Капсула часу і бук­фолдзінг. Што прапануюць дзецям у гімназіі Хойнікаў у суботу

- 15:24Образование, Приложение, Шестой день

Што прапануюць дзецям у гімназіі Хойнікаў у суботу, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Галіна Мікалаеўна Груданава расказвае:

— Наша работа ў шосты школьны дзень даўно сістэматызавана. Мы з самага пачатку будавалі яе так, каб кожная субота была прысвечана пэўнай тэматыцы. Першая субота месяца ў нас была занята сацыяльна-значнымі ініцыятывамі, другая — прысвячалася здароўю, трэцяя — прафарыентацыйным мерапрыемствам, чацвёртая — духоўна-маральнаму выхаванню. Калі ў гэтым годзе Міністэрства адукацыі рэкамендавала зрабіць шосты школьны дзень тэматычным, было вельмі прыемна, што наш расклад амаль цалкам супаў з рэкамендаваным.

Ужо даўно мы вырашылі, што напоўнім карыснымі заняткамі ўсю суботу, каб не атрымалася так, што першая частка дня насычана справамі, а потым дзецям няма куды падзецца ад нуды. Кожная паралель арыентуецца на свой расклад, напрыклад, з 10 да 12 гадзін у школу прыхо­дзяць 1-я і 2-я класы, з 14.00 пачынаюцца мерапрыемствы ў 9-х і 11-х. Гэты падыход аказаўся выніковым, таму што навучэнцы прывыка­юць да пэўнага рэжыму і лепш настроены на работу. Акрамя таго, мы стараемся, каб кожны новы школьны ты­дзень праходзіў пад сваім дэвізам — у яго ролі выступае пэўны выраз ці афарызм, які становіцца своеасаблівым эпіграфам да ўсіх мерапрыемстваў школы, а падзеі шостага дня становяцца завяршальным пунктам і лагічна падсумоўваюць вынікі тыдня. У гэты працэс уцягнуты ўсе службы гімназіі, у тым ліку СППС і бібліятэка натуральна ўпісваюць свае ініцыятывы ў агульную канву.

Бібліятэкар гімназіі Алена Леанораўна Саламіцкая адзначае, што для яе шосты дзень — самы ўдзячны і выніковы. У будныя дні дзеці заняты ўрокамі, факультатывамі і дамашнімі заданнямі, таму боль­шасць акцый, наладжаных сумесна з бібліятэкай, праходзіць менавіта ў суботу.

— Я стараюся кааперавацца з педагогамі, таму што бібліятэка невялікая, а мне часам хочацца маштабаў. Напрыклад, хутка ў нас адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае дню сям’і, якое я буду праводзіць разам з настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя ў спартыўнай зале. У ім прымуць удзел мамы-настаўніцы гімназіі ра­зам са сваімі дзецьмі: іх чакаюць эстафеты, рэбусы, загадкі. Не здзіўляйцеся такой эклектыцы: я заўважыла, што дзеці аддаюць перавагу актыўным заняткам, таму стараюся не заседжвацца на адным месцы і сваім мерапрыемствам надаваць больш бадзёрасці і азарту. Напрыклад, праводжу для дзяцей квест-гульні і квест-турніры. Рыхтуюся да іх загадзя, наладжваю пошукавую работу на ўсёй тэрыторыі гімназіі: прыдумваю і афармляю лакацыі, пункты прыпынку, рыхтую скрыні з сюрпрызамі, — расказвае Алена Леанораўна.

Але і да спакойных, тыповых бібліятэчных заняткаў — а кніга, як вядома, любіць цішыню — Алена ­Леанораўна таксама звяртаецца. Тут у яе склаліся свае традыцыі.

— Адна з такіх традыцый — майстар-класы па бук-фолдзінгу. Яны цудоўна развіва­­юць дробную маторыку рук, таму праводжу іх пераважна для вучняў малодшых класаў, якія толькі пачынаюць асвойваць пісьмо. Гатовыя кніжныя вырабы дазваляю забраць дадому. Увогуле, малодшыя школьнікі любяць канкрэтыку. Для іх слова павінна быць жывым, не проста наборам гукаў, а прадметам, які можна памацаць рукамі. Таму на ўсе віктарыны і конкурсы загадак у мяне абавязкова пад­рыхтаваны чорны куфар з прадметамі-адгадкамі.

А ў гэтым годзе Алена ­Леанораўна задумала закласці з чацвёртакласнікамі новую традыцыю — зрабіць з імі капсулу часу.

— Раней я практыкавала яе толькі з адзінаццацікласнікамі. Яны запісваюць напрыканцы года свае мары і пажаданні на лістках паперы, а ў дні сустрэчы выпускнікоў прыходзяць у бібліятэку і зачытваюць, аб чым марылі, хваляваліся, развітваючыся са школай. Хачу і з выпускнікамі малодшай школы право­дзіць такія акцыі — у апошнюю вучэбную суботу мая мы пакінем запіскі для сябе ў капсуле часу, а перад апошнім званком разгорнем іх і пачытаем. Гэта цудоўны маральны ўрок, які навучэнцы вынесуць са школы: усё, што калісьці хвалявала і непакоіла нас, аднойчы становіцца проста эпізодам мінулага.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота з архіва герояў