Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову будаваць аб’екты прыдарожнай інфраструктуры ў раённых цэнтрах

- 11:20Інфармацыйная гадзіна

Пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы 6 кастрычніка адкрыўся ўчастак 27,3 км другой кальцавой аўтадарогі вакол Мінска.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве другога кальца і перспектывах транспартнай інфраструктуры Беларусі, уключаючы аўтамабільны і чыгуначны транспарт. Агульная працягласць новай кальцавой аўтадарогі вакол Мінска складзе каля 159 км, яе будаўніцтва праходзіць у два этапы. Першы павінен быць завершаны да 1 студзеня 2016 года. Да гэтага часу будзе здадзены ўчастак аўтадарогі М3 Мінск — Віцебск да аўтадарогі М6/Е28 Мінск — Гродна — граніца Польшчы (Брузгі). Другі этап будаўніцтва, як плануецца, завершыцца ў 2017 годзе на ўчастку ад аўтамабільнай дарогі М6/Е28 Мінск — Гродна — граніца Польшчы (Брузгі) да аўтамабільнай дарогі М1/Е30 Брэст “Казловічы” — Мінск — граніца Расіі (Рэдзькі).
Разліковы кошт будаўніцтва першага этапу складзе Br3,1 трлн. Фінансаванне ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця і крэдытаў Банка развіцця Беларусі. Кошт будаўніцтва другога ўчастка кальца ад аўтадарогі М6 да М1, які плануецца пачаць ужо ў гэтым годзе, ацэньваецца ў Br2,3 трлн.
Як было даложана прэзідэнту, другую кальцавую аўтадарогу прапаноўваецца не забудоўваць аб’ектамі прыдарожнай інфраструктуры. Аляксандр Лукашэнка лічыць гэтую прапанову разумнай. “У нас праз кожныя 40—50 км па любой трасе добрыя населеныя пункты, раённыя цэнтры, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — У гэтых раённых цэнтрах — Бярозе, Кобрыне, Дзяржынску — трэба будаваць гэтыя аб’екты, дзе ёсць людзі, інфраструктура”.
На думку кіраўніка дзяржавы, гэта пасадзейнічае развіццю раённых цэнтраў і іншых пасёлкаў, якія знаходзяцца паблізу трасы. Будаўніцтва аб’ектаў прыдарожнай інфраструктуры па-за населенымі пунктамі часта вельмі затратнае з пункту гледжання падвядзення да іх электрычнасці, водазабеспячэння і г.д. Для кароткачасовага адпачынку вадзіцеляў дастаткова абсталяваць невялікія пляцоўкі, лічыць прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў таксама з прадстаўнікамі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый-падрадчыкаў і жыхарамі Мінскага раёна, адказаў на іх пытанні. Пасля цырымоніі адкрыцця прэзідэнт зрабіў азнаямленчую паездку па ўчастку другой кальцавой, які адкрыўся.
Асаблівасцю будаўніцтва другой кальцавой аўтадарогі з’яўляецца шырокае прымяненне цэментабетону для стварэння пакрыцця, што з улікам разліковых затрат за міжрамонтны перыяд будзе больш эканамічным у параўнанні з асфальтабетонам.

***

Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў працоўных калектываў і жыхароў Мінскага раёна ў час наведвання новага ўчастка кальцавой аўтадарогі аб сітуацыі ў свеце, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што зараз назіраецца пачатак перадзелу свету.
“Уладныя людзі спрабуюць перадзяліць свет, — сказаў беларускі лідар. — Тая краіна, якая сёння манапольна валодае ўсім светам, яна самая магутная і ў эканоміцы, і ў ваенных адносінах хоча ўтрымаць свет такім, які ён ёсць, не дапусціць шматпалярнасці. І разгарнулася барацьба”.
Паводле слоў прэзідэнта, пачалося ўсё са спробы выбудаваць шматпалярны свет. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца прыхільніцай шматпалярнага светаўладкавання. Ён адзначыў, што даўно гаварыў аб тым, што не будзе стабільнасці, калі свет не будзе абапірацца на некалькі апор. “Таму што на адной апоры монапалярны свет не ўстойлівы, ён у любы час абваліцца. Патрэбна дадатковая апора. Такой дадатковай апорай быў Савецкі Саюз, ён процістаяў Злучаным Штатам, і яны ўраўнаважвалі адно аднаго”, — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Пачаўся перадзел свету, і вось у гэтай сітуацыі нам трэба набрацца мудрасці і цярпення, каб выстаяць, — падкрэсліў прэзідэнт. — Нам трэба ўтрымаць краіну, захаваць”.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка бачыць пазітыў у адносінах Беларусі з Захадам.
Прэзідэнт расказаў, што ў час яго нядаўняга візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў Нью-Ёрку адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі іншых дзяржаў, міністр замежных спраў Беларусі сустракаўся з шэрагам службовых асоб. “Мы бачым пазітыў у гэтым”, — адзначыў беларускі лідар.
“Але зноў жа, некага там, на Усходзе, яшчэ недзе непакоіць, што вось беларусы там ледзьве не нейкі паварот са сваёй знешняй палітыкай робяць. Ды ніякага павароту, развароту мы не робім, — сказаў прэзідэнт. — У нас ёсць дзяржава, нашы інтарэсы толькі тут: ні ў Сірыі, ні ў Іране — нідзе няма нашых інтарэсаў. Мы ні на што не прэтэндуем і просім паважаць наш выбар”.
“Не я, а вы малайцы. Той час, калі супраць нас пачалі прымяняць санкцыі, ад чаго цяпер ліхаманіць Расію, гэты перыяд мы вытрымалі. Але мы не сталі віляць, як нас некаторыя папракаюць, мы не сталі адыходзіць ад нашага традыцыйнага курсу, якога мы прытрымліваліся, каб быць суверэннай, незалежнай дзяржавай”, — адзначыў беларускі лідар.
“Няхай мы, па сусветных мерках, не гіганцкая дзяржава, якая сёння спрабуе вызначыць лёс усяго свету і ажыццяўляць светапарадак. Мы ведаем сваё месца. Але мы дзяржава, мы маем права голасу, мы заснавальнікі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, — падкрэсліў прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў апошняй вайне Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва ў барацьбе з фашызмам. “Мы заслугоўваем павагі”, — заявіў ён.
“Выступаючы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Прэзідэнт ЗША на прыкладзе Кубы прызнаў, што, так, мы таксама на памылках вучымся, мы ўбачылі, што санкцыі супраць Кубы нічога не даюць, і мы пайшлі на іх адмену, чытай, з Беларуссю тое ж самае. Яны ўбачылі, што мы выстаялі, вытрымалі і неяк развіваліся. Мы стварылі ў цэнтры Еўропы няхай не супербагатую, але дастойную краіну”, — працягнуў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, для нармалізацыі адносін патрэбны быў нейкі штуршок. “І вось мяне крытыкуюць або са шкадаваннем гавораць, што Лукашэнку дапамог крызіс ва Украіне і г.д. Ён мне не дапамог. Гэта для мяне боль, як і для многіх украінцаў, і для тых людзей, у якіх там жывуць сваякі. Але ўкраінскі крызіс паказаў, наколькі крохкі мір, і калі так праз калена ўсё ламаць, глядзіш — і Беларусь успыхне. А не хочацца. Гэта цэнтр Еўропы. І раптам усе працверазелі. І вось гэты ўкраінскі крызіс і тыя праблемы, якія цяпер мы перажываем, з’явіліся, як я разумею, нейкім штуршком, каб пайсці насустрач Беларусі і прызнаць памылковасць санкцый”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
“Мы не супраць. Калі ласка, давайце будзем размаўляць. У нас ёсць свая дзяржава, у нас свае нацыянальныя інтарэсы, ад якіх мы не адступаліся нават у цяжкія часы. І мы не збіраемся ад іх адступаць”, — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчах з лідарамі іншых дзяржаў прама гаворыць, што наша краіна з’яўляецца добрым вучнем. “Мы крыху больш за 20 гадоў жывём як суверэнная, незалежная дзяржава. Мы гатовы вучыцца. Але, калі вы нас будзеце ў спіну ўвесь час штурхаць, нічога не атрымаецца”, — лічыць прэзідэнт.
“Мы будзем стойка прытрымлівацца свайго курсу, нам жа трэба зазямліцца на гэтай планеце як суверэннай незалежнай дзяржаве, каб больш нікому не хацелася ў наш бок глядзець, паціраць рукі і думаць, што заўтра мы яе, гэтую дзяржаву, падзелім, як Украіну, і падзелім на кавалкі або цалкам куды-небудзь уключым. Мы суверэнная незалежная дзяржава. Мы без усялякіх амбіцый выбудоўваем нашы адносіны з суседзямі, і ні адзін сусед не скажа, што мы яму ствараем нейкія праблемы. Але і свайго кавалка зямлі мы не аддадзім”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што на гэтай аснове, зыходзячы з гэтых прынцыпаў, вядзе перагаворы з лідарамі іншых дзяржаў. “І яны праходзяць паспяхова”, — канстатаваў ён. Прэзідэнт адзначыў, што ў першую чаргу ўпор у перагаворах робіцца на гандлёва-эканамічныя адносіны.

У час размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў і жыхароў Мінскага раёна Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанне аб размяшчэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі.
“Я назіраю апошнім часам крыкі нашай апазіцыі наконт размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога аб гэтым не ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэнне, — я аб гэтым нічога не ведаю”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Нам не трэба база сёння. Тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбны пэўныя ўзбраенні. Аб чым я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву”, — дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расійскай Федэрацыяй. “У нас ёсць адказнасць, і ў Расіі, і ў Беларусі. Мы заключылі пагадненне — яны адказваюць разам з намі за заходні напрамак. Фактычна мы не адны супраць НАТА тут стаім, разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас ёсць канкрэтны план нават на выпадак вайны, як трэба дзейнічаць. Зразумела, мы яго не абнародуем, гэта абсалютна сакрэтны план, але на гэтым напрамку галоўная сіла — беларуская армія. Калі канфлікт — то Расія пачынае нас падтрымліваць адпаведнымі людскімі рэсурсамі, вызначаны канкрэтныя арміі, самалёты, верталёты і г.д. На выпадак канфлікту”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Нам патрэбны самалёты, а не базы сёння. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў ваенных, грамадзянскіх. І навошта мне ствараць базу? — адзначыў прэзідэнт. — Навошта мне сёння завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?”
“Нам патрэбны ўзбраенні для таго, каб быць больш забяспечанымі ў плане абароны рубяжоў Беларусі і Расіі. Мы нікуды не збіраемся ехаць ваяваць, і я аб гэтым гаварыў”, — дадаў ён.
“У мяне наконт гэтага ні з кім не было размовы. Проста мяне здзіўляе і нават у нейкай ступені абурае і крыўдзіць: навошта гэта было расіянам сёння ўкідваць у сродкі масавай інфармацыі? Можа, непакояцца, што мы сапраўды на Захад ідзём, каб падкінуць гэтую тэму, каб Захад пачаў у нас пытацца або сумнявацца ў тым, што мы з імі хочам нармалізацыі адносін?” — сказаў беларускі лідар.
Ён таксама папярэдзіў, што “будуць розныя правакацыі, з любога боку”. “Будзьце вельмі акуратныя. Не расслабляйцеся”, — сказаў прэзідэнт.