Камандны дух метадычных аб’яднанняў

- 10:47Адукацыйная прастора

У рабоце метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы Маскоўскага раёна Мінска з пасяджэння ў пасяджэнне каторы год стаўку робяць на фарміраванне моцнай, з’яднанай каманды і пазітыўны настрой. Такі падыход дапамагае спрабаваць і асвойваць усё новае з жаданнем, старацца працаваць дружна і на максімальны вынік. 

Л.С Масальская.

Настаўніца гімназіі № 61 Мінска Людміла Савельеўна Масальская ўжо 5 гадоў стаіць на чале метадычнага аб’яднання педагогаў англійскай мовы Маскоўскага раёна. Кіраўнік РМА імкнецца перадаваць удзельнікам сваёй структуры не толькі тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, але і свой імпэт, асаблівае стаўленне да працы. 

— На кожныя заняткі я шукаю нешта адметнае, каб панавалі прыемнае здзіўленне і выключна добры настрой, — адзначае Людміла Савельеўна.  — Раблю стаўку на пазітыў, бо гэта тая атмасфера, у якой хочацца працаваць, дасягаць пэўных вынікаў, абменьвацца вопытам і папаўняць свой прафесійны багаж. Калі чалавек пачынае справу ці ідзе некуды з усмешкай, у яго, як правіла, усё атрымліваецца. Увогуле, прыемна адзначыць, што ўсе кіраўнікі метадычных аб’яднанняў устаноў адукацыі — а іх у нашым Маскоўскім раёне 36 — людзі актыўныя, творчыя, пастаянна развіваюцца і гатовы да інтэрактыву і ўзаемадзеяння.

У кіраўніка РМА настаўнікаў англійскай мовы склалася свая сістэма работы метадычнага аб’яднання, накіраваная на садзейнічанне прафесійнаму развіццю ўдзельнікаў, павышэнне педагагічнай кампетэнцыі, каб настаўнікі не адставалі ад патрабаванняў імклівага часу, а атрымалі натхненне на далейшую работу ў сваіх калектывах. Штогод абавязкова праводзіцца дыягностыка адукацыйнага запыту настаўнікаў, пасля робіцца яе аналіз. З улікам атрыманых вынікаў плануецца работа метадычнага аб’яднання на год. Тэматыка пасяджэнняў заўсёды адлюстроўвае значныя аспекты сучаснай адукацыі і ў першую чаргу абумоўліваецца запытамі педагогаў.

— Наша раённае метадычнае аб’яднанне — каманда аднадумцаў, — расказвае Людміла Савельеўна. — Галоўнае — уключыць кожнага ў дзейнасць, якая забяспечвае фарміраванне і развіццё ключавых кампетэнцый, неабходных для паспяховай работы і жыцця. Гэтая задача будзе выканана, толькі калі намаганні ўсіх будуць накіраваны ў адно рэчышча, з поспехаў кожнага складзецца агульны поспех. Нашы асноўныя мэты — дзяліцца новым, цікавым вопытам, апрабаваць яго і затым смела і ўпэўнена ўносіць у свае ўрокі.

 Формы правядзення метадычных пасяджэнняў разнастайныя, але заўсёды нясумныя, патрабуюць актыўнай дзейнасці ад усіх удзельнікаў. Гэта і метад кейсаў, і панарама вопыту, і рэфлексіўна-аналітычны палілог, а таксама дыптых, кірмаш педагагічных ідэй. Сфарміраваліся і свае прынцыпы. Напрыклад, ніхто з удзельнікаў ніколі не чытае доўгія даклады па паперы, а падчас выступлення расказвае галоўнае са свайго ўласнага вопыту, прыводзіць канкрэтныя прыклады, дэманструе фрагменты ўрокаў.

Кожнае пасяджэнне РМА праводзіцца абавязкова ў новай форме, такім чынам паступова апрабуюцца сучасныя тэхналогіі, метады і прыёмы. На пасяджэннях РМА кіраўнікам прадастаўляецца магчымасць выбіраць формы, метады і прыёмы, выходзіць за межы ўжо асвоенага, развіваць гатоўнасць да прыняцця новага. У выніку ствараецца крэатыўнае метадычнае поле, каб стымуляваць у педагогаў патрэбу да самарэалізацыі і фарміравання ўласнага прафесійнага почырку.

У апошні час былі праведзены такія пасяджэнні, як метадычны дыптых “Формы і метады дыстанцыйнага навучання вучняў. Выкарыстанне сродкаў медыяадукацыі і вучэбных квестаў на ўроках замежнай мовы”. Таксама прайшоў кірмаш метадычных ідэй “Сучасныя метады і прыёмы навучання і іх рэалізацыя ў працэсе выкладання англійскай мовы”, форум-абмеркаванне “IQ ці EQ (разумовы ці эмацыянальны інтэлект). Выхаваўчы патэнцыял урока англійскай мовы”. Вялікую цікавасць выклікаў рэфлексіўна-аналітычны палілог “Рэалізацыя творчага патэнцыялу педагога як неабходная ўмова развіцця іншамоўнай міжкультурнай кампетэнцыі навучэнцаў на вучэбных занятках па замежнай мове”. Актуальнасць тэматыкі і разнастайныя формы правядзення заняткаў садзейнічаюць прафесійнаму росту і ўдасканаленню методык правядзення розных відаў заняткаў. 

У рамках работы раённага метадычнага аб’яднання з мэтай вывучэння і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў традыцыйна ў сакавіку ладзіцца раённая метадычная дэкада “Актуальныя пытанні сучаснай методыкі выкладання замежнай мовы”. Сёлета ўдзельнікі майстар-класаў змаглі не толькі азнаёміцца з сістэмай работы педагогаў-майстроў, тэарэтычнай асновай і практычнымі аспектамі іх дзейнасці, з узорамі аўтарскіх калекцый дыдактычных матэрыялаў, але і правесці сучасную апрацоўку метадычных прыёмаў і форм педагагічнай дзейнасці падчас дэманстрацыі педагагічнай тэхналогіі. Дзякуючы актуальнай тэматыцы і ярка выяўленай практычнай накіраванасці, такая форма работы, як метадычная дэкада, заўсёды выклікае вялікую цікавасць і дазваляе ўцягнуць у работу раённага метадычнага аб’яднання значную колькасць педагогаў устаноў адукацыі раёна.

Асобна для аказання метадычнай падтрымкі і садзейнічання асобаснай і прафесійнай адаптацыі маладых педагогаў рэгулярна праводзіцца цыкл вучэбных заняткаў для пачынаючых настаўнікаў англійскай мовы Маскоўскага раёна са стажам 1—2 гады. На пачатку мінулага навучальнага года была сфарміравана група з 22 педагогаў з 15 устаноў адукацыі раёна. Удзельнікі наведвалі майстар-класы і адкрытыя вучэбныя заняткі з далейшым практыкумам па аналізе і самааналізе ўрокаў. Як паказала рэфлексія, такая форма садзейнічала аказанню пачынаючым настаўнікам эфектыўнай дапамогі ў фарміраванні і развіцці прафесійных кампетэнцый, а таксама прадаставіла моладзі магчымасці для прадукцыйных зносін, абмену вопытам і сумеснага пошуку рашэнняў узнікаючых праблем. 

— Усе члены нашага аб’яднання ўдзячны метадысту ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы цэнтра аналітычнага менеджменту рэгіянальнай адукацыі МГІРА Таццяне Анатольеўне Шышкавец, якая курыруе нашу дзейнасць, — адзначыла кіраўнік РМА. — Мы заўсёды адчуваем падтрымку сваіх ідэй і пачынанняў, аператыўна атрымліваем метадычную дапамогу, каштоўныя парады. 

Людміла Савельеўна імкнецца з’яднаць усіх удзельнікаў раённага метадычнага аб’яднання ў каманду. Дасягнуць такой мэты дапамагае тымбілдынг, у важнасці і неабходнасці якога настаўніца пераканалася на ўласным вопыце. Адной з цікавых форм правядзення заняткаў па тымбілдынгу стала стварэнне пашпарта раённага метадычнага аб’яднання. Безумоўна, гэты дакумент носіць і сур’ёзны, і жартоўны характар адначасова. Галоўны сэнс у тым, што пры яго распрацоўцы ўдзельнікі больш цесна знаёмяцца адно з адным і ў выніку бачаць і ўсведамляюць усіх менавіта з’яднанай камандай, якая працуе на агульны вынік. 

— Агульны высокі вынік заўсёды залежыць ад настрою, эмоцый кожнага чалавека і ад таго, наколькі ўсім удалося не трымацца ў баку адно ад аднаго, а аб’яднацца, адчуць сябе членамі каманды. Вырашыла абавязкова штогод удзяляць увагу важнай тэме фарміравання каманднага духу, — тлумачыць Л.С.Масальская. — Тымбілдынг з’яўляецца адной з перспектыўных мадэляў карпаратыўнага кіравання, забяспечвае паўнацэннае развіццё калектыву. Да таго ж ён з’яўляецца і адным з найбольш эфектыўных інструментаў кіравання персаналам.

Пры дапамозе тымбілдынгу атрымліваецца стварыць мадэль эфектыўнай каманды, фарміраваць і ўзмацняць камандны дух, прымаць асаблівасці адно аднаго і атрымліваць каштоўныя навыкі сумеснай працы і навучання прыёмам выпрацоўкі агульнай стратэгіі. Часам не задумваюцца аб тым, што калектыў і каманда — гэта не адно і тое ж. Каманда — форма ўзаемадзеяння, у якой з’яўляецца “сінергетычны эфект” (слова “сінергія” ў перакладзе з грэчаскай “супрацоўніцтва, садзейнічанне, дапамога, саўдзел”). За кошт узаемадапаўнення, прыняцця адказнасці за агульны вынік, адкрытасці пры абмене рэсурсамі становіцца магчымым вынік, не даступны пры іншых відах узаемадзеяння. Пры правільным супрацоўніцтве не губляюцца час і сілы на нейкія міжасобасныя канфлікты, на высвятленне функцыянальнай адказнасці, дадатковае стымуляванне да дзейнасці. Пачынаецца чараўніцтва каманднага духу і фарміруецца сапраўдная карпаратыўная культура. Такому віду ўзаемадзеяння характэрна філасофія “Я выйграю, калі выйграеш ты”, “Я выйграю, калі мы ўсе разам выйграём”.

Людміла Савельеўна прадумала ўсё да дробязей, каб стварыць пашпарт раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы. Такі кароткатэрміновы праект быў рэалізаваны за 45 мінут. Для гэтага на адным з пасяджэнняў усе былі падзелены на 4 каманды. Кожная каманда павінна была апытаць усіх без выключэння і сабраць адказы па пэўнай тэме. (У картках было па дзевяць пунктаў, напрыклад, знешнасць, характар, працоўная дзейнасць, педагагічныя інтарэсы, прафесійная накіраванасць, хобі…) Для гэтага члены каманды падзялілі паміж сабой пытанні. Варта было не толькі сабраць інфармацыю, але і пазней падвесці вынік (даведацца ва ўсіх рост і падлічыць агульны сярэдні рост, педагагічны стаж і г.д.).

Работа па апытанні і падвядзенні вынікаў ішла актыўна і нясумна. Гэта дазволіла не толькі арганізаваць дзейнасць усіх без выключэння. Цікава было даведацца напрыканцы, што ва ўсіх ці многіх агульнае, якія існуюць адрозненні. Так, аб’ядналі ўсіх любоў да англійскай мовы, дзяцей, школы. Удалося падлічыць нават, колькі адкрытых урокаў даў кожны ўдзельнік і ўсе разам.

Усе ўнеслі сваю лепту ў складанне агульнага пашпарта, расказаўшы пра сябе і задаўшы пытанні іншым. Прычым пры апытанні ўдзельнікі рухаліся па прынцыпе колаў: паступова партнёры змянялі адно аднаго. Такім чынам паралельна апрабавалі яшчэ і тэхналогію змены пар. Затым каманды падвялі вынік, запоўніўшы падрыхтаваныя карткі, дзе трэба было ўпісаць агульныя адказы і вынікі. Напрыканцы прадстаўнікі кожнай каманды агучылі інфармацыю па сваім блоку пытанняў. Гумар, безумоўна, у многіх пытаннях дапускаўся. 

— Для павышэння каманднага духу ў нас атрымаўся цікавы кароткатэрміновы праект, у якім былі задзейнічаны ўсе, — гаворыць Людміла Савельеўна. — Людзі ўбачылі сябе ў камандзе і адчулі шмат пазітыву, так што ўсе зарадзіліся выдатным настроем на далейшую сумесную працу. Агульнымі якасцямі былі названы цікаўнасць, практычнасць, мэтанакіраванасць, неабыякавасць. Былі агучаны і агульны ўзрост, і сярэдні рост і вага, педагагічны стаж. Так, пра колер вачэй атрымаўся наступны адказ: колер вачэй залежыць ад надвор’я, настрою, тэмы і тыпу ўрока. 

Пазней падобны праект Людміла Савельеўна правяла і з пяцікласнікамі, класным кіраўніком якіх з’яўляецца. Ён таксама прайшоў на ўра, пакінуў шмат станоўчых эмоцый і ў дзяцей, і ў іх бацькоў, дапамог пасябраваць. Быў створаны пашпарт класа, які стаў своеасаблівай візітнай карткай.

Педагогам, якія ўзначальваюць метадычныя аб’яднанні ў сваіх установах адукацыі, кіраўнік РМА раіць абавязкова пераняць падобную практыку і правесці мерапрыемствы па тымбілдынгу, а магчыма, і зрабіць пашпарт сваёй структуры. 

Яшчэ адна парада — запаўненне ў сваіх аб’яднаннях карткі асобасна-прафесійнага росту педагога. Настаўнікі англійскай мовы ўжо прывыклі да такога новаўвядзення, якое дапамагае не ўпусціць уклад кожнага ў агульную справу і спрыяе ўзмацненню каманднага духу. Распрацавалі такую картку сумесна на раённым метадычным аб’яднанні настаўнікаў замежнай мовы. Картка мае і асаблівасць: гаворыць сама за сябе, становіцца штуршком да самааналізу. Тут улічваецца ўсё, што педагог зрабіў за год (правёў адкрыты ўрок, прымаў удзел у метадычнай дэкадзе, дзяліўся вопытам на адным з пасяджэнняў), таму і асобасны, і прафесійны рост відавочны. Калі чалавеку напрыканцы года няма чаго запісаць, ён сам павінен рабіць высновы і пераглядаць сваю пазіцыю. Калі твая картка засталася пустой, нельга сказаць: “Я працаваў вынікова”.

— Я паказваю сваім калегам, як быць калектывам на ўзроўні раённага метадычнага аб’яднання і на ўзроўні метадычных аб’яднанняў сваіх устаноў адукацыі, — дадае Л.С.Масальская. — Кожны імкнецца зрабіць на агульны вынік тое, што ў яго лепш за ўсё атрымліваецца. Кожны сам ведае, у чым яго поспехі, выказвае прапановы і ўносіць свой уклад у агульную скарбонку. 

На пасяджэннях метадычнага аб’яднання сістэматычна ўдзяляецца ўвага і прафілактыцы прафесійнага выгарання педагогаў. Людміла Савельеўна пераканана, што трэба быць актыўнымі, пазітыўнымі, пастаянна вучыцца і ўдасканальвацца. Аднак для гэтага кожнаму важна знайсці свае крыніцы натхнення і перазагрузкі. У вопытнай настаўніцы назапасілася нямала сакрэтаў актыўнасці і пазітыву. Адным з іх былі нават паездкі ў Вялікабрытанію падчас летніх канікул. Настаўніцы важна было на свае вочы ўбачыць, дакрануцца да таго, што яны з вучнямі бачаць на старонках падручнікаў. І гэта прыносіць максімальны плён.

— Безумоўна, гэта не самы просты шлях атрымаць дадатковую матывацыю на работу, — сказала настаўніца. — Аднак пры жаданні немагчымае магчыма. Заўсёды можна зрабіць пэўны крок, каб выйсці на новы ўзровень. Падарожжа падарыла мне вялікае натхненне. Я наведала Лондан, Ліверпуль, Ньюкасл, Ёрк, Азёрны край, Эдынбург. Зараз у мяне гараць вочы, калі расказваю вучням пра тое, што ўбачыла сама, прыношу свае фотаздымкі. Дзеці гэта адчуваюць і працуюць з цікавасцю. 

У верасні новага навучальнага года Людміла Савельеўна рада запрасіць настаўнікаў англійскай мовы сталіцы на гарадскі семінар па лінгвакраіназнаўстве з выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў са сваіх падарожжаў па Вялікабрытаніі. У планах супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з метадычнымі аб’яднаннямі іншых раёнаў Мінска. 

Таццяна ШЫМКО.