Камп’ютарныя дзеткі, або Як вучыць сучаснага школьніка?

- 12:20Якасць адукацыі

Нашу эпоху даследчыкі называюць па-рознаму: постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйная эпоха, глабалізацыя. Але, як бы ні называлася сучаснае грамадства, бясспрэчна адно: мы жывём у свеце медыя, у якім актыўна развіваецца масавая камунікацыя і асноўнымі характарыстыкамі якога з’яўляюцца хаатычнасць і вялікая колькасць інфармацыі.

Успомнім пакаленне 70—80-х: уяўленні аб свеце фарміраваліся пад уплывам кніг і рэдкіх дзіцячых перадач на тэлебачанні. Сучасныя дзеці ўжо адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў, якія раслі 15—20 гадоў таму. Яны больш незалежныя, больш адкрытыя, добра валодаюць камп’ютарам і іншымі гаджэтамі. Уяўленні аб свеце ў іх у большай ступені фарміруе так званая паралельная школа. Аднак не заўсёды пазітыўныя. Новы час патрабуе новых падыходаў. Але якіх канкрэтна? Сучасных тэхналогій, метадаў і прыёмаў шмат, а пытанне, як вучыць эфектыўна, не губляе сваёй актуальнасці. Найбольш важныя праблемы, што хвалююць настаўнікаў, — гэта зніжэнне матывацыі ў вучняў, няўстойлівая ўвага, няўменне выказацца, аргументаваць уласную думку. Чаму так? Псіхолагі тлумачаць гэта тым, што дзецям не заўсёды цікава на ўроку, бо са шматгранным светам мультымедыя яны знаёмяцца з самага нараджэння. Уяўленні аб працэсе навучання ў іх фарміруюцца пад уплывам інтэрактыўных праектаў, яркіх, ілюстраваных. Заходнія сацыёлагі такіх дзяцей называюць digital natives, што ў перакладзе на рускую мову значыць “піянеры лічбавага свету”. З такім чаканнем яркай вучобы яны ідуць у школу, а там у большай ступені пануе традыцыйная сістэма адукацыі. Вучоба ўспрымаецца ў лепшым выпадку як служба. У выніку назіраецца адсутнасць матывацыі, а ўвага пераходзіць на альтэрнатыўныя формы: сацыяльныя сеткі, камп’ютарныя гульні, пошук недакладнай інфармацыі.

Тэмп засваення інфармацыі ў дзяцей вышэйшы, чым у дарослых. Гэта патрабаванне часу. Адначасова ў дзяцей стала горшая памяць. Яны захоўваюць інфармацыю, як камп’ютар, на знешніх крыніцах. Вучань запамінае не інфармацыю, а каталогі. Не ўсе дзеці любяць чытаць, бо гэта вельмі марудны працэс для іх дынамічнга мозгу. А як вядома, чытанне развівае памяць.

Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што дзеці развучыліся выказвацца, аргументаваць свае думкі. А ці заўсёды ім прадастаўляецца такая магчымасць? Напэўна, дэвіз урока павінен гучаць так: “Не забаўляць, а ўключаць у дзейнасць”. Для гэтага трэба ведаць новыя метады, новыя патрабаванні часу. Неяк непрафесійна для настаўніка стаяць на месцы ў наш прагрэсіўны час. Ёсць нават выраз “цана прагрэсу” — і з гэтым немагчыма не лічыцца. На сёння цана прагрэсу — гэта медыя, шырокае інфармацыйнае поле. Забараніць медыя ўжо нельга, а паспрабаваць супрацоўнічаць сапраўды неабходна. Таму ўсё больш актуальным становіцца пытанне аб медыяадукацыі. Чалавек, які валодае медыйнымі кампетэнцыямі, здольны ўспрымаць, аналізаваць, ствараць, ацэньваць медыятэксты, шукаць інфармацыю ў розных крыніцах. Для фарміравання медыяпісьменнасці настаўніку неабходна знаёміць навучэнцаў з рознымі відамі медыя. Трэба сказаць, што педагогі Беларусі ўжо працуюць у гэтым напрамку, аднак праблема падрыхтоўкі падрастаючага пакалення да жыцця ў інфармацыйнай прасторы яшчэ недастаткова актыўна вырашаецца ў кантэксце школьнай адукацыі для рэалізацыі ідэй медыяадукацыі.

З 2015/2016 навучальнага года наша гімназія рэалізоўвае праект “Укараненне мадэлі медыякультуры ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.

У межах рэалізацыі праекта мы вызначылі прыярытэтныя напрамкі работы:

* інтэграцыя медыяадукацыі ў адукацыйны працэс;

* работа прэс-цэнтра гімназіі (газеты — на англійскай мове “Гімназічныя навіны” і на рускай мове “Школа жыцця”);

* стварэнне цікавых міні-праектаў (фотагалерэя “Глыбокае ўчора і сёння”, “Па вуліцах роднага горада” (сучасныя і старыя назвы вуліц), пошук знакамітых цёзак па прозвішчы “Імёны знаёмыя і знакамітыя” і г.д.);

* стварэнне ўласнай медыяпрадукцыі (відэаролікі, прэзентацыі, буклеты, выставы);

* дзейнасць маладзёжнага тэатра;

* гімназічнае “Еўрабачанне”;

* дыспуты і даследчая дзейнасць.

Настаўнікі гімназіі актыўна ўключыліся ў праект. Прывяду толькі некаторыя прыклады, як нашы педагогі на практыцы фарміруюць медыякультуру навучэнцаў, развіваюць крытычнае мысленне.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Фёдараўна Барткевіч мае вялікі вопыт выкарыстання медыя на ўроку, а нядаўна прапанавала метад, які зацікавіў кожнага навучэнца, — работу з газетнымі артыкуламі. Загадзя былі падрыхтаваны загалоўкі (з газеты “Звязда”), і вучням неабходна было прыдумаць да іх тэкст. Пасля свае міні-артыкулы навучэнцы параўноўвалі з тым, што напісалі прафесійныя журналісты. Мэта такой работы — паказаць, што людзі могуць па-рознаму ўспрымаць і трактаваць інфармацыю. Дарэчы, найбольш змястоўныя артыкулы атрымаліся пад загалоўкамі “Сапраўдныя мужчыны”, “Калі б людзі маглі гаварыць”, “Навукоўцы раскрылі сакрэт дэжавю”, “Нельга запаліць іншых, калі не гарыш сам”, “Хто куды, а мы — на дно”.

Цікава і вынікова прайшоў практыкум для навучэнцаў 6—7 класаў “Медыя вакол нас”. Хлопцы і дзяўчаты знаёміліся з відамі медыя, аналізавалі артыкулы газет (якія з іх найбольш прыцягваюць увагу і чаму), працавалі з надпісамі на футболках (што яны азначаюць і як уплываюць на імідж).

Навучэнцы 7 класа (настаўніца рускай мовы і літаратуры Зоя Уладзіміраўна Міхалевіч) прапанавалі свой сцэнарый п’есы “Рэвізор”. Дзеці выбралі двух рэжысёраў, якія правялі кастынг дзеючых асоб, набралі трупу і сыгралі п’есу на свой лад.

Рэдактары газеты “Гімназічныя весткі” (кіраўнік — настаўніца англійскай мовы Вольга Станіславаўна Аніськовіч) актыўна працуюць над выпускам кожнага нумара: падбіраюць матэрыял пра жыццё горада і гімназіі, праводзяць інтэрв’ю, вызначаюць фармат выдання, рыхтуюць фотаматэрыялы. Усё гэта робіцца для таго, каб газета была змястоўнай і актуальнай для чытачоў. Што адметна, выдаецца яна на англійскай мове.

Да таго ж нашы навучэнцы ствараюць відэаролікі рознай тэматыкі. Найбольш цікавыя з іх, дзе гімназісты бяруць інтэрв’ю ў знакамітых людзей — нашых землякоў. Напрыклад, вучні 8 класа (настаўніца Ала Васільеўна Буцько) арганізавалі сустрэчу з Уладзімірам Саулічам, глыбоцкім драматургам, творы якога вядомы ва ўсёй Беларусі. Яго п’еса “Сабака з залатым зубам” была пастаўлена на сцэне тэатра імя Янкі Купалы, галоўныя ролі выконвалі народныя артысты Беларусі Стафанія Станюта і Генадзь Аўсяннікаў. Змястоўным атрымалася інтэрв’ю з Віталем Воранавым, сучасным беларускім літаратарам, перакладчыкам, старшынёй Беларускага асветніцкага цэнтра ў Познані. Самы вядомы твор, які ён пераклаў з англійскай мовы на беларускую, — гэта “Віні-Пух”. Відэаролік з удзелам В.Воранава быў зроблены вучаніцай 11 класа Ганнай Унуковіч (настаўнік Т.Ф.Барткевіч).

Ёсць у гімназіі і практыка работы з сайтамі. Нашымі навучэнцамі Уладзіславам Лаўцэвічам і Яўгенам Чаркесам былі створаны сайты “Дзень беларускага пісьменства”, “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны” і “Мой родны край — Глыбоччына”. Іх прэзентацыя адбывалася на розных абласных і міжнародных канферэнцыях. Вядзецца актыўная работа па іх інфармацыйным напаўненні. Дарэчы, гэтыя матэрыялы можна выкарыстоўваць на ўроках і пазаўрочных мерапрыемствах.

У 5—6-класнікаў ёсць магчымасць наведваць гурток і факультатыўныя заняткі па інфарматыцы, дзе навучэнцы авалодваюць навыкамі scratch-праграмавання. Пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі Лідзіі Анатольеўны Раманчук дзеці ствараюць анімацыі, прэзентацыі, інтэрактыўныя гульні. Набытыя веды дапамагаюць рабіць уласныя медыяпрадукты. Так, навучэнец 9 класа Віктар Якубёнак распрацаваў інтэрактыўную гульню “Што ты ведаеш пра Беларусь?”, якая была прадстаўлена на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Праграмаванне ў асроддзі scratch”.

Настаўнікі гімназіі актыўна павышаюць свой метадычны ўзровень у сферы медыяадукацыі. З гэтай мэтай праводзяцца практычныя семінары з удзелам прадстаўнікоў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі — Алены Уладзіміраўны Радзевіч і Алены Аляксандраўны Палейка. Нашы выкладчыкі пастаянна прымаюць удзел у рабоце міжнародных семінараў па фарміраванні медыякультуры навучэнцаў. Семінары праводзяцца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі з удзелам чэшскіх і шведскіх педагогаў.

На базе Глыбоцкай раённай гімназіі таксама быў арганізаваны рэгіянальны семінар з удзелам чэшскіх настаўнікаў і кансультантаў праекта па тэме “Методыкі фарміравання медыйнай і інфармацыйнай пісьменнасці вучняў”, дзе прысутныя знаёміліся з метадамі рэалізацыі медыяадукацыі ў школах Чэхіі.

Два педагогі гімназіі мелі цудоўную магчымасць пабываць у школах Чэхіі і Швецыі. Вопыт, набыты падчас такіх візітаў, вельмі карысны — гэта і работа з прэсай, праектамі, медыятэкстамі (фота, карыкатура), стварэнне ролікаў рознай накіраванасці. У Чэхіі настаўнікі наведалі рэдакцыю самай папулярнай газеты “Эканамічныя навіны”, дзе ўбачылі, як працуюць журналісты, як падбіраюцца матэрыялы, атрымалі карысныя веды, як рабіць артыкулы цікавымі для чытачоў. Гэта важная інфармацыя, бо ў нашай гімназіі таксама працуе прэс-цэнтр.

Акрамя таго, з мэтай павышэння медыякампетэнцый два настаўнікі прайшлі навучанне па дыстанцыйным курсе “Медыяадукацыя ў школе”. Гэтыя заняткі ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства: развіваюць крытычнае мысленне, дапамагаюць шукаць, распрацоўваць, думаць, аналізаваць, каб потым набытыя веды прымяняць на ўроках.

Так, крок за крокам, настаўнікі Глыбоцкай раённай гімназіі авалодваюць навыкамі работы з медыя і актыўна далучаюць да медыяадукацыі сваіх навучэнцаў. Гэта няпроста, але вельмі цікава і актуальна.

Іна ШЫМКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Глыбоцкай раённай гімназіі.