Каралеве — карону!

- 15:25Актуально, Рознае

Галоўная студэнцкая падзея вясны — Міжнародны конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2014” — адбылася! Уладальніцай кароны стала Ганна Мядзелец, студэнтка другога курса эканамічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Ідэйным натхняльнікам конкурсу выступае грамадская арганізацыя БРСМ, а таксама Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальная школа прыгажосці і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Хоць сёлетняя вясна дражніць сонцам, якое не вельмі грэе, усім, хто аказаўся ў Нацыянальнай бібліятэцы ў чацвер, дзе праходзіў фінал, было па-сапраўднаму горача. А прычынай стала творчая барацьба паміж 15 фіналісткамі — самымі таленавітымі, грацыёзнымі і абаяльнымі студэнткамі ўстаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны, пераможцамі ўніверсітэцкіх і рэгіянальных тураў. Падчас святочнага каралеўскага шоу дзяўчаты прадэманстравалі не толькі грацыю, але і пакарылі журы і гледачоў сваім артыстычным талентам, праявілі эрудыцыю ў творчым конкурсе і нават у хакейным інтэлектуальным турніры. Галоўнымі крытэрыямі сталі не толькі знешняя прывабнасць студэнтак, але і інтэлектуальныя, творчыя здольнасці, артыстычнае майстэрства, сцэнічная культура, уменне трымаць аўдыторыю, веданне этыкету, пачуццё гумару і ўдзел у маладзёжных праектах і праграмах.
Ганна Мядзелец — студэнтка тытулаваная. Ёй пакарыліся ўжо многія конкурсы. Яна вельмі жыццялюбівая, умее атрымліваць асалоду ад кожнага імгнення жыцця, а яе дэвіз — “Усё, што ні робіцца, — да лепшага”. Акрамя таго, яна цудоўная мастачка і танцорка. Ужо зусім хутка ў гэтым яна пастараецца пераканаць журы міжнароднага фіналу, які ўпершыню пройдзе ў Расіі. Разам з Ганнай прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне будуць і ўладальніцы тытулаў “Першая віцэ-міс” Марына Цундзер, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, і “Другая віцэ-міс” Настасся Капцюг, студэнтка трэцяга курса факультэта прадпрымальніцтва і кіравання Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Аб’яднаўшы на працягу больш як дваццаці гадоў сотні творчых студэнтак Беларусі, краін СНД, блізкага і далёкага замежжа, конкурс “Каралева Вясна” застаецца адным з самых цікавых і прэстыжных студэнцкіх конкурсаў міжнароднага фармату. Жадаем нашым дзяўчатам новых перамог!

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.