або Хобі з карысцю для іншых
Неаднойчы “Настаўніцкая газета” звярталася да тэмы дабра, спагады, неаднойчы расказвала пра сацыяльныя праекты і дабрачынныя акцыі.
І яшчэ неаднойчы раскажа, бо тэма гэтая невычэрпная. Сёння ў цэнтры нашай увагі — ініцыятывы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якім хапае часу, сіл, ініцыятывы і на вучобу, і на валанцёрскія праекты, і на ўсё іншае, чым так багата жыццё маладога цікаўнага чалавека. Так студэнты робяць і сваё жыццё, і жыцці тых, каму дапамагаюць, больш цікавым, поўным, асэнсаваным. Каляровым, адным словам.
Сем з плюсам
— Наш універсітэт заўсёды адкрыты для любых студэнцкіх ініцыятыў, — гаворыць начальнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталля Капацэвіч, якая сама, калі была студэнткай, узначальвала валанцёрскі рух БРСМ ва ўніверсітэце. — Гэтыя ініцыятывы добра прадстаўлены і ў цэлым ва ўніверсітэце, і ў Студэнцкай асамблеі БДУ, у якую зараз уваходзяць ужо сем арганізацый.
Тут варта растлумачыць, што Студэнцкая асамблея — вышэйшы прадстаўнічы орган студэнцкага самакіравання, створаны амаль тры гады назад. Адна з задач асамблеі якраз і тычыцца кансалідацыі студэнцкага грамадскага руху. Сёння асамблея збірае пад сваім крылом універсітэцкую ячэйку БРСМ, пярвічную прафсаюзную арганізацыю студэнтаў універсітэта, савет стараст, Студэнцкі саюз БДУ, Студэнцкі савет па якасці адукацыі, каардынацыйны савет студэнцкіх саветаў інтэрнатаў, савет зямляцтваў.
У хуткім часе да гэтых аб’яднанняў мяркуе далучыцца творчы саюз універсітэта, які актыўна дзейнічае, але пакуль вырашае пытанне са статутам і некаторыя іншыя. Штогод членамі маладзёжных арганізацый становіцца прыкладна 400 студэнтаў, а з далучэннем Творчага саюза гэтая лічба павялічыцца.
З назваў многіх падраздзяленняў зразумела, чым яны займаюцца. Так, Саюз зямляцтваў звязвае ўсіх замежных студэнтаў: зямляцтвы студэнтаў з Кітая, Расіі, Туркменістана, краін Заходняй Еўропы і ЗША, Азіі, краін Блізкага Усходу і Афрыкі. Для гэтых маладых людзей універсітэт арганізоўвае экскурсійныя паездкі па Беларусі, экскурсіі па сталіцы, творчыя і літаратурныя вечары, дапамагае з арганізацыяй нацыянальных свят, напрыклад, вясенняга свята Наўруз. Так іншаземцам, безумоўна, прасцей адаптавацца да новай краіны, наладзіць сацыяльныя і культурныя сувязі.
Рухаемся далей па карце Студэнцкай асамблеі БДУ, даходзім да Студэнцкага саюза — арганізацыі, якая з’явілася ва ўніверсітэце яшчэ ў 1997 годзе. Яе ўдзельнікі займаюцца і валанцёрствам, і творчымі праектамі. Так, студэнцкі баль, які традыцыйна пройдзе ў кастрычніку, арганізоўваюць менавіта члены Студэнцкага саюза. Адзін з валанцёрскіх праектаў саюза — праект “Мая школа”, у рамках якога студэнты працуюць з выхаванцамі дзіцячых дамоў. Валанцёры дапамагаюць дзецям у вучобе і займаюцца з імі прафарыентацыяй, расказваючы пра сваю вучобу і планы на будучыню.
Ёсць падобныя праекты і ў іншых арганізацыях асамблеі. Так, у БРСМ гэта праграма “Абдымкі”. Вось як былы кіраўнік праграмы Настасся Ілютка апісала свае ўражанні ад работы па гэтым праекце, запрашаючы першакурснікаў далучыцца да валанцёраў: “Ці гэта будзе Міжнародны дзень абароны дзяцей, Міжнародны дзень пажылых людзей або Міжнародны дзень інвалідаў — ні адну значную дату мы не пакінем без увагі. Падарункі, прысмакі і добры настрой — неад’емныя атрыбуты такіх свят. Але дзеткі і дарослыя больш за ўсё чакаюць іншага — нашай увагі і хаця б кропельку клопату. Нас сустракаюць з усмешкай, а праводзяць, моцна абдымаючы і гаворачы: “Дзякуй, да хуткай сустрэчы”. З упэўненасцю заяўляю: гэта самае каштоўнае”.
Адзін з апошніх праектаў “Абдымкаў” — канцэрт выхаванцаў з дзіцячых дамоў і дзяцей-інвалідаў сумесна з беларускімі артыстамі на сцэне Ліцэя БДУ. Адным з удзельнікаў акцыі быў Георгій Калдун, а дзеці мелі магчымасць прадэманстраваць свае таленты. Праект называўся “Кветкі жыцця”.
Звычайныя чараўнікі
Адзін з унікальных праектаў студэнтаў БДУ — фотапраект “Сонечная прафесія” для дзяцей з сіндромам Даўна. Малыя здымаліся ў касцюмах, якія адпавядаюць прафесіі іх мары, напрыклад, кухара, паштальёна, актрысы. А яшчэ да іх і іх бацькоў прыходзіў генеральны менеджар сталічнага атэля “Рэнесанс” Еспер Франслі і расказваў, як у Еўропе працуюць з тымі, хто мае гэты сіндром. Удзельнічалі ў сустрэчы і прадстаўнікі органаў сацыяльнай абароны насельніцтва. Дарэчы, у названым атэлі ўжо ёсць супрацоўнікі з сіндромам Даўна, адзін з іх атрымаў тут работу пасля акцыі БДУ. Магчыма, гэта толькі першы крок, а пазней цяперашнія маленькія ўдзельнікі фотапраекта “Сонечная прафесія” змогуць уладкавацца на работу.
Гэтая ініцыятыва рэалізоўвалася пад эгідай праекта “Мая школа”. Другая паспяховая акцыя праграмы — дапамога прытулку для бадзяжных жывёл. Студэнты разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з дзіцячых дамоў рабілі брошкі, якія потым у сталічным гандлёвым цэнтры дарылі людзям, якія, паслухаўшы валанцёраў, набывалі для прытулку прадукты для чатырохногіх бяздомных.
Не ўсе сацыяльныя праекты студэнтаў БДУ ажыццяўляюцца пад эгідай Студэнцкай асамблеі. На факультэце міжнародных адносін дзейнічае дабрачынная студэнцкая арганізацыя “Сацыяльная ініцыятыва”. Маладыя людзі ездзяць у Навінкі ў дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Непадрыхтаванаму чалавеку там, канечне, цяжка знаходзіцца, але валанцёры спраўляюцца, і факультэт працягвае падтрымку хворых малых не першы год.
Пад загадкавай абрэвіятурай ТНЧ хаваецца праект “Таварыства нармальных чараўнікоў” філфака. Пра тое, як нарадзілася цудоўная назва групы, існуе цікавая гісторыя. Дзяўчаты прыехалі ў Івянецкі дзіцячы дом, і адзін хлопчык спытаў: “А вы хто, чараўнікі?” “Так”, — адказалі яму. “Ну, вы нармальныя чараўнікі”, — сказаў на гэта хлопчык. Акрамя таго, удзельнікі ТНЧ ездзяць у Асіповіцкі дзіцячы дом, дзе таксама паказваюць тэатральныя пастаноўкі і размаўляюць, гуляюць з выхаванцамі.
— Мы лічым, што мала выступіць і ўручыць дзецям падарункі, — падкрэслівае начальнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў. — Валанцёры акцэнтуюць увагу на зносінах з малымі.
Так робяць і ўдзельнікі праекта “Дзякую” хімічнага факультэта ўніверсітэта, якія супрацоўнічаюць з сацыяльным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Геном”, што збірае бацькоў і іх дзяцей з генетычнымі захворваннямі. Валанцёры дапамагаюць мацярам, даглядаючы іх здаровых дзяцей, каб жанчыны маглі адвезці хворае дзіця да ўрача, куды-небудзь яшчэ. Таксама арганізоўваюць для членаў аб’яднання сумесныя святы — дзень нараджэння ў парку і г.д. Ладзяць святы для малых і ўдзельнікі студыі “МІМ-BSU”, якія выбралі такі напрамак работы з дзецьмі, як клоўнатэрапія. А аддзяленне фонду міру БДУ курыруе адзін з дзіцячых дамоў Мінска, займаецца валанцёрскай работай.
Сацработнік — не толькі прафесія
Два факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій і факультэт сацыякультурных камунікацый — што называецца, арыентаваны на падрыхтоўку спецыялістаў па рабоце з тымі, каму патрэбна дапамога, па сацыяльнай рэкламе і г.д.
Для студэнтаў гэтых факультэтаў навучанне і дабрачыннасць, валанцёрства непарыўна звязаны. Так, на ФСК ёсць цэлы кірунак па сацыяльных праектах, распрацаваны праграмы. Напрыклад, у стадыі распрацоўкі знаходзіцца праект сацыяльнай рэкламы па энергазберажэнні ў гарадскім транспарце. Паспяхова працуюць праекты па буккросінгу паміж факультэтамі, інклюзіўны тэатр, “Мы памятаем” і інш.
Няцяжка здагадацца, што праект “Мы памятаем” прысвечаны рабоце з ветэранамі. Дарэчы, зараз 22 былыя супрацоўнікі ўніверсітэта — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Хаця не забываюць пра ветэранаў не толькі будучыя сацыяльныя работнікі. Да кожнага юбілею заслужаным людзям установа вышэйшай адукацыі аказвае матэрыяльную дапамогу ў памеры 10 базавых велічынь, студэнты віншуюць ветэранаў з кожным святам, а тыя, у сваю чаргу, ведаюць, што з любой праблемай могуць звярнуцца ў свой універсітэт.
Праект “Дарога надзеі” Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій накіраваны таксама на работу з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Ды і пра іншыя праекты можна шмат расказаць, хаця ва ўніверсітэце ёсць студэнты-валанцёры, якія не задзейнічаны ў іх, проста займаюцца справай па душы, выбіраючы хобі, якое будзе карысна іншым. Іх курыруе непасрэдна ўпраўленне па выхаваўчай рабоце з моладдзю.
Хутка ва ўніверсітэце пройдзе традыцыйны сход, на якім кіраўнікі праектаў раскажуць першакурснікам пра работу сваіх аб’яднанняў, раздадуць адпаведныя буклеты і запросяць да супрацоўніцтва. Рэклама такой дзейнасці ёсць і ў сацыяльных сетках.
Акрамя таго, восенню ва ўніверсітэце праходзіць конкурс “Лепшы маладзёжны праект”, пераможцы якога атрымліваюць грашовыя гранты на рэалізацыю сваіх ідэй. Штогадова на конкурс трапляе да 40 праектаў. Гэта могуць быць праекты рознай накіраванасці, у тым ліку сацыяльнай — у любым выпадку яны некамерцыйныя. А ўніверсітэт акрамя грашовай, можа аказаць, напрыклад, арганізацыйную падтрымку. Так, у сёлетнім конкурсе прадстаўлены згаданы вышэй праект “Кветкі жыцця”.
— Мы зараз думаем над тым, каб распрацаваць пашпарт валанцёра ўніверсітэта, — гаворыць Наталля Капацэвіч. — Вось бачыце, гэта пашпарт валанцёра з Азербайджана, узор якога падарылі нам сябры з гэтай краіны. Актыўная дабрачыннасць — гэта і бясцэнны вопыт, які можа быць улічаны пры прыёме на работу, засяленні ў інтэрнат, устанаўленні льгот па аплаце вучобы, таму і варта было б увесці пашпарт валанцёра. А, маючы вопыт дабрачыннай работы, чалавек здольны рэалізаваць сябе не толькі ў валанцёрстве.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва БДУ.