Каштоўнасць мірнага неба

- 10:20Адукацыйная прастора

Дасягнуць больш якаснага ўзроўню грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі — цяпер гэта адна з прыярытэтных задач ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны.

— Неабходнасц­ь выхавання ў мо­ла­дзі патрыятычных пачуццяў сёння набывае асаблівае значэнне. І важна, што ва ўстановах адукацыі вобласці склалася свая сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання, якая рэалізуецца ў рамках адукацыйнага працэсу і з’яўляецца важным яго складнікам. Але мы разумеем, што ў сучасных рэаліях выхаваўчай рабоце патрэбны нейкія новыя імпульсы, новыя формы. Каб не згубіць маладое пакаленне, у гэтую дзейнасць пастаянна ўкараняюцца новаўвядзенні, якія адпавядаюць часу, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыкан­ка­ма І.М.Кускова.

У сучасных рэаліях выхаваўчай рабоце патрэбны нейкія новыя імпульсы, новыя формы.

У гэтым навучальным го­дзе самым адметным такім новаўвядзеннем  стала ства­рэнне абласнога патрыя­тычнага цэнтра. Ён быў адкрыты ў пачатку верасня на базе Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Я.М.Нікалаенкі.

Дарэчы, абласны патрыя­тычны цэнтр размясціўся ў кадэцкім вучылішчы невыпадкова. Навучальная ўстанова носіць імя Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта авіяцыі Яўгена Нікалаенкі.

— Патрыятызмам у нас у літаральным сэнсе прасякнуты нават сцены. У вучылішчы сёння навучаецца 171 кадэт. І з упэўненасцю магу сказац­ь, што кожны з іх сапраўдны па­трыёт. Кадэты ведаюць аб подз­вігах героя, імя якога носіць наша ўстанова адукацыі. Яны наогул добра ведаюць гераічнае мінулае беларускага народа. І гэта вельмі важна. Гісторыю нельга забываць, бо на наглядных прыкладах мы бачым, да чаго гэта прыводзіць. Кадэты не проста захоўваюць і берагуць гістарычную памяць, але і расказваюць пра яе аднагодкам, матывуючы іх рабіць тое ж самае, — паведаміў кіраўнік абласнога патрыятычнага цэн­тра В.У.Ермакоў.

Па яго словах, пакуль заняткі ў цэнтры праводзіліся ў шосты школьны дзень для магілёўскіх школьнікаў, навучэнцаў 7—10 класаў. Кадэты самі расказвалі падлеткам пра асаблівасці свайго вучылішча, праводзілі для іх экскурсіі па навучальнай установе, па памятных месцах у ваколіцах Магілёва, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны здзяйснялі подзвігі абаронцы Радзімы. А­крамя гэтага, для юнакоў арганізоўваліся заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы, падчас якіх яны знаёміліся са стралковым узбраеннем.

— На занятках мы імкнёмся да таго, каб навучэнцы выразна ўсвядомілі каштоўнасц­ь сённяшняга мірнага неба. Гэта найлепшым чынам фарміруе патрыятычныя пачуцці. Хлопцы пачынаюць разумець, што яны — будучыя абаронцы краіны, — падкрэсліў В.У.Ермакоў. 

Зараз пэўныя карэктывы ў арганізацыю заняткаў у абласным патрыятычным цэнтры ўнесла пандэмія. Аднак заняткі не спыняцца, прапрацоўваецца магчымасць іх правядзення ў дыстанцыйным фармаце. Больш за тое, у вучылішчы спа­дзяюцца, што ў найбліжэйшы час вучэбна-выхаваўчыя заняткі пачнуць праводзіць і для вучняў сельскіх школ.

— Плануем з наступнага года пачаць арганізоўвац­ь і больш працяглыя па часе заняткі. Гэта будзе не адна­дзённы заезд, а пражыванне ў вучылішчы як мінімум ты­дзень, што дазволіць юнакам акунуцца ў кадэцкае жыццё, дасканала азнаёміцца з нашым побытам. Абавязковым для іх будзе вывучэнне асноў ваеннай справы, страявыя заняткі, наведванне воінскіх часцей, экскурсіі патрыятычнай накіраванасці, — адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча Ю.А.Грышанаў.

Адметна, што абласны патрыятычны цэнтр таксама бу­дзе забяспечваць усебаковае ме­тадычнае суправаджэнне кіраўнікоў па ваенна-патрыя­тычным выхаванні ўсіх школ вобласці. А ўвогуле галоўная мэта цэнтра — стаць вядучым суб’ектам рэгіёна ў арганізацыі мэтанакіраванага патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.