Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб стварэнні ІТ-ВНУ

- 10:47Інфармацыйная гадзіна

Асобныя пытанні развіцця Беларусі ў лічбавай сферы абмяркоўваліся ў час даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку.

Удзельнікамі дыскусіі сталі кіраўнікі ўрада, Адміністрацыі прэзідэнта, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, вядучых навучальных устаноў, ІТ-сектара, Парка высокіх тэхналогій.

“Сёння вамі ўнесены асобныя прапановы, якія павінны садзейнічаць развіццю і краіны як айцішнай, і іншых напрамкаў, звязаных з лічбавізацыяй”, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася ў кіраўніка дзяржавы, стала мэтазгоднасць з’яўлення ў краіне асобнай навучальнай установы для ІТ-спецыялістаў. “У ІТ-супольнасці з’явілася ініцыятыва аб стварэнні новай профільнай навучальнай установы. Гэта адно з пытанняў. Акрамя таго, ва ўрада ёсць прапановы аб тым, як удасканаліць сістэму кіравання інфарматызацыяй і лічбавымі працэсамі”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спектр актуальных задач па акрэсленай тэматыцы вельмі шырокі. “Менавіта таму ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыя вылучана як адзін з прыярытэтаў, — падкрэсліў ён. — Пакуль у гэтым напрамку хваліцца асабліва няма чым. Хоць на V Усебеларускім народным сходзе была пастаўлена задача да 2020 года стварыць паўнацэнны электронны ўрад”.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у найбліжэйшы час правесці сур’ёзную нараду па ўсім коле праблем лічбавай трансфармацыі краіны. “Пачынаючы ад азоў: што ўсё ж такі такое лічбавізацыя, інфарматызацыя, камп’ютарызацыя, чым яны адрозніваюцца, што ў прыярытэце? Я ўжо неяк намякаў нашым “лічбавікам”, што, разважаючы на тэму, далёкую ад разумення нашым насельніцтвам (працэнтаў 90—95 наогул не разумеюць, што гэта такое), мы проста запалохваем яго, не тлумачачы, што ж такое лічбавізацыя, што гэта за цуд такі, адкуль ён узяўся, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Іншая тэндэнцыя — усё большая і большая колькасць дасведчаных людзей бачыць сябе толькі менеджарамі лічбавых кампаній або кампаній, якія займаюцца лічбавымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Але я намякнуў на тое, што зямлю араць, гайкі тачыць, ствараць прадукты машынабудавання і іншае — гэта застанецца яшчэ надоўга, калі не назаўсёды. Хоць “лічба” пранізвае ўсе галіны, і гэтыя ў тым ліку. Ад гэтага мы не адыходзім і адыходзіць не збіраемся”.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын, прапанова аб стварэнні ў Беларусі хай-тэк-універсітэта грунтуецца на неабходнасці арганізацыі ў краіне падрыхтоўкі кадраў новай фармацыі. “Сусветная эканоміка пад уплывам ІТ набывае зусім іншы выгляд. З’яўляюцца новыя галіны, якія генерыруюць каласальныя даходы, практычна не выкарыстоўваючы традыцыйныя рэсурсы і механізмы. І ў гэтым ключавую ролю адыгрывае чалавечы капітал. Беларусь заўсёды славілася сваімі людзьмі, а наша адукацыя заўсёды цанілася на постсавецкай прасторы, — адзначыў ён. — Аднак у новых умовах неабходны прынцыпова іншыя падыходы, якія да­дуць магчымасць захаваць і развіць гэты статус. Наша сістэма адукацыі сёння ў цэлым задавальняе патрэбнасці кадраў. Але для паспяховай лічбавай трансфармацыі і стварэння новай эканомікі нам неабходны спецыялісты зусім іншай якасці. Такіх мы пакуль не рыхтуем”.

Нарада стала працягам сустрэчы прэзідэнта з прадстаўнікамі ІТ-сферы ў Парку высокіх тэхналогій, якая прайшла ў красавіку бягучага года. На ёй актыўна абмяркоўваліся пытанні адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў для галіны.

Як паведаміў пасля нарады ў кіраўніка дзяржавы першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын, гэтая тэма атрымала лагічнае завяршэнне: кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб стварэнні ІТ-ВНУ.

“Гэта прапанова не толькі ІТ-супольнасці, але і нашых вядучых ВНУ: БДУ і БДУІР. Думаю, у найбліжэйшы час мы ўнясём на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведны праект нарматыўнага прававога акта, які бу­дзе рэгуляваць дзейнасць гэтай установы адукацыі”, — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Заснавальнікамі ІТ-ВНУ выступяць Парк высокіх тэхналогій, БДУ, БДУІР і вялікія кампаніі — рэзідэнты ПВТ. Адкрыць установу плануюць да новага навучальнага года. Якую назву яна атрымае, пакуль не вядома. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць яе і запатрабаваў, каб у свеце яна абавязкова асацыіравалася з краінай.

“Гэта будзе наша спроба рыхтаваць спецыялістаў вельмі высокага ўзроўню, — адзначыў Аляксандр Турчын. — На першапачатковым этапе плануем прымаць на навучанне каля 180 абітурыентаў. Плануем, што навучанне ў ВНУ будзе платным, без бюджэтнага фінансавання”. Для падтрымкі таленавітых юнакоў і дзяўчат плануецца распрацаваць сістэму грантаў.

Ва ўрадзе звярнулі ўвагу, што ў новай ВНУ бу­дуць рыхтаваць кадры не для канкрэтных кампаній і не толькі для ІТ-галіны, але і ў цэлым для краіны. “Калі мы сур’ёзна падыходзім да пытанняў лічбавізацыі эканомікі, нам гэтыя спецыялісты будуць патрэбны ў кожнай сферы, — дадаў першы намеснік прэм’ер-мініст­ра. — Наша задача — стварыць умовы для таго, каб наша найбольш таленавітая моладзь не выязджала з краіны”.

На нарадзе кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што са стварэннем новай навучальнай установы важна не забываць пра ўжо існуючыя ўніверсітэты і развіваць іх. На яго думку, канкурэнцыя будзе садзейнічаць павышэнню якасці адукацыйных паслуг.

У час мерапрыемства з боку ІТ-супольнасці прагучала таксама прапанова аб эксперыментальнай ІТ-адукацыі на базе школьнай. Ініцыятарам выступіў прадпрымальнік заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, які выказаў гатоўнасць узяць шэфства над некалькімі школамі, каб сфарміраваць там профільныя класы. Гэтая ідэя знайшла падтрымку ў кіраўніка дзяржавы.