Кіраўнік дзяржавы канцэптуальна падтрымаў прапанаваныя меры па паляпшэнні дзелавога клімату

- 11:58Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў на нараду эканамічны блок краіны. На мерапрыемстве абмяркоўваецца спектр пытанняў — ад міжнароднага супрацоўніцтва да павышэння эфектыўнасці работы асобных прадпрыемстваў.

“Сёння традыцыйная нарада з эканамічным блокам нашай дзяржавы, ядром якой з’яўляецца ўрад. Паколькі пытанні, вынесеныя на нараду, тычацца і парламента, і Камітэта дзяржкантролю, Адміністрацыі прэзідэнта, іншых структур, мы запрасілі сюды кіраўнікоў (гэтых дзяржорганаў. — Заўвага БелТА.). Разгледзім некалькі законапраектаў, якія непасрэдна будуць уплываць на дзелавое асяроддзе. Яны тычацца і міжнароднага супрацоўніцтва, узаемадзеяння з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, мытных пытанняў”, — акрэсліў тэматыку сустрэчы кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, урад унёс прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы асобных прадпрыемстваў. “Хачу нагадаць: ніякіх патуранняў быць не павінна. І хопіць мне ўносіць прапановы па дзесяць разоў па тых прадпрыемствах, якія раней не выканалі абяцанае. Толькі пасля таго, як (чарговы раз нагадваю) кіраўнікі (такіх прадпрыемстваў. — Заўвага БелТА.) пойдуць у месцы не вельмі аддаленыя, мы будзем разгля­даць прапановы другі і трэці раз. А так кіраўніцтва прадпрыемстваў сябе цудоўна адчувае. Правалілі абяцанае, не вярнулі канкрэтна грошы ў бюджэт або інвестару, а бюджэт за іх павінен цяпер плаціць і адказваць па іх даўгах. Трэба гэтую практыку было скончыць учора”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Як расказаў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын, у найбліжэйшы час чакаецца прыняцце дакументаў, накіраваных на далейшае паляпшэнне дзелавога клімату і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі.

“Адным з блокаў разглядаліся пытанні паляпшэння дзелавога клімату ў краіне, інвестыцыйнай прывабнасці. Мы зрабілі акцэнт ужо на практыку прымянення пэўных норм заканадаўства за гісторыю нашай краіны. Таму неабходна будзе ўнесці пэўныя карэкціроўкі ў дакументы, якія прапануюцца. Канцэптуальна тыя асноўныя рэчы, якія ў іх выкла­дзены, кіраўніком дзяржавы падтрыманы”, — заявіў Аляксандр Турчын.

Ён пакуль не стаў раскры­ваць падрабязнасці, аднак запэўніў, што ў найбліжэйшы час наконт гэтага з’явяцца канкрэтныя дакументы. “У найбліжэйшы час гэтыя дакументы ўбачаць свет”, — сказаў першы віцэ-прэм’ер.