У межах Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” на базе філалагічнага факультэта БДУ адбыліся майстар-класы ўдзельнікаў фіналу конкурсу. Заняткі праводзіліся па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры. Майстар-класы былі адзначаны падзякай міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі. І хоць прафесійнае спаборніцтва скончылася больш за месяц назад, у студэнцкіх аўдыторыях дасюль не сціхаюць захопленыя воклічы. Тыя, хто трапіў на майстар-класы ад лепшых настаўнікаў краіны, атрымалі не толькі безліч станоўчых эмоцый, але і ўбачылі сучаснага школьнага педагога ў дзеянні, чым засталіся вельмі задаволены.
Важкі ўклад у арганізацыю майстар-класаў унеслі супрацоўнікі філалагічнага факультэта БДУ, кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, у тым ліку загадчык кафедры Ірына Таяноўская, дацэнты Ірына Саматыя і Таццяна Мальцэвіч.
Сваё майстэрства студэнтам прадэманстравалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Яўген Валер’евіч Есіс з сярэдняй школы № 16 Мазыра, Святлана Леанідаўна Румянцава з Баравухскай сярэдняй школы Наваполацка, Наталля Фёдараўна Ступчык з сярэдняй школы № 2 Зэльвы і настаўнікі рускай мовы і літаратуры Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак з сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак, Наталля Міхайлаўна Мыслівец з гімназіі № 13 Мінска, Таццяна Барысаўна Сарапулава з сярэдняй школы № 33 Магілёва, Алена Рыгораўна Шумак з гімназіі № 2 Пінска.
Педагогі аддалі перавагу актыўным метадам і формам навучання. Асаблівую цікавасць у студэнтаў, якія выступалі ў якасці вучняў, выклікалі разнастайнасць і арыгінальнасць выкарыстаных метадычных сродкаў і прыёмаў. Работа праводзілася ў творчых, даследчых вучэбных групах. На ўсіх занятках прымяняліся сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя адукацыйныя тэхналогіі. Як заўважыла Ірына Таяноўская, агеньчык цікавасці ў вачах удзельнікаў майстар-класаў выклікала матывацыйна-арыентаваная атмасфера зносін.
Настаўнікі-прадметнікі, фіналісты конкурсу, неаднаразова адзначалі зацікаўленасць, добразычлівасць і, што асабліва важна, высокую прадметную і метадычную культуру студэнтаў-філолагаў. У прыватнасці, пераможца конкурсу “Настаўнік года” Святлана Румянцава дасюль трымае сувязь з тымі студэнтамі, якія былі на яе майстар-класе. І падчас нядаўняга інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” яна адзначыла зацікаўленасць студэнтаў, таму з імі было вельмі лёгка працаваць. “Адпрацавала на ўздыме і пераканалася, што будучыня ў нашай педагогіцы ёсць”, — заўважыла тады Святлана Леанідаўна.
А вось што гавораць пра ўбачанае, пачутае і зробленае студэнты філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Дзіяна Барысевіч: “Мне давялося прысутнічаць на вельмі цікавым мерапрыемстве — майстар-класе ўдзельнікаў конкурсу “Настаўнік года — 2017”. Наша настаўніца дакладна і зразумела растлумачыла тэму “Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі”, выкарыстаўшы схемныя і знакавыя мадэлі, а менавіта апорныя схемы і своеасаблівую гульню—скрайбл. Я лічу, што пры дапамозе такой методыкі выкладання інфармацыя, якую патрэбна данесці да дзяцей, стане больш зразумелай для іх”.
Дзіяна Пушыла: “Настаўніца падчас урока задзейнічала ўсіх вучняў, выкарыстоўвала розныя метады і прыёмы, каб усім было зразумела і ніхто не застаўся без увагі. Яна прытрымлівалася нагляднага прынцыпу падачы матэрыялу. На ўроку мы працавалі як у групах, так і самастойна. Было вельмі цікава і пазнавальна”.
Таццяна Вайцяховіч: “Раскажу пра тыя метадычныя прыёмы, якія асабліва запомніліся з майстар-класаў. Вучняў падзялілі на некалькі груп і кожнай далі адпаведную колькасць слоў, запісаных на маленькіх аркушах паперы. Гэтыя словы былі ператасаваны паміж усімі групамі. Трэба было знайсці адпаведныя пары (у залежнасці ад віду заняткаў, напрыклад: антонімы/сінонімы/архаізмы — сучасныя словы).
Цікавымі аказаліся наступныя творчыя заданні:
1. Напісаць сачыненне (групавая работа)
Вучням даюцца аркушы са словамі, у якіх, напрыклад, аднолькавае напісанне якой-небудзь арфаграмы, ці слоўнікавыя словы, словы-выключэнні з правіл і г.д., якія трэба запомніць. Групам раздаюцца паперкі з аднолькавым наборам слоў, адводзіцца пэўны час для напісання сачыненняў. Яны могуць быць смешнымі і незвычайнымі. Галоўнае, каб дзеці запомнілі: у форме гульні значна лягчэй замацаваць правіла ці засвоіць новую інфармацыю.
2. Стварыць дыялог
Дзеці дзеляцца на групы, у кожнай з іх выбіраюць аднаго прадстаўніка, які будзе выступаць ад імя групы. Даецца ілюстрацыя (напрыклад, выгляд сялянскай хаты) і прапаноўваюцца фразы, па якіх трэба скласці дыялог: “Я сёння прачнулася і…”; “Каб мая хата была прыгожай, я…”; “Мая хата лепшая, таму што…”. Кожная група зачытвае тое, што атрымалася, па чарзе ў форме дыялогу. Гэтае практыкаванне дапамагае пашырыць сваё бачанне адной карціны, пашырыць кругагляд і актывізаваць вобразнае мысленне”.
Юлія Фельдшарава: “Нам пашчасціла наведаць выдатны ўрок літаратуры. Гэта былі вельмі насычаныя і цікавыя 45 мінут, за якія мы не толькі даведаліся аб новых прыёмах, што выкарыстоўваюцца ў сучасным адукацыйным працэсе, але і адчулі іх эфектыўнасць. Мне вельмі запомніўся прыём “Аловак”: адна група малявала прадмет народнага вясковага побыту, напрыклад, скрыню або печ, але па частках, а іншая спрабавала адгадаць, што гэта такое.
Такім чынам мы наладжвалі партнёрства праз творчасць. Паглыбляючыся ў побыт сапраўднага чалавека-працаўніка з народа, мы вучыліся таму, як можна сфарміраваць у вучняў камунікатыўную кампетэнцыю. Гэта карысныя веды для практыкі, якая будзе ў нас праз некаторы час. Вельмі цікавы вопыт. Вялікі дзякуй арганізатарам і настаўнікам!”
Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.