Каго бяруць у касманаўты? Незвычайная лабараторыя дзейнічае ў дзіцячым садзе № 1 Гарадка

- 11:22Образование

Незвычайная лабараторыя дзейнічае ў дзіцячым садзе № 1 Гарадка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення на пытанне, кім яны марылі стаць у дзяцінстве, з усмешкай прызнаюцца: “Касманаўтам!” Гэта не дзіўна, таму што першых касманаўтаў ведалі пайменна, іх палёты абмяркоўвалі як самую значную і цікавую навіну. Цяпер, мабыць, мала хто з дарослых адкажа, якія новыя крокі зрабіла чалавецтва ў асваенні космасу за апошнія гады, каго прымаюць у касманаўты і дзе іх рыхтуюць. Час накладвае адбітак і на дзіцячыя мары. У большасці сучасных дашкольнікаў прыярытэты ўжо іншыя. Як, магчыма, і ўяўленні пра космас, бо дзеці бяруць іх пераважна з самай шчодрай, даступнай крыніцы — мультфільмаў і мастацкіх кінастужак. А там — людзі са звышздольнасцямі, іншапланетныя жыхары, касмічныя піраты, фантастычныя жывёлы і расліны, зорныя войны, прыдуманыя вынаходствы, падзеі, дзяржавы і мультысусветы… Прыгоды любімых герояў уразаюцца ў памяць, захапляльная казка абуджае дзіцячую фантазію. Здавалася б, усё добра — толькі ж тая казка хавае ў сабе і небяспеку. Адрозніць рэальнасць ад фантастыкі дарослы можа, а маленькае дзіця губляецца без дапамогі. Дэзынфармацыя ўкараняецца ў свядомасць, як пустазелле, або, што яшчэ горш, спараджае трывогу і страхі. Да таго ж добрых, цікавых навуковых відэасюжэтаў пра космас, адаптаваных пад успрыманне дашкалят, зусім нямнога. Выхаванцам дзіцячага сада № 1 Гарадка ў гэтым плане пашанцавала: у іх ёсць цудоўная пляцоўка для набыцця пачатковых ведаў пра таямніцы Сусвету.

Адкрылася дзіцячая касмічная лабараторыя ў красавіку пазамінулага года — якраз у Дзень касманаўтыкі. І нібы магнітам яна прыцягвае да сябе маленькіх даследчыкаў.

— З самага нараджэння дзіця з’яўляецца першаадкрывальнікам і даследчыкам, — акцэнтавала ўвагу загадчыца дашкольнай установы Наталля Міхайленка. — Таму важна выбудаваць работу па фарміраванні ў яго правільных уяўленняў пра навакольны свет, у тым ліку пра касмічную прастору. Мы зачаравана глядзім на таямнічае зіхаценне зорак і задумваемся: што там, вышэй за вышыню? Калі змалку ўмацаваць цікавасць, яна ператворыцца ў матывацыю. Нашы педагогі імкнуцца да таго, каб кожны наведвальнік лабараторыі захацеў зрабіць новыя адкрыцці ў навуках пра космас.

Праектар зорнага неба і тэлескоп, зоркі, што свецяцца ў змроку, дыдактычныя гульні і кнігі пра космас, макеты планет і, нарэшце, “касмічная ракета” — усё гэта выкарыстоўваецца на занятках.

Па словах выхавальніцы Вольгі Карповіч, якая курыруе работу лабараторыі, дзеці маюць магчымасць пазнаёміцца з вядомымі касманаўтамі-беларусамі і іх слаўнымі справамі, зляпіць планеты з кінетычнага пяску і пры гэтым даведацца шмат цікавага пра зоркі і Сонечную сістэму, намаляваць касмічны сюжэт, прымераць “скафандр” і проста пасядзець ва ўтульных крэслах-пуфах (стылізаваных пад касмічныя), разглядваючы зорнае неба.

Тэматычныя заняткі спрыяюць развіццю ў дзяцей пазнавальна-даследчай актыўнасці, дапытлівасці, імкнення да самастойнага пазнання, раскрыццю разу­мовых здольнасцей праз эксперыменты, творчую і праектную дзейнасць. Прычым педагогі дзіцячага сада право­дзяць такія заняткі як для сваіх выхаванцаў, так і для дзяцей з іншых дашкольных устаноў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара