“Каб яны ведалі, што камусьці патрэбны”

- 15:56Рознае, Сацыяльны ракурс

1 чэрвеня — Дзень абароны дзяцей

Маё знаёмства з бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу № 7 Вячаславам Віктаравічам і Верай Пятроўнай Герасёвымі адбылося на сустрэчы з нагоды адкрыцця гарадскога клуба прыёмных бацькоў “Вулей” пры Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Першае, што я пачула пра гэтую сям’ю ад супрацоўнікаў МГІРА: “Вельмі цікавыя, актыўныя людзі”. Пасля такіх слоў, зразумела, цікавасць мая да гэтых людзей узрасла ўдвая, хаця я і як журналіст, і як звычайны чалавек апрыёры не перастаю цікавіцца тымі, хто вырашае стаць замяшчальнымі бацькамі. Як яны прыйшлі да такога няпростага рашэння? Чаму навучыліся за час сваёй цяжкай працы (а яшчэ ніхто, паверце, не сказаў, што гэта лёгка)? Якія вывады зрабілі і чаго чакаюць наперадзе? Такія размовы не надакучваюць ніколі, кожная з іх прыносіць нешта новае.

“Мы не думалі, што кінутых дзяцей так многа

Дзіцячаму дому сямейнага тыпу Герасёвых летам споўніцца 4 гады. Вячаслаў Віктаравіч і Вера Пятроўна выгадавалі дваіх сваіх дзяцей. Сыну Яну зараз 19 гадоў, дачцэ Настассі — 23 гады, яна замужам, мае сваё дзіця. Менавіта з Насці ўсё і пачалося: пасля школы яна паступіла ў каледж на спецыяльнасць “Мадэльер скураных вырабаў”, і аказалася, што працэнтаў 30 дзяўчат, якія вучацца з ёй, выхоўваюцца ў дзіцячых дамах або замяшчальных сем’ях. Некаторыя з іх прыходзілі да Насці ў госці, пазнаёміліся з яе бацькамі.

— Мы хутка заўважылі, што многія з гэтых дзяўчат не ўмеюць нічога рабіць па гаспадарцы, напрыклад, гатаваць элементарныя стравы, скажам, зварыць макарону, ды што там, нават кансервы адчыніць, — кажуць старэйшыя Герасёвы. — Глядзелі на гэта, глядзелі і вырашылі дапамагчы: арганізавалі нешта накшталт гуртка па кулінарыі . “Гурток” — гэта, канечне, умоўна. Проста вучылі гэтых сірот пры жывых бацьках таму, што дзеці са звычайных сем’яў і так умеюць, дапамагалі адаптавацца да рэальнага жыцця. А для сябе зрабілі пэўнае адкрыццё: як жа многа побач з намі кінутых дзяцей! Раней пра гэта мы неяк асабліва не задумваліся.

Вось так і пачалася гісторыя гэтага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Адразу бацькі, параіўшыся са сваімі амаль дарослымі дзецьмі, узялі на патранат, а потым і ў сям’ю аднаго хлопчыка — дзевяцігадовага на той час Дзіму з прытулку СПЦ Фрунзенскага раёна. Адначасова, пакуль хлопчык прыходзіў да іх на выхадныя і святы, праходзілі медыцынскую камісію і збіралі іншыя дакументы, неабходныя для таго, каб стаць замяшчальнымі бацькамі.

Сваім дзецям бацькі растлумачылі, што жыццё сям’і зменіцца, што цяжкасці будуць. Дачка з сынам рашэнне падтрымалі.

— Мы растлумачылі, што гэта ў пэўным сэнсе ахвяра, якую патрабуюць час і абставіны, — успамінае Вячаслаў Віктаравіч, — і яны гэта зразумелі, канчатковае рашэнне прынялі разам.

Наконт будучых цяжкасцей Герасёвы не памыляліся — іх аказалася нямала, а нейкіх нюансаў, прызнаюцца, і ўявіць сабе не маглі. Праўда, за плячыма бацькі ёсць пэўная педагагічная і псіхалагічная падрыхтоўка: ён былы ваенны, які яшчэ падчас навучання прайшоў курс сацыяльнай псіхалогіі і педагогікі. А некалькі гадоў назад Вячаслаў Віктаравіч закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры па спецыяльнасці “Трэнер па футболе”, дзе таксама адзін са складнікаў навучання — педагогіка і псіхалогія.

В.В.Герасёў, дарэчы, упэўнены, што педагагічная і псіхалагічная падрыхтоўка не пашкодзяць у жыцці нікому. Яна патрэбна нават дзеля таго, каб умець наладжваць зносіны з людзьмі, пашыраць кола знаёмых, працаваць у калектыве. Сам Вячаслаў Віктаравіч зараз працуе інжынерам у прыватнай фірме, з’яўляецца дзіцячым футбольным трэнерам і мае чвэрць стаўкі як педагог-выхавальнік. Вера Пятроўна працуе маці-выхавальніцай на поўную стаўку, а па адукацыі яна мадэльер адзення. Сын Ян, прынамсі, як і бацька, захапляецца футболам, яшчэ тры хлопчыкі трэніруюцца ў Вячаслава Віктаравіча, і ўся сям’я — актыўныя футбольныя балельшчыкі. Яшчэ адно сямейнае захапленне — паездкі на прыроду.

Пяць плюс адна

Зараз у дзіцячым доме сямейнага тыпу пяць хлопчыкаў і адна дзяўчынка. Жывуць яны разам з бацькамі ў сталічным мікрараёне Каменная Горка ў дзвюх кватэрах, аб’яднаных тамбурам, што гарвыканкам выдзеліў пад дзіцячы дом.

Пачалося ўсё, як вы памятаеце, з Дзімы. Ды і ўсе астатнія дзеці трапілі да Герасёвых праз сацыяльна-педагагічны цэнтр Фрунзенскага раёна. Другім пасля Дзімы ў сям’ю трапіў Максім, на той час яшчэ дашкольнік. “Вось убачыце, гэта будучы дырэктар буйнога прадпрыемства, вельмі неардынарнае мысленне”, — кажуць пра яго бацькі-выхавальнікі. Хаця спачатку пра хлопчыка такога ніхто б, думаю, не сказаў. Да школы ён быў зусім непадрыхтаваны, не ведаў самых простых рэчаў. І са здароўем былі вялікія праблемы. Зрэшты, даць такую характарыстыку можна, бадай, кожнаму выхаванцу, бо прыходзілі яны з сем’яў, дзе пра іх зусім не клапаціліся. Якое ўжо тут выхаванне і навучанне!

Так, яшчэ адзін выхаванец гэтага дзіцячага дома сямейнага тыпу Лёша, трапіўшы да Веры Пятроўны і Вячаслава Віктаравіча, не размаўляў. Не таму, што ў яго былі нейкія фізічныя праблемы, а таму, што ён калісьці атрымаў псіхалагічную траўму. Паступова хлопчык разгаварыўся, ды так, смяюцца бацькі, што зараз хочацца, каб калі-нікалі і памаўчаў. Ён як самы малодшы застаецца любімцам усёй сям’і. І да новых умоў, да новых людзей з прычыны ўзросту таксама прывык хутчэй за іншых.

А спачатку было і такое: Лёша і яго старэйшы брат Арцём успрымалі звычайны магазін як нейкі цуд, бо не ведалі, што такое бывае, спрабавалі есці бананы са скуркай. “Мы былі шакіраваны, пры тым, што ўжо шмат чаго пабачылі з першымі дзецьмі, якіх узялі на выхаванне, — прызнаюцца мае суразмоўцы. — Такой запушчанасці мы ўсё ж не чакалі”.

У Арцёма была і іншая асаблівасць: сам яшчэ дашкольнік, у адносінах да малодшага брата ён паводзіў сябе як апякун, выконваючы ролю бацькі і маці адначасова. Бацькі-выхавальнікі паступова растлумачылі хлопчыку, што цяпер ён можа супакоіцца, бо і пра яго, і пра Лёшу ёсць каму паклапаціцца, што ён мае поўнае права гуляць як усе дзеці, займацца сваімі справамі, што яго дзяцінства ніхто не адбярэ.

Сяргей — старэйшы з выхаванцаў Герасёвых, вучыцца ў каледжы па спецыяльнасці “Кухар, кандытар”, займаецца спортам. “Класны хлопец”, — дае кароткую характарыстыку свайму выхаванцу бацька. Але тут жа дадае, што Сяргея, які ніколі не меў прыкладу адказных мужчынскіх паводзін перад вачыма, давялося гэтаму вучыць. Як? Перш за ўсё ўласным прыкладам. Гэтых дзяцей наогул даводзіцца вучыць усяму: ад табліцы множання да ўмення мыць шкарпэткі і штодзённа займацца фізкультурай — гэта абавязковы элемент выхавання ў дзіцячым доме Герасёвых, прычым практыкаванні бацька падбірае асабіста для кожнага, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей. Так, вельмі хваравіты калісьці Максім зараз адціскаецца ад падлогі 100 разоў.

Адзіная дзяўчынка ў Герасёвых — першакласніца Наташа, якая з’явілася ў сям’і год назад. Хутка яна разам з Максімам пае дзе ў Італію адпачываць у мясцовыя сем’і. У адной з іх жонка гаворыць па-руску, і Герасёвы часта ёй тэлефануюць, просяць італьянскіх калег займацца з дзецьмі і летам, каб яны не забывалі тое, чаму паспелі навучыцца.

Паказаць, што такое любоў

А зараз надышоў час сказаць, што не ўсе выхаванцы здолелі прыняць новы лад свайго жыцця, не з усімі склалася ў замяшчальных бацькоў. Гаворка ідзе пра родную сястру Сяргея Віку, якая зараз вучыцца ў закрытай спецыяльнай вучэбна-выхаваўчай установе для непаўналетніх. Яна з братам прыйшла ў сям’ю ў падлеткавым узросце, але ў адрозненне ад Сяргея сям’ю не прыняла, усё чакала, што з турмы выйдзе маці і забярэ іх, некалькі разоў збягала з дому. Не бяруся асуджаць дзяўчыну, якую ніколі не бачыла, не бяруся судзіць бацькоў-выхавальнікаў, не ведаючы ўсіх нюансаў. Скажу толькі, што нядаўна дзяўчына тэлефанавала ім, раскайвалася, прасіла дазволу тэлефанаваць яшчэ, на што, канечне, атрымала згоду.

Магчыма, трапіўшы ў спецустанову, дзяўчына, нарэшце, зразумела, што такое сям’я, як раней гэта зразумелі іншыя выхаванцы. А спачатку іх здзіўляла нават тое, што маці з бацькам могуць проста сядзець вечарам разам, спакойна размаўляць, піць чай. Без крыку, без сварак, без лаянкі. “Яны глядзелі на нас спачатку, быццам мы людзі з іншай планеты”, — успамінаюць Вячаслаў Віктаравіч і Вера Пятроўна. Цяпер прывыклі. Вы толькі ўявіце сабе: дзеці прывыклі да звычайнага жыцця. Гучыць дзіка, але з’ява зараз, на жаль, не рэдкая.

Канечне, муж і жонка Герасёвы многае паспелі зрабіць для сваіх выхаванцаў. Пры гэтым не хаваюць, што пэўныя цяжкасці застаюцца, як, напрыклад, нежаданне дзяцей прыкладаць сур’ёзныя намаганні да вучобы, пэўныя праблемы з паводзінамі ў школе, над чым сям’я працуе разам са школьным псіхолагам. Тут неабходны рух насустрач — сям’і да школы, школы да сям’і, — лічаць бацькі.

Неаднойчы, расказваюць яны, знаёмыя прасілі ў іх парады — ці варта станавіцца замяшчальнымі бацькамі. Маўляў, хочам узяць дзяцей, магчыма, стварыць свой дзіцячы дом сямейнага тыпу. Герасёвы парад не давалі, проста расказвалі пра сваё жыццё. У выніку шчырых размоў некаторыя знаёмыя пакуль адмовіліся ад такой ідэі, зразумеўшы, што справу гэтую наўрад ці асіляць. Іншыя сталі прыёмнымі бацькамі або ўсынавіцелямі для аднаго дзіцяці. Гэта, здаецца, і нядрэнна: людзі добра ўсё ўзважылі і асэнсавана выбралі шлях, па якім іх сям’я пойдзе далей.

А бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Герасёвы свой далейшы шлях звязваюць менавіта з замяшчальным бацькоўствам. Пра тое, што цяперашніх выхаванцаў трэба давесці да паўналецця, гаворка, зразумела, не ідзе, гэта і так ясна. Пры гэтым пра тое, што ўсе выхаванцы, калі вырастуць, будуць прыязджаць да іх, дапамагаць у старасці, Вера Пятроўна і Вячаслаў Віктаравіч не мараць, хаця, безумоўна, будуць рады, калі так атрымаецца. Малых яны бралі дзеля іншай мэты.

— Мэта ў тым, каб пераканаць дзяцей, што яны абаронены, паказаць ім, што такое сям’я, любоў, Радзіма, навучыць біблейскім маральным прынцыпам, — кажуць яны. — Мы ад дзяцей нічога не чакаем, бралі іх, каб нешта даць, каб, стаўшы дарослымі людзьмі, яны мелі нармальныя сем’і, выхоўвалі сваіх дзяцей, былі цалкам самастойнымі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сям’і Герасёвых.