Кар’ерны навігатар, ці Злёт для тых, каму па душы педагогіка

- 12:00Адукацыйная прастора

У маі ў сталіцы прайшоў ІІІ Адкрыты злёт вучняў педагагічных класаў. Месцам сустрэчы стаў Мінскі гарадскі адукацыйна­-аздараўленчы цэнтр “Лідар”. Сёлета ў педагагічным злёце прынялі ўдзел больш за 100 навучэнцаў 10­-х профільных педагагічных класаў/груп педагагічнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адміністрацыйных раёнаў Мінска.

Арганізатарамі злёту з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі і гарадскі адукацыйна­-аздараўленчы цэнтр “Лідар”. Галоўнай мэтай мерапрыемс­тва, якое паспела стаць добрай традыцыяй, стала фарміраванне ў вучняў профільных педагагічных класаў матывацыі на выбар педагагічнай прафесіі ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання.

Праграма злёту была вельмі насычанай. Кожны меў магчымасць выбраць тое, што яму найбольш цікава, з шэрага разнастайных мерапрыемстваў. На працягу трох дзён запар ладзіліся майстар­-класы, практычныя і трэнінгавыя заняткі па прафесійным самавызначэнні і асобасным росце, тэматычныя і творчыя сустрэчы. Таксама была арганізавана калектыўная творчая дзейнасць, якая з’яднала і захапіла ўсіх удзельнікаў злёту. Даспадобы маладым людзям прыйшліся і культурна­-забаўляльная і гульнявая праграмы, асабліва гульні “Павуцінка сяброўства”, “Перспектыўная каманда”, і, безумоўна, дыскатэка.

Сёлета адным з ключавых напрамкаў стала медыяцыя — шлях урэгулявання канфліктных сітуацый, які набірае ўсё большую папуляр­насць і спрыяе стварэнню бесканфліктнага асяроддзя. У рамках злёту быў праведзены шэраг актуальных мерапрыемстваў адукацыйнай праграмы па знаёмстве будучых педагогаў з такім важным кірункам дзейнасці. Так, на практычных занятках “факультэта медыяцыі” ўдзельнікі падрабязна разабраліся ў тым, што такое медыяцыя і чым займаецца медыятар, даведаліся аб некаторых яго прафесійных сакрэтах. Таксама папрацавалі ў мікрагрупах і прынялі ўдзел у камунікатыўных трэнінгавых занятках, а на медытацыйных сесіях нават паспрабавалі свае сілы ва ўрэгуляванні канфліктаў. Адметна, што такія практычныя заняткі праводзілі вучні мінскіх сярэдніх школ №№ 30, 131, 148 і 205, дзе яны асвойваюць медытатыўныя тэхнікі.

На майстар­-класах удзельнікі злёту знаёміліся яшчэ з адной папулярнай тэматыкай: магчымасцямі выкарыстання блога настаўніка для цьютарскага суправаджэння адукацыйнага працэсу. Таксама разбіралі кейсы складаных сітуацый, асвойвалі прыёмы тымбілдынгу для яднання калектыву і вучыліся акцёрскаму і аратарскаму майстэрству.

У час правядзення міжнароднага тэлемоста “Педагагічная прафесія: з сучаснасці ў будучыню” цікавая размова аб’яднала не толькі навучэнцаў з Мінска, але і з расійскіх Арэнбурга і Электрасталі, а таксама супрацоўнікаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. На працягу некалькіх гадзін абмяркоўваліся асаблівасці педагагічных прафесій будучыні і тых кампетэнцый, якія для іх неабходны.

Адной з самых маштабных і знакавых па­дзей злёту сёлета стала правядзенне дыялогавай пляцоўкі “Кар’ерны навігатар: выбіраем прафесію настаўніка”. Удзел у ёй прынялі ўсе прысутныя на злёце. Ганаровымі гасцямі сталі намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта А.М.Цуран, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Н.В.Праскурава, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка А.І.Жук і рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Т.А.Мароз. Размова атрымалася вельмі шчырай, цікавай і нязмушанай. У рамках круглага стала ўдзельнікам была прадастаўлена магчымасць абмяняцца меркаваннямі па пытаннях, звязаных з педагагічнай прафесіяй. Таксама ў цэнтры ўвагі былі такія тэмы, як ранняя арыентацыя навучэнцаў на выбар педагагічнай прафесіі, асаблівасці арганізацыі навучання ў профільных педагагічных класах і магчымасці атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі.

Старшыня камітэта па адукацыі Наталля Варленаўна Праскурава адзначыла, што ў настаўніцкую прафесію прыходзяць і застаюцца ў ёй невыпадковыя людзі. Яна падтрымала вучняў у іх імкненні стаць педагогамі і выказала надзею, што ў будучыні ўсе ўдзельнікі мерапрыемства ста­нуць дастойнымі педагогамі нашай краіны. Арцём Мікалаевіч Цуран адказаў на пытанні аб сацыяльных гарантыях і перспектывах для маладых спецыялістаў. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на тое, што на цяперашні момант патрэбны педагогі, якія выдатна валодаюць рэдкімі ведамі і навыкамі, умеюць перадаць іх дзецям пры дапа­мозе самых перадавых методык.

Дні злёту праляцелі вельмі хутка і падарылі шмат незабыўных эмоцый. Урачыстая цырымонія закрыцця атрымалася яркай і эмацыянальнай. Кожны папоўніў свой багаж каштоўнымі ведамі і навыкамі, а пасля завяршэння мерапрыемства атрымаў сертыфікат удзельніка злёту. Напрыканцы ўсе дзяліліся выключна станоўчымі эмоцыямі і спадзяваннямі на новыя сустрэчы. Адчувалася, што і госці, і ўдзельнікі злёту зацікаўлены тэмай і ўпэўнены: навучанне ў профільных педагагічных класах абавязкова пакіне станоўчы след у жыцці кожнага і ўнясе ўклад у фарміраванне свядомага прафесійнага выбару.

Педагог­-арганізатар сярэдняй школы № 153 Мінска Юлія Ігараўна Коваль, якая суправаджала каманду навучэнцаў педагагічных класаў Ленінскага раёна Мінска, рада, што пабывала на такім мерапрыемстве. Яна адзначыла, што педагагічны злёт — выдатная пляцоўка для абмену вопытам, атрымання крэатыўных ідэй і набыцця ўменняў для педагагічнай прафесіі. Пабы­ваць на злёце Юліі Ігараўне было цікава ўдвая. Яна сама выпускніца міжраённага педагагічнага класа Дзяржынскай гімназіі. Зараз заканчвае чац­вёрты курс Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і адначасова працуе ў школе. Неўзабаве стане дыпламаваным педагогам­-псіхолагам. Ішла да гэтага асэнсавана і мэтанакіравана, вельмі ўдзячна таму, што ў яе жыцці быў менавіта педагагічны клас.

— Упэўнена, што за кошт такіх пляцовак педагагічнага кірунку, як злёт, цікавасць да нашай прафесіі вырастае ў разы, — падзялілася меркаваннем Ю.І.Коваль. — Я атрымала шмат новай карыснай інфармацыі, паглядзела, як можна працаваць з навучэнцамі педагагічных класаў. Да таго ж на злёце ва ўдзельнікаў нарадзілася шмат цікавых задум, якія стануць лагічным працягам гэтага мерапрыемства. Напрыклад, мне вельмі спадабалася ідэя летам арганізаваць у цэнтры “Лідар” змену для педагагічных класаў.

З гэтай думкай згодна і сацыяльны педагог Любоў Юр’еўна Радаман, куратар педагагічнай групы сярэдняй школы № 30. Яна пераканана, што толькі ў інтэрактыўным адукацыйным асяроддзі будучыя педагогі атрымліваюць магчымасць рэалізаваць свае пазнавальныя патрэбы, бу­дуюць узаемаадносіны ўнутры калектыву і атрымліваюць першыя навыкі сумеснай дзейнасці.

— Унікальнасць сёлетняга адкрытага злёту вучняў педагагічных класаў заключаецца ў тым, што на пляцоўцы “Лідара” паспяхова сумясцілі два важныя кірункі: педагагічную падрыхтоўку і медыяцыю, — акцэнтавала ўвагу Л.Ю.Радаман. — Радасна, што нашы навучэнцы, юныя медыятары, не засталіся ўбаку. Разам з педагогамі і вучнямі яшчэ некалькіх сталічных школ, спецыялістамі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і педагогамі цэнтра “Лідар” яны з цікавасцю правялі для ўдзель­нікаў злёту тэматычныя майстар­-класы і практычныя заняткі. Гэта і адкрытае пасяджэнне кафедры медыяцыі “Што такое медыяцыя і нашто яна ва ўстанове адукацыі?” і медыя­тыўныя сесіі “Пазітыўныя зносіны. Кампраміснае рашэнне. Канструктыўныя паводзіны”, і адкрытае пасяджэнне лабараторыі выхавання “Ці патрэбна медыяцыя ва ўстанове адукацыі і чым яна карысна будучаму педагогу?”. На маю думку, усё прайшло добра і дало плён, кожны атрымаў новы карысны вопыт, які абавязкова спатрэбіцца ў далейшым.

Як расказала суразмоўніца, на базе сталічнай сярэдняй школы № 30 з верасня мінулага года арганізавана педагагічная група для навучэнцаў 10 “Б” класа, у якую ўваходзяць 20 дзяўчат і юнакоў. Акрамя паглыбленага вывучэння рускай мовы і грамадазнаўства, маладыя лю­дзі знаёмяцца з прафесіяй педагога ў рамках факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Асаб­лівую цікавасць навучэнцы праяў­ляюць да педагагічных проб, якія ўклю­чаюць у сябе правядзенне ўрокаў у пачатковай школе, а таксама арганізацыю і ўдзел у выхаваўчых мерапрыемствах. Традыцыйна вынікі дзейнасці афармляюцца ў фармаце партфоліа “Я — педагог”.

З медыяцыяй вучні сярэдняй школы № 30 знаёмы не па чутках. На базе гэтай установы адукацыі паспяхова рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне тэхналогіі фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў адукацыйных адносін на аснове стварэння службаў медыяцыі”. З 2015 года куратар праекта, сертыфікаваны медыятар, сацыяльны педагог Наталля Мікалаеўна Кулікова разам з юнымі медыятарамі пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі праводзяць разнастайныя мерапрыемствы, прымаюць актыўны ўдзел у канферэнцыях і форумах і вучацца вырашаць канфліктныя сітуацыі ў школьным калектыве.

Такая дзейнасць захапляе маладых людзей і дапамагае знайсці справу па душы. У якасці валанцёра і юнага медыятара ў злёце прымала ўдзел выпускніца сярэдняй школы № 30 Настасся Бародкіна. Дзяўчына была рада па­дзяліцца ўласным вопытам па вырашэнні канф­ліктаў у школьным асяроддзі. Да гэтай справы ў роднай школе далучылася яшчэ ў 7 класе і хутка захапілася ёй.

— Мне спадабалася працаваць з навучэнцамі педагагічных класаў на злёце, — адзначыла Настасся. — Было бачна, што яны разу­меюць актуальнасць тэмы, маюць жаданне глыбока разабрацца ў ёй. Як і я некалі, сённяшнія вучні былі ўражаны тым, што канфлікты можна не проста вырашаць, але яшчэ і рабіць гэта максімальна эфектыўна. Гэтыя навыкі патрэбны і школьнікам, і педагогам, і прадстаўнікам самых розных сфер.

Гімназія № 20 Мінска таксама імкнецца ўнесці свой уклад у фарміраванне прафесійнага педагога будучыні, здольнага ў поўным аб’ёме вырашаць усе сучасныя задачы. Гэтым пытаннем ва ўстанове задаюцца даўно. Дырэктар Леанід Іванавіч Абрамаў на працягу некалькіх гадоў увахо­дзіў у склад Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі пры БДПУ імя Максіма Танка. Свае ідэі калектыў актыўна развівае і рэалізоўвае ў 10—11 класах, якія маюць профільную педагагічную накірава­насць. Навучэнцы спрабуюць сябе ў ролі педагогаў, каб асэнсавана падысці да сур’ёзнага жыццёвага выбару будучай прафесіі.

— Як вырасціць педагога? — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Францаўна Лазарава. — Яшчэ Д.І.Мендзялееў сцвярджаў: “Да педагагічнай справы варта заклікаць, як і да справы марской, ваеннай, медыцынскай ці таму падобных, не тых, хто імкнецца толькі забяспечыць сваё жыццё, а тых, хто адчувае да гэтай справы і да навукі свядомае прызванне і прадчувае ў ім сваё задавальненне, ра­зумеючы агульную патрэбу”. Як паказаў час, стварэнне профільных педагагічных класаў дае магчымасць старшакласнікам упэўніцца ва ўласным прафесійным выбары, замацоўвае неабходныя тэарэтычныя веды і ўменні, фарміруе пазітыўныя навыкі сацыяльных паводзін.

Гімназія № 20 з 2014 года актыўна супрацоўнічае з БДПУ імя Максіма Танка па кірунках адукацыйнай, выхаваўчай, навукова­-даследчай, метадычнай і інавацыйнай дзейнасці. Вя­дзецца прафесійная арыентацыя школьнікаў для працягу навучанняў ва ўніверсітэце. З 2015 года ўстанова мае статус школы­-лабараторыі вучэбна­-навукова­-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі пры БДПУ імя Максіма Танка. Мэтай дзейнасці школы­-лабараторыі якраз і з’яўляецца стварэнне эксперыментальна­-інавацыйнага асяроддзя бесперапыннай педагагічнай адукацыі для арганізацыі і забеспячэння дапрофільнай падрыхтоўкі на ІІ ступені і ўдасканальвання навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Працэс пабудаваны так, што навучэнцы профільных класаў гімназіі актыўна супрацоўнічаюць з педагагічным універсітэтам і часта запрашаюцца да ўдзелу ў розных мерапрыемствах і праектах БДПУ імя Максіма Танка (дні адкрытых дзвярэй “Студэнт на адзін дзень”, экскурсіі па факультэтах, студэнцкія канферэнцыі і іншыя). Да вучняў педагагічных класаў з цікавасцю і ахвотай далучаюцца і гімназісты 7—9 класаў, тыя, у каго, магчыма, з’явілася першая ціка­васць да педагагічнай прафесіі.

— Студэнты, якія праходзяць практыку ў нашай гімназіі, уцягваюцца ў праект “Настаўнік — студэнт — вучань педагагічнага класа”, а таксама вядуць прафарыентацыйную работу — дэманструюць прэзентацыі аб сваім факультэце, расказваюць пра студэнцкае жыццё і вучобу ў БДПУ імя Максіма Танка, — працягвае Т.Ф.Лазарава. — На працягу многіх гадоў гімназія супрацоўнічае з Нацыянальным дзіцячым адукацыйна­-аздараўленчым цэнтрам “Зубраня”. Нашы гімназіс­ты неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі змен “Прымер прафесію на сябе” і “Ад захопленасці да прафесіі”. Супрацоўнікі цэнтра запрашаюць навучэнцаў педагагічных класаў у якасці памочнікаў важатых. А гэта вялікая адказнасць і магчымасць паглыбіцца ў цікавую работу з дзецьмі.

Вучаніца 10 педагагічнага класа гімназіі № 20 Яна Варабей, якая была непасрэднай удзель­ніцай злёту, змагла дзякуючы мерапрыемству па­-новаму адкрыць для сябе прафесію педагога. Дзяўчына нават і не чакала, што атрымае такую колькасць не проста тэарэтычнай інфармацыі, а каштоўных практычных навыкаў. У роднай гімназіі яна разам з іншымі ўдзель­нікамі злёту збіраецца дзяліцца тым, чаму навучылася. У найбліжэйшых планах — мерапрыемства для малодшых школьнікаў. Яна яшчэ канчаткова не вызначылася з будучай прафесіяй, але ўсё больш сур’ёзна задумваецца аб тым, што працаваць у школе вельмі цікава.

Таццяна ШЫМКО.
Фота з архіваў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і ўдзельнікаў злёту.