Карпатлівая падрыхтоўка

- 8:14Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Вучні сярэдняй школы № 1 Ліды пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах становяцца рэгулярна. У гэтым годзе гонар школы будуць абараняць шасцёра старшакласнікаў, якія возьмуць удзел у заключным этапе інтэлектуальных спаборніцтваў па геаграфіі, біялогіі, гісторыі і інфарматыцы.

Спачатку алімпіядныя школы 

Як адзначыў дырэктар школы Сяргей Фанасаў, поспех у алімпіядным руху гарантуе сістэмная работа ўсяго педагагічнага калектыву. У навучальнай установе дзейніча­юць прадметныя алімпіядныя школы, куды запрашаюць цікаўных, кемлівых вучняў 6—7 класаў. Ужо на этапе знаёмства з прадметам можна заўважыць павышаны інтарэс дзіцяці. Такія школьнікі, як правіла, задаюць шмат пытанняў, а таксама просяць дадаткова патлума­чыць тую ці іншую з’яву. 

Яшчэ адзін аспект, які дапамагае па­вя­лі­чыць ахоп дзяцей алімпіядным рухам, — умоўнае раздзяленне яго на дзве часткі.
“Удзел у алімпіядным руху стымулюе вучняў больш разбірацца ў прадмеце, паглыбляцца ў яго вывучэнне. У выніку такія дзеці ў пэўны момант пачынаюць дапамагаць настаўніку тлума­чыць матэрыял, паказваюць аднакласнікам і не толькі, як правільна рашыць задачу або выканаць заданне. Дасканала разабраўшыся ў пытанні, яны ахвотна дзеляцца сваімі ведамі з іншымі, бо навучыліся рабіць пошукава-рэфлексіўны аналіз, што з’яўляецца асновай алімпіяднага поспеху. Гэта першы алімпіядны ўзровень. Другі — алімпіяда высокіх дасягненняў. І вось тут удзельнікі алімпіяды ўжо дэманструюць свой найвышэйшы пілатаж, заваёўваючы дыпломы. Зразумела, за кожнай перамогай стаіць карпатлівая, сістэматычная падрыхтоўка”, — адзначыў Сяргей Анатольевіч Фанасаў.

Вучым, аналізуем, паўтараем

Якраз пра такую карпатлівую падрыхтоўку да алімпіяд расказала настаўніца біялогіі Таццяна Аляксееўна Чарамісіна. У першай лідскай школе яна працуе 49 гадоў! Больш за сто яе вучняў сталі ўрачамі розных профіляў. Таццяна Аляксееўна, будучы класным кіраўніком, адправіла ў дарослае жыццё пяць выпускаў.

Настаўніца дапамагае вучням адчуць смак перамогі на алімпіядзе па біялогіі. Яна вопытны настаўнік-трэнер, які штогод рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды. І калі я спытала, у чым сакрэт яе паспяховай работы, Таццяна Аляксееўна адказала коратка: “У штодзённай няспыннай працы”. 

Калі яна прыйшла ў школу, то планавала папрацаваць 3 гады і сысці. Але работа з дзецьмі настолькі захапіла, што яна пераканалася ў сваім педагагічным прызванні. Падчас нашай гутаркі яна ўсё ж назвала адзін са складнікаў свайго поспеху: гэта дысцыпліна ў класе. Арганізаваць прадукцыйную работу ў класе, утрымліваючы ўвагу вучняў, ёй удалося з самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці. Але разам са строгасцю ў Таццяне Аляксееўне спалучаюцца спагада і чалавечнасць. 

Алімпіяднікі — таленавітыя і асаблівыя дзеці. І Таццяна Аляксееўна як ніхто ведае, што працаваць з імі цікава і няпроста. Каб падрыхтавацца да алімпіяды, трэба не проста перавярнуць горы літаратуры. Неабходна ўнікнуць ва ўсе нюансы, разабрацца ва ўзаемасувязях, прарашаць такія задачы, што часам хочацца плакаць ад бяссілля. Сёння ўдзельнікі рэспубліканскай алімпіяды павінны ўмець рашаць задачы на стыку розных біялагічных раздзелаў. Але ж Таццяна Аляксееўна — загартаваны педагог і гатова да гэтага.

Сістэма адукацыі ўвесь час развіваецца і ўдасканальваецца. Зразумела, што і алімпіядны рух змяніўся як зместава, так і ў арганізацыйным плане. Разам з тым, па меркаванні настаўніцы, метад падрыхтоўкі да алімпіяды нязменны — работа са школьным падручнікам, дадатковай літаратурай (папяровай і электроннай), вядзенне структураванага канспекта вывучанага, праверка засвоеных ведаў з дапамогай тэставых заданняў. Вельмі важна прагаворваць вывучаны матэрыял, інакш толку не будзе. І так кожны дзень.

У Таццяны Аляксееўны і ўрок пабудаваны так, каб даць вучням крыху больш, чым прапісана ў плане. У гэтым годзе яна працуе з сямікласнікамі, дык і ўжо яны змаглі на раённай алімпіядзе заваяваць 5 прызавых месцаў! А ў наступным годзе іх чакае батаніка яшчэ больш складанага ўзроўню, і мне здаецца, што яны з радасцю возьмуць новую планку. 

У панядзелак на Рэспубліканскую алімпіяду па біялогіі паедзе вучань Таццяны Аляксееўны адзінаццацікласнік Георгій Соладаў. “Гэты вучань біялогіяй цікавіцца з дзяцінства. Яго бацька — настаўнік біялогіі. Хлопчык вельмі начытаны. Столькі ў галаве ўсяго трымае, што я іншым разам дзіўлюся, як такое магчыма. Мэтанакіраваны, хоча стаць урачом”, — расказала пра свайго вучня настаўніца. Знаёмства з Георгіем на сто працэнтаў пацвердзіла характарыстыку настаўніцы. Жадаю яму толькі поспеху!

Рацыянальнасць у кожнай хвіліне

Да рэспубліканскай алімпіяды засталося няшмат часу, таму ён у школе выкарыстоўваецца максімальна рацыянальна. Настаўніца геаграфіі сярэдняй шклы № 1 Ліды Люцына Валюк ведае кошт кожнай хвіліны падрыхтоўкі. У мінулым годзе Люцына Эдуардаўна падрыхтавала двух пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. 

 Калі я зноў спытала пра сістэму работы з алімпіяднікамі, настаўніца адказала коратка: “Сядзім і працуем, разбіраючы заданні”. А пасля дадала: “У нашай школе працуе здаровы калектыў прафесіяналаў. І адміністрацыя нам заўсёды дапамагае і падтрымлівае. Умовы, прычым як эмацыянальныя, так і матэрыяльныя, — камфортныя. Мы вельмі любім сваіх вучняў, таму і імкнёмся даць ім максімум”.

 У школе Люцына Эдуардаўна працуе больш за 30 гадоў. “Мяне задавальняе абсалютна ўсё, таму збіраюся і далей тут працаваць”, — заўважыла яна. І свой прадмет настаўніца вельмі любіць. Вучні гэта адчуваюць, і многія падзяляюць любоў да геаграфіі. Гэта комплексны прадмет, які закранае многія навукі. У ім спалучаюцца веды па біялогіі, хіміі, гісторыі, матэматыцы, літаратуры. Гэта прадмет, які знаёміць з навакольным светам, пашырае кругагляд. І тыя, хто добра ведае геаграфію, як мінімум цікавыя субяседнікі. Але ж папулярнасць геаграфіі не такая высокая, як, напрыклад матэматыкі, бо для паступлення яна мала дзе неабходна. 

Тым не менш педагагічны талент Люцыны Эдуардаўны для многіх вучняў першай лідскай школы ро­біць геаграфію вельмі прыцягальнай. Цікавасць да прадмета фарміруецца ў 5 класе падчас вывучэння прадмета “Чалавек і свет”. Некаторыя пяцікласнікі заўважаюць схаваныя сэнсы і бачаць прычынна-выніковыя сувязі ў розных з’явах. Менавіта такія дзеці — патэнцыяльныя алімпіяднікі. З імі ў Люцыны Эдуардаўны адразу наладжваецца кантакт. 

Пасля яна абмяркоўвае з дзецьмі і іх бацькамі перспектывы падрыхтоўкі да алімпіяды. Вядома, гэты працэс забірае шмат часу. Таму, калі зоркі сыходзяцца, пачынаецца сумесная работа. Штодзённая, карпатлівая — сістэмная. “Ведаеце, калі я працую ў класе, то не арыентуюся на сярэдняга вучня. Імкнуся ад гэтага адыходзіць. Інакш ёсць рызыка згубіць вучнёўскую цікавасць. А калі расказваеш пра нейкія нетыповыя факты і з’явы, праводзіш неардынарныя паралелі, то загараюцца нават самыя сумныя вочы. 

Нядаўна на ўроку ў 6 класе мы праходзілі гідрасферу. І я право­дзіла аўкцыён пытанняў, прадавала дзясятку. Яе можна было купіць, адказаўшы, чаму Амазонка — самая поўнаводная рака? Пытанне быццам бы простае. Але адказаць на яго можна, толькі калі звярнуцца да тэмы клімату: там, дзе цячэ Амазонка, ідзе шмат дажджоў”, — расказала настаўніца.

Яна заўважыла, што алімпіяда па геаграфіі ў апошнія гады стала больш практыка-арыентаванай. У ёй шмат заданняў на выяўленне прычынна-выніковых сувязей. “Таму з дзецьмі рашаем шмат задач на логіку. Напрыклад, чаму метэаралагічная будка белага колеру? Чакаючы правільны адказ, прымаю ўсе версіі. Ні ў якім разе нельга сварыцца, калі ён няправільны. Думаюць усе, і гэта ўжо добра. Важна правільна скіра­ваць ход думак, падбадзёрыць дзяцей, тады бу­дзе вынік”, — лічыць педагог.

Свае веды на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі будзе дэманстраваць навучэнка 10 класа Дар’я Цумарава. Дзяўчына вельмі любіць геаграфію і марыць стаць студэнткай геаграфічнага факультэта БДУ. Поспехаў!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.