Каб святочныя дні прайшлі без здарэнняў

- 14:11Інфармацыйная гадзіна

Работнікі МНС праверылі каля 6,5 тысячы месцаў навагодніх святкаванняў. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анатоль Балябін.

“На сённяшні дзень праведзена каля 6,5 тысячы маніторынгаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы персаналу аб’ектаў, стану праездаў і пад’ездаў, спраўнасці сродкаў проціпажарнай аховы, утрыманню шляхоў эвакуацыі, аказваецца неабходная кансультацыйная і метадычная дапамога ў вырашэнні пытанняў павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі аб’ектаў і выпрацоўкі аптымальных варыянтаў проціпажарнай аховы. На задзейнічаных аб’ектах праводзяцца адпрацоўкі планаў эвакуацыі на выпадак узнікнення пажараў, арганізавана інструктаванне па мерах пажарнай бяспекі”, — сказаў Анатоль Балябін.

Пры правядзенні навагодніх і калядных мерапрыемстваў органы і падраздзяленні МНС будуць пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. “Прадугледжана дзяжурства аператыўных груп, баявыя разлікі на пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхніцы будуць укамплектаваны максімальна. У месцах мерапрыемстваў з масавым удзелам грамадзян па ўсёй краіне будзе арганізаваны кантроль органаў і падраздзяленняў МНС”, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення.

Анатоль Балябін падкрэсліў, што выратавальнае ведамства гатова да выканання пастаўленых задач па папярэджанні ўзнікнення надзвычайных сітуацый і аператыўным рэагаванні на іх.

“Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. У прыватнасці, ажыццяўляецца суправаджэнне груп дзяцей, якія наведваюць у гэтыя дні Мінск, арганізаваны пастаянны кантроль і дзяжурства ратавальнікаў у месцах пражывання іншагародніх груп”, — дадаў ён.