У Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы мяне чакалі адразу дзве, на першы погляд, вельмі палярныя сустрэчы. Гісторыя першага героя — пра патрыятызм, трагедыю і маральны абавязак, а другая гутарка падышла б хутчэй для глянцавага часопіса. Дзіўлюся, якімі рознымі бываюць прызёры Рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі”! Знаёмцеся з імі ў “Галерэі творцаў” — сумесным праекце “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Каледж многія гады рыхтуе швачак і краўцоў, якія разумеюць, што шыць — значыць не проста правільна падбіраць тканіну і рабіць акуратныя выкрайкі. Тут вучаць ствараць стыльныя і практычныя вырабы, з густам насіць і прэзентаваць іх. Цяжка паверыць, што многія выпускнікі каледжа паступалі сюды выпадкова, каб “перасядзець”.
— Да нас прыходзіць нямала навучэнцаў з нізкай матывацыяй. Часта дзяўчаты, якія набываюць адразу дзве прафесіі, вельмі чакаюць заняткаў, напрыклад, па цырульніцкай справе, а швейнымі дысцыплінамі не цікавяцца зусім, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце каледжа Таццяна Уладзіміраўна Бродская. — Таму важна, каб майстры праяўлялі ініцыятыву і паступова ўцягвалі навучэнцаў у творчы працэс. Каб заахвоціць дзяўчат, арганізуем конкурсы навагодніх касцюмаў, інтэр’ернай лялькі.
У каледжы добра разумеюць: матываваць вучня зможа толькі педагог, у якога гараць вочы, таму вельмі ўважліва ставяцца да хобі сваіх супрацоўнікаў. Напрыклад, майстар Таццяна Анатольеўна Хартава захапілася вырабам лялек — гэта заўважылі і падтрымалі, цяпер яна праводзіць заняткі для дзяўчат, яны разам удзельнічаюць у выставах і конкурсах. А бібліятэкар каледжа Ірына Васільеўна Цяслова зацікавілася батыкам і зараз вучыць дзяўчат распісваць тканіну. Акрамя гэтага, навучэнцы ахвотна займаюцца пэчворкам і вязаннем.
— Выкладчыкі гатовы нават самі закупляць матэрыялы, аддаваць дадатковым заняткам свой вольны час. І мы гэта цэнім, стараемся дапамагаць ва ўсім, — падзяляе запал калег Таццяна Уладзіміраўна.
Гісторыя руплівага пошуку
Сваёй справай апантаны і Анатоль Аляксеевіч Бурдо, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Пошук”, які хутка адзначыць сваё 35-годдзе. Увесь вольны (і нявольны) час ён прысвячае разбору архіваў, пошуку астанкаў байцоў і ўстанаўленню мемарыяльных знакаў. Побач заўсёды яго вучні: спачатку гэта былі навучэнцы каледжа, сёння — моладзь з усяго горада. Зразумела, сухімі лічбамі іх не зацікавіш.
— Спачатку яны, канечне, вучаць гісторыю вайны, без гэтага нельга, — тлумачыць Анатоль Аляксеевіч. — Пасля далучаюцца да велізарнай перапіскі: мы шукаем родзічаў салдат, што загінулі ці прапалі без вестак. Накіроўваем запыты ў архівы, адпраўляем лісты магчымым нашчадкам.
Гэты этап асаблівы — маладыя людзі дакранаюцца да рэальнага чалавечага лёсу, асабістай драмы воіна. Яны становяцца сапраўднымі ўдзельнікамі яго гісторыі, таму глыбока яе асэнсоўваюць. Такога эфекту не дабіцца ні на адным уроку гісторыі!
— Пошук — гэта вельмі доўгі працэс. Гэта сёння нам значна аблягчылі работу спецыялізаваныя сайты, а раней даводзілася ездзіць у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны і пастаянна чакаць адказаў з іншых архіваў, — расказвае Анатоль Аляксеевіч і паказвае тоўстыя папкі з лістамі. — І калі прыходзіць адказ, навучэнцы з такой пяшчотай трымаюць у руках гэтую паперу!
З такіх папак нарадзілася нямала навуковых работ, адзначаных на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Кіраўнік клуба і сам штогод рыхтуе даклады і падтрымлівае інтарэс да навукі ў вучняў. З гонарам прызнаўся, што нядаўна на адным з конкурсаў перамагла работа яго ўнука — прызёра алімпіяд па гісторыі і аматара гістарычных рэканструкцый. Відаць, змену сабе Анатоль Аляксеевіч падрыхтаваў з усёй адказнасцю.
Ды вернемся да работы клуба. Наступны крок — спазнаць рамантыку “зорных паходаў”. Разам з Анатолем Аляксеевічам яго навучэнцы выпраўляюцца на месцы баёў, каб даглядаць помнікі воінам і ўрачыста адкрываць новыя, удзельнічаць у пахаванні знойдзеных іх намаганнямі астанкаў. Захапляе падлеткаў і разведка — яны гутараць з мясцовымі старажыламі, якія часта падказваюць напрамак новага пошуку — поле, дзе адбыўся бой, ці месца расстрэлу…
— А вечарамі мы збіраемся ля кастра, спяваем франтавыя песні пад гітару, — узгадвае Анатоль Аляксеевіч. — Бывае, праводзім спаборніцтвы.
Сабраную інфармацыю клуб перадае 52-му пошукаваму батальёну, які займаецца перапахаваннем воінаў. А раней падлеткі самі праводзілі археалагічныя раскопкі. Працавалі вельмі многа.
— Шукаем, пакуль не трапіцца амуніцыя ці ржа. А калі адразу некалькі пустых гільз побач — значыць, тут была траншэя.
Апошнім часам выхаванцы клуба ўдзельнічаюць і ў аўтапрабегах. Разам з гарадской арганізацыяй ветэранаў вайны ў Афганістане “Брацтва” яны сочаць за помнікамі і пахаваннямі падчас аўтавандровак па вобласці.
Яшчэ адзін моцны выхаваўчы інструмент у руках Анатоля Аляксеевіча — народны музей баявой славы Віцебскай чырванасцяжнай ордэна Суворава 251-й стралковай дывізіі, дырэктарам і адным са стваральнікаў якога ён з’яўляецца. Менавіта відэапрэзентацыя музея атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Дакументальны фільм” на рэспубліканскім конкурсе “Арт-партал”.
— Думка заснаваць музей узнікла падчас святкавання 40-годдзя Перамогі. Я сустрэўся з ветэранамі дывізіі ў Маскве і так загарэўся ідэяй стварэння музея, што стаў прысвячаць ёй амаль увесь свой час, — узгадвае Анатоль Аляксеевіч. — Зараз музей налічвае больш за 8000 экспанатаў, з іх 3000 — натуральныя, і займае 1-е месца сярод музеяў баявой славы, створаных у вучэбных установах краіны.
Кожны ўдзельнік клуба быў тут не раз — Анатоль Аляксеевіч рэгулярна запрашае на экскурсіі. Матэрыял такі багаты, што можна правесці некалькі груп, ні разу не паўтарыўшы адну і тую ж гісторыю. І многія з гэтых гісторый былі знойдзены вучнямі Анатоля Аляксеевіча.
— Вось, напрыклад, быў у нас франтавы альбом, які ветэраны не хацелі аддаваць: вельмі дарагая памяць. Я не змог знайсці да іх падыход, а прыехала адна з маіх вучаніц, знайшла правільныя словы — і вярнулася з гэтым найкаштоўнейшым альбомам! — задаволена ўсміхаецца Анатоль Аляксеевіч. — Цяпер ён захоўваецца ў Маскве.
Многія з экспанатаў былі знойдзены падчас міжнародных вахт памяці, калі ў Віцебск прыязджалі ветэраны дывізіі і самі паказвалі месцы баёў.
— Напрыклад, зампаліт батальёна Кісялёў паказаў зямлянку: “Вось тут нас накрыла, я ледзь паспеў выскачыць. Тут была рацыя, а тут — трое маіх таварышаў загінулі”, — пераказвае Анатоль Аляксеевіч. — Пачалі капаць — так і ёсць, усё знайшлі!
У гонар загінуўшых воінаў і салдацкіх подзвігаў клуб усталяваў ужо 27 помнікаў і 7 мемарыяльных дошак. Усё — за сродкі неабыякавых да гісторыі краю людзей і з удзелам маладога пакалення. А іх памяць больш каштоўная за самі мемарыялы.
— У гэтым годзе 22 чэрвеня а 4-й гадзіне раніцы я разам з сябрамі быў на плошчы Перамогі. Мы дамовіліся штогод сустракаць гэты дзень у знакавых мясцінах, — дзеліцца Анатоль Аляксеевіч. — Я б хацеў, каб гэта стала масавай акцыяй, каб моладзь таксама прыходзіла з кветкамі да Вечнага агню ў Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Дысцыпліна на подыуме
Здавалася б, легкадумна пасля такой кранальнай размовы заводзіць гутарку пра тэатр моды. Але, перш чым рабіць высновы, варта пабачыць яго калекцыі: яны таксама прасякнуты любоўю да роднай зямлі і павагай да яе мінулага. Калекцыя “Мая радзіма Беларусь” у нацыянальных колерах краіны, велічная геральдычная калекцыя з выявамі гербаў гарадоў Віцебскай вобласці, гістарычная калекцыя “Пінская шляхта”… Больш, чым самі строі, уражвае толькі майстэрства іх аўтараў і грацыя мадэлей. Аб рабоце тэатра моды, які атрымаў дыплом І ступені конкурсу “Арт-вакацыі”, расказала кіраўнік студыі дэманстратараў Таццяна Пятроўна Іванова.
— У каледжы паказы ладзілі яшчэ з 70-х гадоў. Спачатку — на мастацкіх саветах, пасля для ўсіх навучэнцаў. З часам сталі шыць калекцыі спецыяльна для паказаў.
Доўгі час адзіным “падручнікам” для дзяўчат былі часопісы. Таццяна Пятроўна звяртала ўвагу на паварот галавы ці становішча рук мадэлей на фотаздымку. Сапраўдным адкрыццём стала спутнікавае тэлебачанне!
— Я запісвала паказы на плёначныя касеты і прыносіла ў каледж. Мы не маглі наглядзецца! — смяецца Таццяна Пятроўна. — А пасля пачалі здымаць і сябе. Дзяўчаты саромеліся, але глядзелі ўважліва — так нашмат лепш бачна памылкі.
У 2000-я пра паказы не чуў толькі гультай. Дзяўчынкі марылі быць падобнымі да Наомі Кэмпбел, а модныя дамы арганізоўвалі феерычныя перформансы. Тады тэатр моды выбраў, здаецца, самы бяспечны і разумны шлях — прытрымлівацца класічных пазіцый і на першае месца ставіць вопратку, якую прэзентуюць мадэлі.
— Мы дадаём танцавальныя элементы, калі гэтага патрабуе тэма калекцыі, але робім гэта вельмі асцярожна: наша першасная задача — прадэманстраваць вобраз, — тлумачыць сваю пазіцыю Таццяна Пятроўна. — Калі на тваім строі — выява герба ці работа Шагала, кожны рух мусіць быць дакладным, інакш не будзе глядзецца ўвесь малюнак.
Але такая пазіцыя не перашкаджае дзяўчатам дазволіць сабе крыху гарэзлівасці на паказе калекцый спартыўнай ці льняной вопраткі. Калі ў калектыве ёсць спартсменкі, то ў малюнак дэфіле ўключаюцца нават акрабатычныя элементы. Цудоўна ўпісваюцца і выступленні паэтычнага гуртка, з якім сябруе тэатр моды, песні сольных артыстаў.
Набор у студыю праходзіць у верасні, а дадатковыя прагляды — некалькі разоў у год. Таму дзяўчаты, якія спачатку саромеліся выйсці на подыум, могуць далучыцца пасля, а калектыў пастаянна абнаўляецца і збірае самых старанных і дысцыплінаваных. Менавіта гэтыя якасці развівае ў сваіх выхаванак Таццяна Пятроўна.
— Прыгажосць — не крытэрый, бо ў гэтым узросце дзяўчынкі ўсе прыгожыя. А вось жаданне працаваць — гэта важна. Я сачу за адзнакамі сваіх вучаніц, іх паводзінамі. На першым сходзе папярэджваю, што мы паважаем адна адну і паводзім сябе прафесіянальна. Варта новенькай дзяўчынцы закапрызіць, як старэйшыя тут жа робяць заўвагу.
На занятках дэманстратары вучацца ствараць суцэльны вобраз, павышаюць узровень выканаўчага майстэрства, вывучаюць малюнкі дэфіле. Развіваюць і музычную дасведчанасць: толькі калі дзяўчына чуе дынамічную долю, яна можа трымаць агульны тэмп і рытм на сцэне.
— Тэатр моды — складаны і эфектыўны кірунак мастацка-творчай дзейнасці моладзі, які актыўна прымяняецца ў выхаваўчай рабоце. Па-першае, яскравая індустрыя моды здаецца лёгкай і даступнай. Таму дзяўчынкі, а сёння і юнакі, ахвотна выбіраюць тэатры моды з усяго мноства творчых аб’яднанняў, часта — на шкоду іншым сваім здольнасцям. Па-другое, багацце крэатыўных дызайнерскіх рашэнняў у розных стылях робіць няпростым іх якасны аналіз і амаль немагчымай колькасную ацэнку. І маладыя людзі выбіраюць найбольш эмацыянальныя, а часта — агрэсіўныя, правакацыйныя кірункі.З іншага боку, актыўны інтарэс навучэнцаў да гэтага віду мастацкай творчасці павышае занятасць моладзі ў вольны час.
Сінтэз працэсу набыцця ведаў па спецыяльнасці і пазавучэбнай творчай дзейнасці дазваляе педагогу адначасова фарміраваць будучага прафесіянала, развіваць у яго эстэтычныя пачуцці і нават праз навучэнцаў каледжа ўздзейнічаць на шырокую маладзёжную аўдыторыю.
Адно з галоўных патрабаванняў да кіраўніка тэатра моды — пастаянная актуалізацыя сваёй прафесійнай практыкі. Іншымі словамі, ён мусіць быць сучасным кожнае імгненне!
— Асноўны ўпор робім на базавыя крокі і павароты, без іх нават самая прыгожая дзяўчына не пройдзецца эфектна, — падсумоўвае Таццяна Пятроўна. — Затое, калі падмурак ёсць, гледачам здаецца: “Як проста хадзіць па подыуму! Я б таксама змагла!”.
Зараз у калектыве 20 асноўных дэманстратараў і вялікае мноства “запасных гульцоў” — канкурэнцыя тут вялікая. На маё пытанне пра любіміц,Таццяна Пятроўна адказвае адназначна:
— Іх няма і ніколі не было! Кожная з маіх дзяўчынак — асоба! Адна захапляецца паэзіяй, другая спартсменка, трэцяя сур’ёзна падыходзіць да вучобы… — пералік доўжыўся не адну хвіліну, і для кожнай выхаванкі ў Таццяны Пятроўны знайшлася станоўчая характарыстыка.
Дзяўчаты сапраўды вельмі розныя, але падчас нашага імправізаванага фотасэта трымаюць сябе вельмі годна і прафесіянальна. Бачна, што яны ганарацца ўдзелам у тэатры моды не менш, чым іх кіраўніца ганарыцца імі.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.