Калейдаскоп творчых талентаў

- 15:29"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Самых таленавітых і крэатыўных магілёўскіх студэнтаў аб’яднаў абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”. Магілёў даў старт вядомаму форуму, які сёлета праходзіць пад дэвізам “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Вольгі Скамарохавай, у вобласці на пачатковым этапе “АРТ-вакацый” прынялі ўдзел больш за тысячу студэнтаў.
— Па выніках гэтых тураў былі сфарміраваны канцэртныя праграмы агляду мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў на базе трох УВА: Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Сярод таленавітых маладых людзей “АРТ-вакацыі” не губляюць папулярнасці, бо для многіх юнакоў і дзяўчат фестываль — добрая магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці, — расказала Вольга Міхайлаўна.
Першай творчай пляцоўкай фестывалю стала сцэна Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Варта сказаць, што па выніках “АРТ-вакацый” прадстаўнікі гэтай навучальнай установы пастаянна становяцца ўладальнікамі прызавых дыпломаў у розных намінацыях. Як адзначыў рэктар установы Ігар Сазонаў, сакрэт гэтай паспяховасці — сістэмная работа па арганізацыі пазавучэбнай дзейнасці студэнтаў.

— Карысную занятасць моладзі мы ўсяляк падтрымліваем. Ва ўніверсітэце кожны студэнт можа знайсці сабе занятак па душы. У нас дзейнічаюць спартыўныя гурткі і секцыі, разнастайныя клубы па інтарэсах, усебакова падтрымліваюцца студэнцкія ініцыятывы, мастацкая самадзейнасць. Гэта дапамагае хлопцам і дзяўчатам развіваць свае таленты і заваёўваць прызавыя дыпломы на конкурсах і спаборніцтвах. Што да “АРТ-вакацый”, то нашы студэнты заўсёды іх актыўныя ўдзельнікі. Да гэтага фестывалю мы дбайна рыхтуемся. Мінулы раз наша ўстанова была адзначана спецыяльным прызам за лепшую рэжысуру канцэртнай праграмы. Сёлета нам таксама ёсць чым уразіць журы, — запэўніў Ігар Сяргеевіч.

І сапраўды. Усе канцэртныя нумары ў БРУ былі па-майстэрску тэматычна аб’яднаны ў адзінае цэлае. Кожнае выступленне акунала гледачоў і журы ў свет творчасці. Студэнты прэзентавалі на сцэне вакальна-харавыя, фальклорна-этнаграфічныя, харэаграфічныя нумары. Адметнай рысай усіх выступленняў была іх жанравая разнастайнасць. Народныя матывы змяняліся сучаснымі рытмамі, класічная харэаграфія — хіп-хопам і акрабатыкай, песні — выдатнай дэкламацыяй вершаваных і празаічных радкоў, цікавымі тэатралізаванымі пастаноўкамі.
Сваімі выступамі гледачоў літаральна зачароўвалі вакальныя групы “Сузор’е” і “Эдэльвейс”, танцавальныя калектывы “Dance-кактэйль”, “Excite” з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, танцавальныя групы “Too steps”, “Out of control” з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання і МДУ імя А.А.Куляшова. Шматлікія ж сольныя выканаўцы на справе паказалі не толькі свае таленты, але і магчымасці творчага супрацоўніцтва паміж установамі.
Такой жа насычанай, канцэптуальна і тэматычна выбудаванай аказалася і канцэртная праграма, прадстаўленая на базе МДУ імя А.А.Куляшова. Зноў кожнае з творчых выступленняў было непаўторным. Асабліва ўражвалі нумары на народныя матывы. Выкананне класічных кампазіцый ад гаспадароў сцэны народнага вакальнага ансамбля “Квецень”, студэнцкага хору “Аксаміт”, народнага аркестра народных інструментаў “Алегрэта”, народных вакальных ансамбляў “Гармонія” і “Ad libitum”, народнага харэаграфічнага ансамбля “Церніца” нікога з гледачоў не пакінула абыякавым. Выдатна дапаўнялі іх выступы прадстаўнікоў БРУ і МДУХ.
Завяршаўся абласны агляд “АРТ-вакацый” у Палацы культуры БДСГА. Сваім творчым натхненнем, акрамя прадстаўнікоў старэйшай УВА краіны, тут дзяліліся студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Яскравымі нумарамі гледачоў парадавалі народны аркестр духавых інструментаў, народная эстрадная студыя “Золак”, народны ансамбль песні і танца “Радасць”, народная студэнцкая тэатр-студыя “Парадокс”, танцавальныя групы “Next Step” і “Sunrise” з БДСГА, а таксама шэраг іншых калектываў і салістаў.
Акрамя агляду мастацкай самадзейнасці, свае таленты студэнты праявілі на конкурсах лічбавай творчасці “Арт-партал”, літаратурнай — “Аўтограф”. Паўдзельнічалі яны і ў праектах “Рэцытацыя” і “PRO-вакацыі”. Як паведаміла сустаршыня журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч, усе ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства.
— Канкурсанты здзівілі разнастайнасцю сваёй творчасці. Мы ўбачылі і класічныя, акадэмічныя нумары, і выступы, якія перадавалі любоў моладзі да Радзімы, народнай спадчыны, і напрамкі стрыт-культуры. Уражанні ад магілёўскага адбору засталіся толькі станоўчыя. Мясцовае студэнцтва зарадзіла нас сваім вясновым настроем, аптымізмам, энергіяй, — адзначыла Алена Сяргееўна.
Двухдзённы марафон абласнога этапу “АРТ-вакацый” найлепшым чынам паказаў увесь калейдаскоп творчых здольнасцей магілёўскай моладзі. Вядома, зараз усе канкурсанты мараць аказацца ў фінале, на гала-канцэрце, які хутка адбудзецца ў сталіцы. Аднак і сам удзел у такім значным фестывалі студэнты лічаць добрым дасягненнем, бо галоўнае — развіваць свае таленты, тады і поспех абавязкова прыйдзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.