Канікулы: цікава і з карысцю

- 11:55Выхаванне

Ужо заўтра для школьнікаў Беларусі пачнуцца канікулы. Менавіта ад бацькоў, педагогаў будзе залежаць, ці змогуць дзеці адпачыць ад вучобы, назапасіць прыемных уражанняў, набрацца сіл на новую чвэрць, ці паспеюць аздаравіцца. Як скаардынаваць намаганні дарослым, каб гэтыя канікулы не былі для дзяцей марна патрачаным часам? Гэтыя пытанні разглядаліся ў Мінску на прэс-канферэнцыі “Арганізацыя занятасці дзяцей і падлеткаў у перыяд зімовых канікул. Прафілактыка супрацьпраўных паводзін непаўналетніх”.

Майстар-класы ў РЦЭіК.

Асноўныя акцэнты для калег расставіла Алена Міхалевіч, начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, адзначыўшы: “Выхаваўчая работа ў перыяд зімовых канікул традыцыйна накіравана на стварэнне ўмоў для паўнацэннага адпачынку і аздараўлення дзяцей. Дзеці стаміліся, напружаныя, вучэбная нагрузка вялікая, таму і арганізоўваюцца канікулы. І пры арганізацыі работы ў канікулярны час педагогам рекамендавана памятаць, што гэты перыяд прадугледжвае вырашэнне цэлага комплексу задач па зняцці эмацыянальнай напружанасці, аднаўленні працаздольнасці і ўмацаванні здароўя з улікам эпідэмічных умоў”.

Галоўным рэсурсам для ўмацавання дзіцячага арганізма, развіцця фізічных якасцей у дні школьных канікул, па меркаванні Алены Францаўны, з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчая работа ва ўстановах адукацыі, дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнага профілю, арганізацыя спаборніцтваў па розных відах спорту. Не менш важная дзейнасць аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі вольнага часу з дзецьмі, якім неабходна павышаная ўвага, прычым абавязкова ў тандэме з іх законнымі прадстаўнікамі. А.Ф.Міхалевіч параіла класным кіраўнікам выводзіць узаемадзеянне з бацькамі ў дыстанцыйны фармат, а з навучэнцамі кантактаваць праз сацсеткі і месенджары.

Пра тое, як зрабіць канікулы забаўляльнымі і пазнавальнымі, расказалі прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі. Так, Вікторыя Вітальеўна Сабалеўская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, анансавала самыя значныя падзеі на найбліжэйшыя два тыдні: “У дні зімовых канікул мы прапаноўваем шэраг мерапрыемстваў не толькі для навучэнцаў, але і для іх бацькоў, педагогаў. Нягледзячы на тое, што мы ўлічваем эпідэмічныя ўмовы і выконваем усе правілы засцярогі, мы ўсё ж хочам зрабіць канікулы незабыўнымі для нашых гасцей. Так, з 23 снежня і да 15 студзеня ў нас будуць выстаўлены лепшыя работы выставы “Лёд. Кветкі. Фантазія”. 26 снежня для дзяцей дашкольнага ўзросту правя­дзём навагоднюю забаўляльную праграму “Ну, погоди!” у гасцях у “Эказнайкі” (“Эка­знайка” — школа ранняга развіцця для маленькіх даследчыкаў прыроды). На працягу ўсіх навагодніх канікул будзе працаваць забаўляльна-пазнавальная праграма “Падарожжа ў экасвет”, у межах якой можна наведаць нашу аранжарэю, у якой, дарэчы, сярод мноства экзатычных раслін якраз зараз паспявае папая, завітаць у наш акварыумны клас, куток жывой прыроды, у якім нядаўна з’явіўся новы жыхар — пітон. Педагогі правядуць для ўсіх жадаючых творчыя майстар-класы па стварэнні ёлачных цацак і сімвала надыходзячага года. Упершыню ў нас будзе праведзены і майстар-клас па малекулярнай кухні — стварэнні навагодніх карцін з прывычных нам прадуктаў. Адчынены дзверы і для тых, хто хоча пазнаёміцца з прафесіяй сіноптыка. Хоць майстар-клас называецца “Юны сіноптык”, мы запрашаем да ўдзелу ў ім сем’і, каб навучыцца назіраць за прыроднымі з’явамі і складаць прагноз надвор’я. Таксама прапануем далучыцца да нашых экскурсій — як па навагоднім Мінску, так і па ўсёй краіне”.

Алена Валянцінаўна Ліпень, дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Мінска, расказала пра ўд зел цэнтра ў акцыі “Нашы дзеці”. У яе межах у гэтай установе ўжо прайшлі канцэрт “Навагодні калейдаскоп” і святочная музычная казка “Пра многіх шасціногіх”, навагодні турнір па танцавальным спорце “Зімовы баль”, ранішнік “Навагоднія забавы”. А ў дні канікул для навучэнцаў і іх бацькоў, для гасцей цэнтра пройдзе 7 тэатралізаваных паказаў “Цуды пад Новы год”.

“Запланаваны і спартыўныя мерапрыемствы, навагоднія спаборніцтвы, як у сценах установы, так і на адкрытым павет­ры будуць праведзены паходы выхаднога дня. Традыцыйна на зімовых канікулах асаб­лівую папулярнасць набываюць заняткі ў нашым унікальным аб’яднанні па інтарэсах “Зімовая рыбалка” і экскурсіі ў клубе “32 румбы”, дзе мы знаёмім гасцей з марской гісторыяй Беларусі”, — гаворыць Алена Валянцінаўна і інтрыгуе, што памяшканне клуба ў 96 квадратных метраў мае выгляд ваеннага карабля. Мадэлі старадаўніх караблёў, суднавы звон, узоры марскіх вузлоў, барометр і іншыя экспанаты абавязкова зацікавяць любога госця. Тут пройдзе шэраг экскурсій для невялікіх груп, наведвальнікі навучацца вязаць марскія вузлы, зробяць фотасесію ў марскім камуфляжы каля суднавага звона і загадаюць жаданне пад яго гукі. Акрамя таго, будуць наладжаны і анлайн-экскурсіі.

Яўген Казіміравіч Абрамовіч, намеснік начальніка аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама, звярнуўся да баць­коў і нагадаў пра правілы бяспекі катання з горак на цюбінгах у неабсталяваных месцах, звярнуў увагу, што непаўналетнія пасля 23 гадзін могуць быць на вуліцы толькі ра­зам з бацькамі. Асобна нагадаў пра правільнае выкарыстанне піратэхнічных вырабаў, а таксама пра іх захоўванне, бо былі выпадкі, калі дзеці знаходзілі прыхаваныя бацькамі для навагодніх свят феерверкі і запускалі іх самі прама ў кватэры.

Хочацца спадзявацца, што дзеці, іх баць­кі і педагогі аб’яднаюць намаганні, каб гэтыя канікулы сталі незабыўнымі. І каб запомніліся яны станоўчымі эмоцымі, а не наадварот.

Святлана НІКІФАРАВА.