Калі ў дзіцяці ёсць жаданне, яго можна навучыць абсалютна ўсяму

- 10:41Суразмоўца

Педагагічны шлях настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 155 Марыі Мікалаеўны Дарашэнка пачаўся з… чыгункі. Спачатку дзяўчына скончыла чыгуначны каледж і зусім не думала пра настаўніцтва. Але склалася так, што падчас працоўных камандзіровак да яе цягнуліся самыя юныя пасажыры. Размаўляючы з імі, уражваючыся іх шчырасцю і дапытлівасцю, будучая настаўніца зразумела, чаго не хапае ў яе жыцці, і паступіла ў Беларускі дзяржаўны пегадагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. А пасля прыйшла ў родную школу, але ўжо ў якасці маладога педагога.

— Марыя Мікалаеўна, сёння вы з’яўляецеся класным кіраўніком 2 “Б” класа, і праблемы першага года навучання і працы ўжо за плячыма. З якімі праблемамі вы сутыкнуліся пасля таго, як у якасці маладога спецыяліста прыйшлі ў школу?

— Дзеці прыходзяць у школу з розным узроўнем падрыхтоўкі, і таму трэба для ўсіх падабраць асобны матэрыял, зацікавіць кожнае дзіця індывідуальна. Таму ў сваёй дзейнасці я прыйшла да таго, што трэба прымяняць дыферэнцыраваны падыход. Даю самым хуткім дадатковыя заданні на картках больш высокага ўзроўню.

— Які ўзровень падрыхтоўкі, на вашу думку, павінен быць у сучаснага першакласніка?

— Калі клас складаецца з дзяцей, якія нічога не ведаюць, але яны слухаюць і чуюць настаўніка, гэта вельмі добра. Таму што дзіця прасцей навучыць, чым перавучыць. Таму пытанне спрэчнае: “Як лепей: прыйсці навучаным ці прыйсці вучыцца?” Дапытліваму дзіцяці будзе цікава, незалежна ад таго, ведае ён гэтую інфармацыю альбо не ведае, зразумела, пры ўмове, што настаўнік цікава і займальна тлумачыць матэрыял. Можна ж даць больш глыбокія веды, можна выкарыстаць нейкія новыя цікавыя факты пры тлумачэнні матэрыялу — варыянтаў многа. Таму вынік можна падвесці такі: ідэальны першакласнік — гэта не той, які навучыўся да школы чытаць, пісаць, лічыць, а дапытлівы і цікаўны вучань. Калі ў дзіцяці ёсць жаданне, яго можна навучыць абсалютна ўсяму.

— Ці было для вас як маладога педагога праблемай знайсці ўзаемаразуменне з бацькамі вучняў?

— Калі ішла працаваць у школу, думала, што гэта будзе самым набалелым пытаннем. Вырашыла для сябе адразу — не павучаць і не навязваць. Гэта не спадабаецца ніводнаму чалавеку, нават калі ён не старэйшы, а малодшы за цябе. Таму я даю рэкамендацыі, прапаноўваю бацькам прааналізаваць нейкую праблему іх дачкі ці сына разам са мной, перабраць моманты далейшага развіцця праблемы, падумаць, да чаго яна можа прывесці ў будучыні. І заўсёды акцэнтую ўвагу, што я як настаўніца з вашымі дзеткамі на 4 гады, а вам з імі быць усё жыццё, таму давайце пашукаем выйсце разам. Некаторыя бацькі самі прыходзяць з пытаннямі кшталту “Мы не спраўляемся. Што нам зрабіць у гэтай?”. І разам мы знаходзім рашэнне сітуацыі. Усім маладым спецыялістам раю схаваць свой гонар перад бацькамі і не выхваляцца тым, што “я настаўнік, я ведаю ўсё лепей, я вывучаў псіхалогію”. Гэта амаль заўсёды будзе прынята ў штыкі. Прапануйце варыянты вырашэння праблем, дапамагайце бацькам, дамаўляйцеся і прыслухоўвайцеся.

— Існуе праблема не толькі ў адносінах “настаўнік — бацькі”, але і “дзеці — бацькі”. Раскажыце пра вашы асабістыя здабыткі ў вырашэнні праблемы.

— Бацькі шмат часу праводзяць на рабоце, дзяцей бачаць, чуюць і наогул звяртаюць на іх увагу не так часта. Мне захацелася, каб бацькі майго класа былі бліжэй да сваіх дзяцей, бо гэта дапамагае і ў выхаванні, і ў вучэбнай дзейнасці. У мінулым годзе разам са сваімі выхаванцамі мы падрыхтавалі вячэрняе мерапрыемства “Калядныя казкі ля каміна”: ставілі ёлку, рабілі імправізаваны камін. Кожнае дзіця прынесла свой плед, падушку, кубак з гарбатай і прывяло бацькоў. Расказвалі ля каміна калядныя казкі пра дабро і зло. Я была ўражана тым, што калі на пачатку мерапрыемства бацькі сядзелі на крэслах за дзецьмі, то ў працэсе прыселі побач, абнялі, прытулілі да сябе. Мы абмяркоўвалі кожную казку, учынкі казачных герояў аналізавалі не толькі дзеці, але і дарослыя. Малечы было так цікава паслухаць і пачуць сваіх бацькоў, прааналізаваць, ці супадае іх бачанне героя з бацькоўскім. Мэты аб’яднання дарослых і малых мы дасягнулі. Бачу, што з цягам часу бацькі становяцца больш актыўнымі, самі выказваюць прапановы. Я стараюся, каб яны ўдзельнічалі ва ўсіх нашых пазакласных мерапрыемствах: і ў віктарынах, і ў якасці групы падтрымкі на спартыўных спаборніцтвах. Сумесна з бацькамі ходзім у тэатр. У планах — перад навагоднімі святамі наведаць дзіцячы інтэрнат: усім класам рыхтуем ранішнік, з якім будзем там выступаць. Дзеці павінны адчуваць сябе не толькі спажыўцамі, а вучыцца атрымліваць добрыя эмоцыі ад таго, што яны дораць сябе іншым. Зразумела, бацькі складуць нам кампанію.

— Як вы лічыце, рыхтуючыся да заняткаў маладому настаўніку варта строга прытрымлівацца плана-канспекта ці даваць сабе час на імправізацыю?

— Плануючы канспект урока, ты ніколі не можаш быць на 100 працэнтаў упэўнены, што ўсё пройдзе менавіта так, як ты задумаў. Напрыклад, рыхтуюся да ўрока і планую, што растлумачу вось гэтае і тое, і ўсе ўсё адразу зразумеюць. На ўроку аказваецца, што пасля тлумачэння застаюцца тыя, хто не засвоіў. І тут пачынаецца імправізацыя. Каб не губляць час, адлюстроўваю незразумелае самымі простымі жыццёвымі прыкладамі, тлумачу літаральна на пальцах. Такія вось пазаштатныя сітуацыі — гэта нармальна, таму іх таксама можна планаваць.

— Марыя Мікалаеўна, якую ролю вы адводзіце інфармацыйным камп’ютарным сродкам на сваіх уроках?

— Хтосьці з вучняў лягчэй успрымае візуальную, хтосьці аўдыяінфармацыю. Таму максімальна выкарыстоўваць камп’ютарныя тэхналогіі — добры выхад пры рабоце з дзецьмі з розным тыпам успрымання. Адна справа, калі ты тлумачыш ім тэму на словах, зусім іншая — калі паказваеш слайды і прэзентацыі. Актыўна карыстаюся інфармацыйнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і на ўроках “Чалавек і свет”. Напрыклад, паказваю фільмы аб тым, як з’яўляюцца расліны, як паводзяць сябе розныя жывёлы. Стараюся звязаць ІКТ з элементамі праблемнага навучання. Не агучваючы тэму ўрока, уключаю тэматычны мультфільм, пасля аналізуем яго, і падчас аналізу дзеці самі здагадваюцца пра тэму ўрока. Нядаўна ўзняліся на новую прыступку: самі вызначаем не толькі тэму, але і мэту ўрока.

— Якія ўласныя “фішкі” выкарыстоўваеце падчас урока, каб трымаць увагу дзяцей?

— Наўмысна раблю памылкі ў словах, прыкладах. Спачатку гэта заўважалі самыя ўважлівыя і дапытлівыя, менш актыўным прыходзілася падцягвацца. Зараз яны ўжо чакаюць гэтых памылак, уважліва сочаць за настаўнікам, каб першымі звярнуць на іх маю ўвагу. Здаецца, просты гульнявы элемент, а дзеці ў чаканні гэтай выпадковасці становяцца больш сабранымі і ўважлівымі.

— Тэмперамент у дзяцей розны: ёсць сціплыя і павольныя, а сустракаюцца і гіперактыўныя. Ці стараецеся вы гасіць звышактыўных і як разварушваеце сціплых?

— Гасіць прыходзіцца, таму што, калі гіперактыўных пастаянна не нагружаць заданнямі, яны пачынаюць перашкаджаць больш спакойным. У кожнага свая “зона камфорту”, і часам спакойныя дзеці нават скардзяцца, што ад шумных баліць галава. Для супакойвання ў нас прысутнічае традыцыйны элемент пачатковых класаў — спецыяльная канторка, за якую запрашаюцца шумныя. Яшчэ стараюся пастаянна адцягваць увагу самых жвавых на сябе. Напрыклад, тлумачу нешта і пытаюся: “Цімафей, ты са мной згодны?” І шустры Цімафей, які дагэтуль займаўся сваімі справамі, жадае ён гэтага ці не, аказваецца ўцягнуты ў класную работу. Ранішнюю зарадку праводжу з вучнямі не я, а самыя актыўныя парушальнікі спакою — фізічныя практыкаванні забіраюць частку лішняй энергіі на сябе. Наогул, чаргаванне дынамічнай дзейнасці з павольнай, разумовай — лепшы выхад з сітуацыі неспакою. Веды па дзіцячай псіхалогіі, якія выкладалі ва ўніверсітэце, не заўсёды спрацоўваюць на ўроку. Быў час, калі я прыходзіла дадому і шукала ў інтэрнэце, як паводзіць сябе з такімі дзецьмі. Што датычыцца сціплых дзяцей, цяжэй за ўсё ім даюцца адказы каля дошкі. Выходзім з сітуацыі так: засаромеўся на ўроку — рэпеціруем з ім выхад да дошкі на перапынку.

— Якім, на вашу думку, павінен быць знешні выгляд маладога настаўніка і яго паводзіны ў сацыяльных сетках?

— Калі ты педагог — ты з’яўляешся прыкладам для тых, хто побач. Дзеці, асабліва гэта датычыцца дзяўчынак, капіруюць мае паводзіны, маё маўленне, жэсты, знешні выгляд. Здаралася, што прыходзілася тлумачыць вучаніцам, што кольцы і доўгія пазногці — гэта для дарослых, а дзяўчынкі яшчэ маленькія. Стараюся, каб у маім знешнім выглядзе ўсё было ў меру. Што датычыцца сацыяльных сетак, асабістую інфармацыю я не стала б выстаўляць напаказ, таму што дзеці потым не адчуваюць мяжы, з рангу дарослага паважанага чалавека, настаўніка, ты пераходзіш у разрад сяброўкі, асабістыя фотаздымкі якой яны вынайшлі ў сацыяльнай сетцы. Я не асабліва падтрымліваю актыўнасць у сацыяльных сетках, каб маё асабістае не выходзіла за рамкі таго, што могуць убачыць дзеці і іх бацькі.

— Ці адчуваеце вы падтрымку адміністрацыі школы і калег?

— Так склалася, што сярэдняя школа № 155 — не толькі першае месца маёй педагагічнай працы, але і школа, якую я калісьці скончыла. Таму мне, напэўна, прасцей, чым іншым маладым настаўнікам, падысці да сваіх калег па тлумачэнне. Прытрымліваюся думкі, што лепш 10 разоў спытаць у вопытных калег, чым адзін раз моцна памыліцца. Аксана Мікалаеўна Зелянкевіч, мая настаўніца, заўсёды падкажа нават не адно, а некалькі рашэнняў праблемы. З пытаннямі па каляндарна-тэматычным планаванні, якое выклікае цяжкасці ў любога маладога настаўніка, звяртаюся да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алы Леанідаўны Гапонавай. Значная дапамога адчуваецца і з боку школы маладога педагога на чале з Нінай Дзмітрыеўнай Хацян: мы хадзілі на адкрытыя ўрокі, збіраліся на абмеркаванні праблемных пытанняў, дзяліліся вопытам. Маладога педагога не пакідаюць сам-насам з яго праблемамі, і гэта вельмі радуе.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.