Каледж электронікі, дзе вучацца ў тым ліку і “просто другие…”

- 12:07"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Яшчэ толькі ў мінулым нумары нашай газеты ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” мы знаёмілі нашых чытачоў з творчымі калектывамі і іх кіраўнікамі ССНУ Навагрудка (пераможцамі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі” 2015 года), як ужо сёння мы зноў звяртаемся да гэтай рубрыкі. На гэты раз у цэнтры нашай увагі — Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, і падобна на тое, што гэта — канцавы прыпынак нашых вандровак у рамках праекта “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”, прынамсі, гэтага сезона. Па традыцыі нагадаем нашым чытачам, што “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” — гэта сумесны праект Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”, па выніках якога неўзабаве мае выйсці ілюстраваны зборнік.

Дык вось Мінскі дзяржаўны каледж электронікі… Тут рыхтуюць прафесіяналаў па вельмі актуальных і запатрабаваных сёння спецыяльнасцях. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі гэта: эксплуатацыя электронна-вылічальных машын; тэхналогія вытворчасці вырабаў электроннай і мікраэлектроннай тэхнікі; дакументазнаўства, інфармацыйнае і арганізацыйнае абслугоўванне; тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання. А на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — мехатроніка; праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання; мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання; мікраэлектроніка; аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей.

Дырэктар МДК электронікі Георгій Уладзіміравіч Козел падкрэслівае: “Мы імкнёмся, каб нашы выпускнікі мелі магчымасць прадоўжыць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны. Намі заключаны дамовы з 18 УВА рэспублікі аб бесперапыннай адукацыі. Каледж электронікі — гэта навучальная ўстанова з трывалымі традыцыямі і магутным адукацыйным патэнцыялам. Нашы вопытныя выкладчыкі дапамагаюць навучэнцам развіць у каледжы свае здольнасці і набыць вялікі запас ведаў, якія адкрываюць перад імі новыя гарызонты і перспектывы атрымання прэстыжнай работы на перадавых прадпрыемствах сталіцы і краіны”.

А незвычайнай установай адукацыі мы назвалі МДКЭ з той прычыны, што на яго базе працуе Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі — вельмі важная структура, дзе прафесіі аператара ЭВМ, аператара камп’ютарнай графікі, слесара механазборачных работ, тэхніка-праграміста і інш. маюць магчымасць набыць навучэнцы з парушэннем слыху і парушэннем апорна-рухальнага апарату. Выпускнікі цэнтра з годнасцю вытрымліваюць сацыяльную і прафесійную канкурэнцыю. Ужо адзін той факт, што сярод іх ёсць нямала тых, хто працуе на прадпрыемствах Парка высокіх тэхналогій і ў свабоднай эканамічнай зоне “Мінск”, гаво­рыць пра многае.

Вяртаючыся да тэмы “АРТ-вакацый-2015”, трэба адзначыць, што навучэнцы і выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі проста цудоўна праявілі сябе на гэтым фестывалі-конкурсе. Цэлае суквецце талентаў, поўны кошык прызавых месцаў! Так, на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці “АРТ-вакацыі” ў намінацыі “Тэатр песні” 1-е месца заняў калектыў жэставай песні “АРТ-жэст” (кіраўнік Людміла Станіславаўна Каленік), у намінацыі “Аўтар-выканаўца паэтычнага, празаічнага твора” таксама 1-е месца заняў Арсеній Пятровіч (кіраўнік Варвара Сяргееўна Дуброва). На Рэспубліканскім конкурсе інфармацыйна-метадычных распрацовак для навучэнскай моладзі “Крэон” у намінацыі “Мая прафесія ў будучым — фактар поспеху” 1-га месца была ўдастоена выкладчык спецыяльных дысцыплін Галіна Дзмітрыеўна Пешкава, у намінацыі “Час і інтэрнэт: свет інтарэсаў — новая версія” зноў жа 1-е месца заваяваў выкладчык спецыяльных дысцыплін Уладзімір Аляксандравіч Шантрукоў. На Рэспубліканскім конкурсе сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал” з 1-м месцам трыумфавала творчая група Good life ў складзе Анд­рэя Марцінкевіча, Андрэя Цішкевіча, Аляксандра Ліпскага (кіраўнікі Вольга Міхайлаўна Бялоцкая і Тамара Аркадзьеўна Кахно). Гэтая ж творчая група стала пераможцай і Рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў” у намінацыі “На Беларусі Бог жыве”, праўда, ужо ў іншым складзе (Аляксандр Александровіч, Арсеній Пятровіч і Раман Ліхтаровіч).

Пра ўсіх пераможцаў у газетным артыкуле, безумоўна, не напішаш, але на адным хацелася б спыніцца. Гэта калектыў жэставай песні “АРТ-жэст”, якім кіруе Людміла Станіславаўна Каленік. У дзейнасці калектыву выкарыстоўваюцца розныя формы работы: гутарка, інструктаж; праслухоўванне і адбор музычнага рэпертуару па пэўнай тэматыцы; падбор, пастаноўка і адпрацоўка мастацкага жэста; праца акцёра над сабой (эцюды на ўвагу, на абставіны, праца над роляй); развучванне рытмічных рухаў, пластычная падрыхтоўка; праца над выразнасцю выканання; вызначэнне сцэнічнага касцюма, грыму, макіяжу. Зрэшты, усё пералічанае — гэта методыка на словах, а трэба рэальна бачыць, якія яна дае вынікі…

Віка Кіслоўская, Алена Сяргеева, Антон Шашура з тэатра жэставай песні “АРТ-жэст” паказалі на “АРТ-вакацыях-2015” нумар “Мы просто другие”, і гэта быў настолькі кранальны нумар, што аўтар гэтых радкоў яшчэ доўга не мог супакоіцца. Пасля іх выступлення засталося некалькі адчуванняў-уражанняў.

Першае: яны не “другие”. Хоць і выступілі з нумарам “Мы просто другие…”. Яны нашы, такія, як мы, звычайныя, можа быць, нават лепшыя.

Другое: яны цудоўна ведаюць пра сваю бяду, але не саромеюцца яе.

Трэцяе: яны, ведаючы пра сваю бяду, жывуць шчаслівым жыццём і гэтае сваё шчасце гатовы дарыць іншым людзям.

Людміла Станіславаўна пагадзілася адказаць на шэраг пытанняў. Мы гаварылі з ёй у тым ліку пра вельмі індывідуальныя балючыя рэчы. Ранімыя ад прыроды людзі лепш хай не чытаюць гэтае інтэрв’ю.

— Людміла Станіславаўна, я чалавек просты і адкрыты і люблю такіх жа людзей. Не люблю эківокаў, але ў той жа час бачу, што вы гаворыце са мной крыху інакш, чым я… Які ваш, даруйце, эпікрыз?

— Калі мне, малой дзяўчынцы, было тры месяцы, я захварэла на запаленне лёгкага і мяне, па настаўленні медыкаў, бацькі так нашпігавалі антыбіётыкамі, што я перастала чуць. Я не вінавачу сваіх бацькоў. Проста ім урачы сказалі: “Або ваша дачушка памрэ, або вы ёй уколеце гэтыя антыбіётыкі”. Яны вельмі любілі мяне — сваю дачушку. І ўкалолі.

— Калі вы адчулі, што вы “просто другая”?

— У гадкоў пяць, калі бацькі купілі мне апарат. А да гэтага я не чула ні бацькоў, ні знаёмых дзяўчынак з двара. Мяне размеркавалі ў школу для дзяцей з парушэннем слыху — у Гарадзею Нясвіжскага раёна.

— А што было потым? У 16-гадовай дзяўчынкі, якая не чуе, былі жыццёвыя планы?

— Канечне! Пасля Гарадзейскай школы я паступіла ў Мінскі дзяржаўны педкаледж, атры­мала там кваліфікацыю па спецыяльнасці выхавальніка дзяцей з парушэннем слыху, потым закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Максіма Танка (аддзяленне дэфекталогіі), працавала ў Мінскім педкаледжы кіраўніком дзіцячага харэаграфічнага калектыву, потым працавала з мінскім дзіцячым садком № 14 для дзяцей з парушэннем слыху. І вось цяпер — у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі.

— Мы размаўляем з вамі, і вы чуеце мае пытанні. А як вы іх чуеце?

— А я зараз сяджу перад вамі з апаратам. Вы яго проста не бачыце, бо ён схаваны за валасамі. Але я больш счытваю пытанні з вашых вуснаў. Скажу вам шчыра: па тэлефоне, калі вы запрашалі мяне на інтэрв’ю, я чула вас лепш, бо ваш голас тады трапляў адразу ў слыхаўку.

— Людміла Станіславаўна, як вам усё ж удалося паставіць гэты нумар з вашымі глуханямымі выхаванцамі з групы “АРТ-жэст” і паказаць іх на “АРТ-вакацыях”?

— Калі я прыйшла працаваць у Мінскі дзяржаўны каледж электронікі сурдаперакладчыкам, мне адразу захацелася стварыць у гэтых дзяцей нейкі творчы калектыў. Я ўбачыла, што для іх гэта — родная справа. Інакш бы нічога не атрымалася.

— А адкуль з’явілася песня “Мы просто другие…” ? Такога ж і прыдумаць проста не было б магчыма. Яна ж тады схапіла за душу ўсю залу Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі!

— Яе знайшлі самі навучэнцы. Яны прынеслі словы — і тэкст нас крануў за жывое. І мы вырашылі зрабіць гэтую песню як бы гімнам нашага рэабілітацыйнага цэнтра. Карані гэтай песні — з Санкт-Пецярбурга. Яе напісаў піцерац, які прысвяціў яе свайму глуханямому брату.

— А як яны змаглі пачуць музыку?

— У іх рукі іграюць. Яны рукамі — жэстамі — прамаўляюць словы. Нам, звычайным, гэтага не зразумець, а ў іх гэта так: недзе музыка іграе высока, а недзе нізка, і іх рукі іграюць гэтаксама: недзе высока, а недзе нізка. Калі нейкая верхняя, больш меладычная, песня грае, іх рукі працуюць больш выразна. Калі нейкая больш павольная мелодыя грае, іх рукі робяцца мякчэйшымі.

Галоўная роля ў нашых сцэнічных нумарах — гэта эмоцыі. Калі гэта весела — гэта весела. Калі гэта балюча — гэта балюча. І ўсё выяўляецца ў рухах рук.

— Я зараз задам вам, магчыма, ня­зручнае пытанне. Але я не магу яго не задаць. Вы ж кантактуеце і з дзецьмі нармальнымі ў звычайным сэнсе, і з “просто другими”. “Просто другие” вельмі адрозніваюцца ад першых?

— Ну, чым яны адрозніваюцца? Яны проста размаўляюць па-іншаму.

— А ў сэнсе працаздольнасці?

— Каб адбыцца ў жыцці, ім трэба ў два разы больш аддацца гэтаму жыццю, у два разы больш спрацаваць у гэтым жыцці. Яны вельмі працаздольныя. Калі звычайны хлопец ці дзяўчына перад урокам прачытае там нешта, нешта там падхопіць з вуснаў аднакласнікаў, то ў гэтых — “других” — дзяцей гэта не праходзіць. Яны дома сядзяць-зубраць, яны вучацца мэтанакіравана. Магчыма, я некага пакрыўджу, але скажу, што яны больш адказныя ў гэтым жыцці, чым іншыя.

— А яны больш душэўныя за іншых?

— У гэтым плане ўсе людзі роўныя. “Другие”, можа быць, больш крыўдлівыя, калі можна так сказаць. Зробіш ім нейкую зусім малую заўвагу — і яны адразу ў крыўду. Але ж яны больш затрацілі часу, каб нешта выву­чыць, чым іншыя дзеці.

Я знайшла свой падыход да гэтых дзяцей: спачатку іх трэба пахваліць, а потым: “Вось тут, даруй, трэба крышку дапраца­ваць, дарабіць”.

— Скажыце мне шчыра, Людміла Станіславаўна, наогул, гэтыя дзеці адкрытыя для нашага сённяшняга грамадства?

— Калі людзі да іх адкрытыя, то і яны адкрытыя. Гатовыя зрабіць усё для іншых.

 — Калі вы як кіраўнік калектыву “АРТ-жэст” зразумелі, што нумар “Мы просто другие…” трэба выносіць на вялікую сцэну — на “АРТ-вакацыі”?

— Адразу ж, як дзеці мне прынеслі гэтую песню. Я адразу ж зразумела, што яна наша.

— Што было для вас асабіста галоўным паказаць у нумары: жэсты ці…?

— Не, не жэсты. Жэсты — гэта словы. А галоўнае ж для чалавека — не словы, а душа. І для маіх дзяцей было галоўным у нашым нумары — данесці да іншых людзей, што яны такія ж, як і ўсе. Што мы таксама людзі. Проста крышачку іншыя. Проста крышачку па-іншаму нам свет адкрываецца. Але мы таксама сябруем, кахаем, выхоўваем сваіх дзяцей. Мы спраўляемся адно з адным і спраўляемся з жыццём.

— Я, магчыма, банальны журналіст. Але сваім рэспандэнтам, якія мне асабіста падаліся блізкімі, я заўсёды задаю ў канцы інтэрв’ю сваё ўлюбёнае пытанне: “У чым сэнс жыцця?”

— Вы нават прымусілі мяне зніякавець. У чым сэнс жыцця? Ды ў тым, каб жыць. Каб працягваць гэтае жыццё. Каб працягваць свой род. Каб развівацца. Каб неяк рэалізоўвацца ў гэтым жыцці. Каб адбывацца ў гэтым жыцці. Каб радаваць іншых людзей. Каб казаць “Дзякуй!” усім, хто нас прымае…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва Людмілы КАЛЕНІК.

 

P.S. Не магу завяршыць гэтую публікацыю, не зрабіўшы маленькае пасляслоўе. Калі я выходзіў з каледжа, сутыкнуўся з нейкай дзяўчынкай. І яна… прытрымала мне ўваходныя дзверы. Я адступіўся і ёй сказаў: “Ды што ты? Праходзь, праходзь!” Я пагля­дзеў ёй услед: яна ледзь магла ісці са сваёй хваробай.

На заканчэнне нашай гутаркі з кіраўніком “АРТ-жэста” Людмілай Каленік яна скінула мне на флэшку кліп — нумар, з якім выступае гэты калектыў на “АРТ-вакацыях” 2017 года. Гэты цудоўны чорна-белы амаль прафесійна зроблены.

Але мяне парадавала яшчэ і іншае. Удзель­нікі “АРТ-жэста” таксама гаварылі ў ім пра “других”… Але ўжо пра “других” сярод саміх сябе. Маючы на ўвазе, што яны адрозніваюцца адно ад аднаго, а не ад нас з вамі.

Вось урывак з гэтай песні:

“Я не скажу тебе о главном.

                         И не забуду, где летали.

Я не могу ломать преграды,

         если ты не со мной. (Спявае ён.)

И без стука не пойду я к двери тайной,

До последней капли знали,

                        мы это знали: (Спявае яна.)

Любовь и есть моей наградой.

                                     Я не хочу другой.

Я не могу сказать, что я не я,

             а я не твой…” (Спяваюць разам.)

І ўжо заўтра, 5 красавіка, удзельнікі калектыву “АРТ-жэст” разам з гэтым нумарам выступяць на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі ўжо ў рамках “АРТ-вакацый-2017”. А разам з імі выступяць яшчэ сотні хлопцаў і дзяўчат з Мінска, якія, можна не сумнявацца, падораць нам незабыўнае свята пазітыўнасці, шчырасці і аптымізму.