Канстытуцыя. Беларусь. Будучыня

- 9:00Насустрач рэферэндуму

Гарадская дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Канстытуцыя. Беларусь. Будучыня” адбылася ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. У зале прысутнічалі кіраўнікі сістэмы сталічнай адукацыі.

Асноўнымі спікерамі дыялогавай пляцоўкі сталі Уладзімір Кухараў, старшыня Мінгарвыканкама, і Вадзім Гігін, кандыдат гістарычных навук, старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды”.

“У сталіцы праводзіцца актыўная работа па азнаямленні грамадзян з праектам Канстытуцыі, — адзначыў Уладзімір Кухараў. — На абмеркаванне запрашаюцца спецыялісты, грамадскія дзеячы, дэпутаты. Дыскусія выклікае непадробную цікавасць: людзей хвалюе будучыня краіны. Важна не ўпусціць работу з моладдзю. Тое, што вы, педагогі, сёння закладзяце ў свядомасць маладога пакалення, вызначыць развіццё дзяржавы на доўгія гады. Моладзь трэба далучаць да кіравання дзяржавай, дапамагаць знайсці прымяненне сваім ведам і ўменням, выхоўваць паўнацэнных грамадзян краіны, якія ведаюць і шануюць яе гісторыю”.

“Сёння мы гаворым аб Канстытуцыі, якая закладвае параметры нашай абноўленай палітычнай сістэмы, — гаворыць Вадзім Гігін. — Сярод папулярных тэм, якія абмяркоўваюцца на дыялогавых пляцоўках, — дзейнасць Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтвы Прэзідэнта, збалансаванасць галін улады, сацыяльныя гарантыі, адказнасць грамадзян за захаванне і ўмацаванне свайго здароўя, сям’я і шлюб. Асаблівая ўвага ўдзелена патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі. Настаўнік заўсёды быў сціплым і паважаным чалавекам у грамадстве. Ён не толькі закладвае асновы ведаў, развівае навуковы і творчы патэнцыял у падрастаючага пакалення, але і клапоціцца аб выхаванні патрыятычных пачуццяў. Сёння заканадаўча замацоўваецца неабходнасць захавання гістарычнай праўды і памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб вайне непарушная. Кампрамісаў тут быць не можа”.

“Упэўнены, што ў нас атрымаецца сапраўды народная Канстытуцыя, якая будзе накіравана на сацыяльную абарону кожнага грамадзяніна Беларусі, — адзначыў Георгій Кушняроў, дэпутат гарсавета, дырэктар гімназіі № 29 Мінска. — Тыя навелы, якія ўжо ёсць у праекце Канстытуцыі, накіраваны на яшчэ большую падтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, абарону дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама на атрыманне ўсеагульнай адукацыі. Важна, каб нашы дзеці былі абаронены ва ўсіх напрамках — і ў інфармацыйным полі, і фізічна”.

“Сістэма выхавання сталіцы ўключае 33 рэсурсныя цэнтры па розных напрамках выхаваўчай практыкі, — адзначыў Глеб Калачэўскі, дырэктар сярэдняй школы № 83 Мінска імя Г.К.Жукава. — У нашай школе шмат гадоў паспяхова функцыянуе рэсур­сны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні. У кожным раёне Мінска працуюць цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, адкрываюцца ваенна-патрыятычныя клубы. У дапамогу педагогам працу­юць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. У сталіцы праходзяць канферэнцыі, дзе абмяркоўваюцца пытанні выхавання дзяцей і моладзі, ладзяцца мітынгі, акцыі, вахты памяці, функцыянуюць школьныя музеі і г.д. Актыўная жыццёвая пазіцыя сёння павінна стаць не толькі першаасновай, але і абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Таццяна ЯКУБОВІЧ,
старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі:

— Дзеючая Канстытуцыя дазволіла нам быць суверэннай незалежнай дзяржавай. Але рэаліі часу дыктуюць неабходнасць руху наперад. На маю думку, на грамадскае абмеркаванне вынесены вельмі прадуманы і вывераны праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон.

Для мяне як лідара галіновага прафсаюза адукацыі і навукі самым значным з’яўляецца тое, што наша краіна застаецца сацыяльнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікай; што мы будзем працягваць абапірацца на традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці; што далейшае развіццё атрымае клопат аб інвалідах, ветэранах, сем’ях з дзецьмі, сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў.

Асобнай увагі заслугоўвае дадатак да артыкула 32, у якім гаворыцца аб развіцці патэнцыялу моладзі. Гэта вельмі важна, бо кожны пяты грамадзянін краіны — гэта малады чалавек. Значна і тое, што застаецца бясплатным атрыманне агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, ствараюцца роўныя ўмовы для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Поўнасцю падтрымліваю павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў парламента з чатырох да пяці гадоў, а таксама ўстанаўленне адзінага дня галасавання. Лічу, што гэта дапаможа сэканоміць бюджэтныя сродкі, якія могуць пайсці на развіццё сацыяльнай сферы, у тым ліку і адукацыі.

Нельга не адзначыць главу аб наданні новага статусу Усебеларускаму народнаму сходу, артыкул аб захаванні гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наогул, праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі носіць эвалюцыйны характар, ён усебакова накіраваны на ўмацаванне і развіццё нашай дзяржавы.

Вельмі радуе, што праект змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон мае такое шырокамаштабнае адкрытае грамадскае абмеркаванне. Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі ўключыўся ў яго з першых дзён. На сайце арганізацыі, у афіцыйных Telegram-каналах ёсць адрас электроннай пошты, куды кожны член прафсаюза можа адправіць сваю канструктыўную прапанову. Таксама актыўна праводзяцца дыялогавыя пляцоўкі, форумы, у тым ліку і ў рэгіёнах.

Рэферэндум — гістарычны момант, у якім павінен прыняць удзел кожны беларускі грамадзянін. Усім разам нам трэба аб’яднацца і прагаласаваць за сваю будучыню.

Ірына ДРАЗДОВА,
начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама:

— Адбываецца рух наперад, і мы разумеем, што шэраг сур’ёзных змяненняў у Асноўны закон краіны выкліканы патрабаваннямі часу і накіраваны на захаванне дзяржаўнасці і міру, грамадзянскай згоды на беларускай зямлі. Вобраз будучыні нашай краіны большасць грамадзян звязваюць з абнаўленнем Канстытуцыі. Будучы рэферэндум — унікальная магчымасць для кожнага прыняць удзел у лёсе роднай Беларусі.

З кастрычніка 2020 года педагогі Полацкага раёна прымалі актыўны ўдзел у дыялогавых пляцоўках, на якіх абмяркоўваліся прапановы па змяненні ў Асноўны закон. Прыемна адзначыць, што многія канструктыўныя прапановы пачуты і ўвайшлі ў праект.

Нашу безумоўную падтрымку атрымала прынцыповая пазіцыя, адлюстраваная ў прэамбуле, па сацыяльнай накіраванасці дзяржаўнай палітыкі. Клопат пра чалавека, узровень і якасць яго жыцця застаецца ў прыярытэце.

Лічым актуальным у свеце патрабаванняў часу змест артыкулаў 28 і 51, у якіх замацаваны ўмовы для абароны персанальных даных і гарантавання бяспекі асобы і грамадства пры іх выкарыстанні, а таксама бачым важным садзейнічанне ўкараненню інавацый.

Як жыхары рэгіёна з багатым гераічным і гістарычным мінулым цалкам падзяляем палажэнні артыкулаў 15 і 54, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды і памяці пра Вялікую Айчынную вайну і масавы гераізм народа, выхаванне патрыятызму, падтрымліваем замацаванне ў прававым полі традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей. Мэтанакірава­насць гэтым падыходам надае зацверджаная Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва як адзін з прыярытэтаў будучай пяцігодкі.

На наш погляд, своечасова і правільна вызначаны крокі па фарміраванні ма­дэлі ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадзяніна, прынцыповай пазіцыяй згодна з артыкулам 32 застаецца выхаванне сямейных каштоўнасцей, падтрымка дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў.

Важна, што ў новай рэдакцыі закладзены асновы для вырашэння задач, што стаяць перад сістэмай адукацыі, па развіцці інстытута сацыялізацыі моладзі. Нашы намаганні па-ранейшаму будуць накіраваны на залучэнне дзяцей у органы вучнёўскага самакіравання, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіццё валанцёрскага руху, ініцыятыў рэгіянальнага маштабу.

Павышэнне сацыяльнай адказнасці кожнага грамадзяніна за сваё здароўе і сваю сям’ю, замацаваныя ў артыкулах  21 і 45,  а таксама абавязковы асабісты ўклад у агульную справу — залог развіцця грамадства.

Мы будуем агульны дом для сябе і сваіх дзяцей, унукаў, наступных пакаленняў, а асноўным законам будаўніцтва якраз і выступае Канстытуцыя. Час выбраў нас, а далей — выбар за намі.

Падрабязней на pravo.by