Канікулы з армейскім каларытам

- 11:22Адукацыйная прастора

Кожнае лета на працягу ўжо больш як дваццаці гадоў у асіповіцкіх школьнікаў ёсць магчымасць адначасова і аздаравіцца, і пабываць у арміі. Сумясціць летні адпачынак са своеасаблівым міні-курсам маладога байца падлеткам дазваляе ваенна-патрыятычны летнік “Юнацтва”.

— Стала добрай традыцыяй яшчэ з моманту дыслакацыі ракетнай брыгады ў населеным пункце Цэль штогод сумесна з раённым аддзелам па адукацыі арганізоў­ваць аздараўленчы лагер. Раней падчас адпачынку дзеці жылі ў палатачным гарадку, а сёлета іх побыт быў нала­джаны ў сучаснай до­браўпарадкаванай казарме. За час адпачынку мы імкнуліся сфарміраваць у хлопцаў уяўленні пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Вялікая работа была праведзена і ў напрамку па­трыятычнага выхавання. Для падлеткаў ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Яны наведалі з экскурсіямі такія знакавыя месцы, як музей Вялікай Айчыннай вайны, комплекс “Лінія Сталіна”, — паведаміў каман­дзір 465-й ракетнай брыгады Андрэй Емяльянаў.

Сёлета аздараўленне ў ваенна-патрыятычным летніку праходзілі 27 хлопчыкаў ва ўзросце 13—17 гадоў. У асноўным гэта дзеці, з якімі право­дзіцца індывідуальная прафілактычная работа, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Але жаданне прыехаць у летнік выказалі і звычайныя падлеткі. Ім таксама пайшлі насустрач. Разам юнакі на дзевяць дзён цалкам пагрузіліся ў армейскі побыт.

Хлопцы жылі ў казарме, займаліся ўзмоцненай фізічнай падрыхтоўкай, падпарадкоўваліся рэжыму і жалезнай дысцыпліне. Лагерныя дні былі таксама насычаны рознымі экскурсіямі, спартыўнымі і забаўляльнымі мерапрыем­ствамі. Асабліва спадабаліся падлеткам заняткі па агульнавайсковай падрыхтоўцы. Разам з афіцэрамі яны вывучалі прызначэнне стралковай зброі, трэніраваліся выконваць розныя страявыя прыёмы.

У летніку “Юнацтва” хлопцы вучыліся быць дысцыплінаванымі і адказнымі. Ім было з каго браць прыклад, бо яны штодня мелі зносіны з салдатамі і афіцэрамі — людзьмі, якія не па чутках ведаюць пра значэнне такіх слоў, як патрыятызм, абавязак, гонар. Нядзіўна, што, пабываўшы ў такім лагеры, асобныя хлопцы цалкам мяня­юць свае жыццёвыя арыенціры.

— У многіх падлеткаў, што адпачываюць у летніку, складаны лёс. Мы імкнёмся неяк перавыхаваць іх, прывіць правільныя жыццёвыя каштоўнасці. Вядома, зрабіць гэта за адну лагерную змену немагчыма. Але пэўныя вынікі ёсць. Хлопцам у нас падабаецца. Многія з іх прыходзяць на адпачынак у летнік не ўпершыню, бо тут яны становяцца іншымі, мяняюцца ў лепшы бок, — паведаміў старшы інструктар групы летніка капітан Васіль Прыбытка.

Адзначаюць гэта і самі падлеткі. На іх думку, у летніку яны становяцца самастойнымі і больш сталымі.

— Не ўпершыню адпачываю ў “Юнацтве”. Гэты лагер зрабіў мяне больш адказным, а яшчэ я вызначыўся з будучай прафесіяй. Планую пайсці вучыцца ў ваенную акадэмію, стаць афіцэрам, — падзяліўся Ілья Алікевіч.

— Мне таксама вельмі падабаецца гэты летнік. Я тут адпачываю ўжо чацвёрты раз. Тут можна многаму навучыцца, значна палепшыць сваю фізічную падрыхтоўку, набыць новых сяброў, — адзначыў Іван Ганчароў.

Дарэчы, у асіповіцкіх навучэнцаў даволі шырокі выбар месцаў для аздараўлення. За сёлетнюю аздараўленчую кампанію ў раёне будуць працаваць 39 разнастайных летнікаў.

— Гэта лагеры з дзённым знахо­джаннем, лагеры працы і адпачынку, стацыянарныя летнікі з кругласутачным знаходжаннем. Дарэчы, на базе стацыянарных лагераў будуць функ­цыянаваць два профільныя атрады. Адзін для адораных дзяцей, якія з’яўляюцца пераможцамі і ўдзельнікамі алімпіяднага руху. Другі — для юных лідараў, хлопцаў і дзяўчат, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамад­скім жыцці сваіх навучальных устаноў. Сярод іншых летнікаў таксама шмат профільных, што дае школьнікам магчымасць выбіраць адпачынак па інтарэсах. Усяго за перыяд летніх канікул плануем якасна аздаравіць каля 2 тысяч дзяцей, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Алена
Хаецкая.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.