і браў Берлін. Адзін з ветэранаў нават быў удзельнікам парада Перамогі ў Маскве. А вось Фёдар Мікалаевіч Статкевіч, пра­дзядуля навучэнкі 5 класа Вікторыі Жартун, не толькі гераічна змагаўся на франтах, але і атрымаў у пасляваенны перыяд аднаўлення гаспадаркі зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Электронная “Кніга памяці” размешчана на сайце ўстановы адукацыі ў рубрыцы “Жывая памяць пакаленняў”, дзе любы жадаючы можа з ёй азнаёміцца. Кніга яшчэ не завершана, працягваецца яе напаўненне новай інфармацыяй, паколькі многія навучэнцы зацікавіліся пошукавай справай і хочуць заха­ваць памяць пра сваіх сваякоў на старонках выдання.

Удзельнікамі пошукавага атрада “Зарніца” сярэдняй школы № 22 Брэста напісана некалькі даследчых работ. Для прадстаўлення на канферэнцыі невыпадкова была выбрана тэма “Дзеці ў абароне Брэсцкай крэпасці”, паколькі ўдзель­нікі згаданага атрада яшчэ самі дзеці. Яны імкнуліся паказаць адвагу і самаахвярнасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці, у першую чаргу выхаванцаў палкоў і дзяцей ваеннаслужачых.

— Выбіраючы тэму дзяцінства, абпаленага вайной, мы даведваліся, што думалі і адчувалі такія ж, як мы, хлопчыкі і дзяўчынкі, нашы равеснікі, у тыя страшныя гады барацьбы і выпрабаванняў; як яны сталі героямі. Сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці было нямала падлеткаў, школьнікаў старэйшага ўзросту. Даследчую работу пісала група навучэнцаў, кожны быў адказны за збор звестак пра пэўнага героя. Асабіста мяне ўразіла гісторыя Нюры Кіжаватавай, дачкі лейтэнанта Андрэя Мітрафанавіча Кіжаватава. 14-гадовая Нюра не проста знаходзілася ў падвалах разам з жанчынамі і дзецьмі, яна амаль увесь час была ў радах абаронцаў. Дзяўчынка даглядала параненых, збірала на полі бою патроны, гранаты, зброю, а калі з сяброўкай Валяй убачылі, што ў крэпасць прабраліся гітлераўцы з ручнымі кулямётамі, то ўзяліся за вінтоўкі. Дзяўчынкі не падпускалі ворага да падвалаў і не давалі магчымасці спальваць нашых параненых, дзяцей і жанчын, якія там знаходзіліся. Нюра знішчыла больш за 30 фашыстаў. Праз паўгода яе разам з бабуляй Настассяй Іванаўнай, мамай Кацярынай Іванаўнай, 11-гадовым братам Янкам і 2-гадовай сястрой Галяй акупанты расстралялі на 26-м кіламетры Ковельскай шашы, — паведаміла вучаніца сярэдняй школы № 22 Брэста Дзіяна Равенька.

Падчас экскурсіі ў Дзяржаўным музеі ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь.

Да вайны юныя абаронцы Брэсцкай крэпасці былі самымі звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Вучыліся, дапамагалі старэйшым, гулялі, бегалі-скакалі, разбівалі насы і калені. Іх імёны ведалі толькі родныя, аднакласнікі ды сябры. Настаў час — і яны паказалі, якім велізарным можа стаць маленькае дзіцячае сэрца, калі разгараецца ў ім любоў да Радзімы і нянавісць да яе ворагаў. Пра гэта і паведамілі ў сваёй рабоце ўдзельнікі атрада “Зарніца” 22-й брэсцкай школы.

Тэматыка выступленняў на канферэнцыі была разнастайнай. Напрыклад, навучэнка сярэдняй школы № 2 Ашмян Хрысціна Спецыян прысвяціла свой праект партызанскаму руху на Ашмяншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па словах дзяўчыны, партызанскі рух у кожным рэгіёне Беларусі быў розным па маштабах. У Ашмянскім краі ён меў свае асаблівасці, паколькі тэрыторыя раёна была акупіравана ў першыя дні вайны. Месца для разгортвання партызанскага руху было не самае спрыяльнае. Тым не менш партызанскія атрады ствараліся, іх аснову складалі чырвонаармейцы, якія трапілі ў акружэнне або збеглі з палону. Была даследавана даведачная і дакументальная літаратура з мэтай знаходжання канкрэтных і малавядомых фактаў пра дзей­насць партызан у Ашмянскім раёне, сістэматызаваны і сабраны новы матэрыял пра партызанскі рух у краі, асаблівая ўвага ўдзелена вывучэнню дзейнасці партызанскай брыгады імя М.Ф.Гастэлы, даследаваны дакументальныя і фата­графічныя матэрыялы Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К.Багушэвіча, школьнага краязнаўчага музея “Ашмяны: падзеі, людзі”. Пры напісанні работы былі прааналізаваны розныя крыніцы, знойдзены малавядомыя факты пра пачатковы перыяд партызанскага руху. Сабраны матэрыял выкарыстоўваецца на ўроках гісторыі Беларусі, падчас правядзення факультатываў, пазакласных мерапрыемстваў, экскурсій у школьным краязнаўчым музеі.

Хрысціна Спецыян разам з настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Ашмян І.Г.Барысевіч.

Злёт пошукавых атрадаў — гэта ў першую чаргу адпачынак. Арганізатары пастараліся зрабіць насычаным кожны з 9 дзён знахо­джання пошукаўцаў у сталіцы. Памятным было ўрачыстае адкрыццё злёту на Алеі Славы 120-й дывізіі, сустрэча з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны былым разведчыкам Рыгорам Васільевічам Прышчэпным, які цікава расказаў пра свой баявы шлях, далейшую службу ў знакамітай дывізіі. Незабыўнай стала і экскурсія ў Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, наведванне мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”. Напярэдадні Дня Незалежнасці юныя пошукаўцы наведалі 50-ю змешаную авіяцыйную базу, дзе сталі сведкамі рэпетыцыі паветранай часткі ваеннага парада. Не менш захапляючым стала наведванне кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. І, канечне, яркай была конкурсная праграма (конкурс візітоўкі каманд, віктарына “Старонкі ваеннай гісторыі”, конкурс-прэзентацыя “Перамогу шануем, герояў памятаем”, конкурс на лепшую атрыбутыку пошукавага руху, конкурс патрыятычных твораў “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”, спартыўнае арыентаванне). Па выніках конкурсаў былі вызначаны прызёры і пераможцы. У агульнакамандным заліку дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ўзнагароджана каманда Мінскай вобласці (гімназія № 1 Любані), дыпломам ІІ ступені — каманда Магілёўскай вобласці (прадстаўнікі Кадзінскай сярэдняй школы, Раманавіцкай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 5 Магілёва), дыпломам ІІІ ступені — каманда Брэсцкай вобласці (сярэдняя школа № 22 Брэста).

Дзеля чаго вучні і настаўнікі займаюцца пошукавай работай? Каб захоўвалася памяць пра подз­віг народа, каб не паўтарылася вайна, каб не гучалі выстралы, выбухі, каб не гінулі дзеці. Каб усе мы гэтак жа шчыра, як прызёры злёту на фотаздымках, усміхаліся.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.