ІТ-сфера — адна з самых перспектыўных прафесійных сфер у Беларусі. Нашы кампаніі вядомы далёка за межамі краіны. Па гэтай прычыне многія школьнікі мараць звязаць сваё жыццё менавіта з ІТ-індустрыяй, але не ведаюць, што неабходна для таго, каб іх мара ажыццявілася. Каб натхніць дзяцей на ўсвядомлены выбар прафесійнай дзейнасці і сфарміраваць у іх адказныя адносіны да сваёй будучыні, неабходны розныя мерапрыемствы па прафесійнай арыентацыі.
Намеры наведаць Парк высокіх тэхналогій у Мінску для прафарыентацыі вучняў былі даўно. На дапамогу нам прыйшла Алена Мельчанка, дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” і каардынатар акцыі “ІТ-канікулы”, у рамках якой для школьнікаў было арганізавана наведванне айчынных ІТ-кампаній. Паспяховыя прадстаўнікі розных ІТ-спецыяльнасцей расказвалі маладым людзям пра сутнасць сваёй работы, прафесіі і ролі ў ІТ.
29 сакавіка група вучняў 9—11 класаў нашай школы наведала бізнес-інкубатар ПВТ у Мінску, дзе для нас правялі экскурсію і расказалі, для чаго быў створаны гэты цэнтр. Затым пра свой шлях у ІТ-сферу расказаў дырэктар кампаніі SumatoSoft Юрый Шамрэй. Адказваючы на пытанні навучэнцаў, ён адзначыў, што тэхналогіі не стаяць на месцы і ІТ-спецыялістам трэба ўвесь час вучыцца.
Таксама для школьнікаў прадстаўнікі ІТ-кампаній правялі шэраг публічных лекцый на пляцоўцы EventSpace.
Акцыя “Вясновыя ІТ-канікулы” пакінула ў навучэнцаў яркія ўражанні і прынесла немалую карысць. Напрыклад, у старшакласнікаў узнікла ідэя стварыць вучэбную камп’ютарную праграму па фінансавай дасведчанасці ў рамках удзелу нашай школы ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый вучняў з дапамогай стварэння інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя”.
Таццяна КРЫВАШЭЙ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава.