“Каляда, каляда адчыняй вароты!”

- 16:15Нам пішуць

Наша духоўнае багацце, якое прайшло праз стагоддзі, сабрана ў самабытную скарбонку — каляндарна-абрадавыя святы. Даць магчымасць дзіцяці спазнаць лёс роднай Беларусі, яе мінулае —– значыць дапамагчы яму авалодаць спадчынай, духоўнасцю. Народныя святы ўзбагачаюць веданнем народных традыцый, гісторыі краіны, садзейнічаюць сувязі пакаленняў.

Адзін з напрамкаў маёй дзейнасці — азнаямленне выхаванцаў з каляндарна-абрадавымі святамі.

Каляндарна-абрадавыя святы — вялікі і цікавы пласт народнай культуры: яны ідуць следам за сонцам і ствараюць гадавое кола, звязаны з працай, побытам і адпачынкам селяніна на працягу года.

У Казлоўшчынскім яслях-садзе стала добрай традыцыяй праводзіць калядкі. Напярэдадні — вялікая падрыхтоўчая работа: дзецям раскрываецца сэнс свята, яны вучаць вершы, песні, рыхтуюць адпаведныя атрыбуты і касцюмы разам з бацькамі. Нашым выхаванцам вельмі падабаецца сустракаць гасцей-калядоўшчыкаў: Казу, Мядзведзя, Цыганку, Зорканошу, калядоўшчыкаў-дзяцей. З вялікім захапленнем удзельнічаюць у традыцыйных калядных гульнях, водзяць карагоды (“Калядачкі”, “Го-го-го, каза”, “Будзь, ваша, здароў” і іншыя). Усе калядоўшчыкі ўслаўляюць гаспадароў за шчодрасць, дабрыню, гасціннасць, нясуць пажаданні здароўя, шчасця і добрага настрою на ўвесь новы год. Адпаведны настрой у дзяцей і падчас калядных гульняў (“Пакажы, казелінька”, “Прэла-гарэла”, “Грашовая мяцёлка”, “Каза барадатая”, “Ці быць нам у згодзе ў гэтым годзе” і іншыя).

Вось так, крок за крокам, знаёмячы маленькіх выхаванцаў з традыцыямі свайго народа, не цураючыся размаўляць па-беларуску, мы прывіваем любоў да сваёй краіны і народа.

Т.В. МАЕР,
музычны кіраўнік Казлоўшчынскага ясляў-сада

Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.