Класная работа

Ці лёгка быць маладым? Пытанне, якое калісьці стала назвай дакументальнага фільма пра моладзь, хутчэй за ўсё, не патрабуе адказу. Вядома, быць маладым няпроста, у тым ліку быць маладым спецыялістам. Таму і дапамога на шляху станаўлення любога прафесіянала не будзе лішняй. Маладым педагогам яе аказваюць, напрыклад, на сустрэчах, якія традыцыйна арганізоўваюць прафкамы. Нядаўна адбылася сустрэча з прадстаўнікамі новага пакалення настаўнікаў сталіцы, і прайшла яна менавіта пад ужо агучаным дэвізам: “Ці лёгка быць маладым…”

Пачатак і пачаткоўцы

Сустрэчу на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі арганізавалі гаркам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, МГІРА. Пачалося мерапрыемства з віншаванняў ад старшыні камітэта па адукацыі Міхаіла Уладзіміравіча Мірончыка, старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Аляксандравіча Бойкі, рэктара гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяны Іванаўны Мароз, іншых запрошаных гасцей. Віншавалі нядаўніх выпускнікоў УВА і педагагічных каледжаў з пачаткам працоўнай дзейнасці, з далучэннем да вялікай сям’і сталічных педагогаў, з надыходзячым прафесійным святам — Днём настаўніка.

Як падкрэсліў адзін з выступоўцаў, педагогі кожны рабочы дзень пачынаюць з надпісу на дошцы “Класная работа”. Гэта не толькі надпіс для вучняў, гэта напамін маладым настаўнікам пра тое, што цяпер у іх ёсць прафесія і ёсць класная работа. А цяжкасці, з якімі, канечне, давядзецца сутыкнуцца, можна і трэба пераадольваць з дапамогай калег, прафкамаў, савета ветэранаў, маладзёжнага савета, вучэбна-метадычных цэнтраў. Прадстаўнікі ўсіх гэтых, а таксама іншых арганізацый прысутнічалі на сустрэчы, таму маладыя педагогі зараз літаральна ў твар ведаюць, да каго можна звярнуцца па дапамогу і параду.

— Такія штогадовыя сустрэчы даўно сталі традыцыйнымі. Мы спецыяльна праводзім іх праз некаторы час пасля пачатку навучальнага года, каб моладзь асвойвалася і ў яе з’яўляліся пытанні, — расказвае старшыня гаркама прафсаюза Ларыса Леанідаўна Волкава. — А крыху пазней ва ўсіх раёнах Мінска адбудуцца падобныя сустрэчы, каб у іх змагло прыняць удзел як мага больш маладых спецыялістаў. Сёлета, дарэчы, да педагогаў сталіцы далучылася больш за 730 такіх маладых настаўнікаў, і мы спадзяёмся, што большая іх частка застанецца на сваіх месцах пасля абавязковай адпрацоўкі.

Падставы для такой надзеі, трэба сказаць, ёсць, бо ў апошнія гады ў горадзе на першых рабочых месцах застаюцца да 60% маладых спецыялістаў, хаця яшчэ некалькі гадоў назад лічба вагалася ў межах 35—40%. Верагодна, паспрыяе замацаванню кадраў дапамога ў вырашэнні праблем з жыллём: сёлета гарвыканкам выдзеліў для педагогаў 75 кватэр. Праўда, інтэрнат для настаўнікаў пакуль адзін у сталіцы, і кватэрнае пытанне патрабуе яшчэ нямала работы і клопату гарадскіх улад. Але маладыя спецыялісты могуць стаць у чаргу для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Многія педагогі-пачаткоўцы гэта ўжо ведаюць, іншыя даведаліся пасля сустрэчы.

Так, на мерапрыемстве прысутнічала адна з прадстаўнікоў Кастрычніцкага раёна сталіцы настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 168 Вікторыя Мацкевіч, якая сёлета скончыла Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы. Дзяўчына кажа, што пра магчымасць стаць у чаргу на жыллё даведалася загадзя. А з самых актуальных пытанняў для сябе як маладога педагога вылучае пашырэнне магчымасцей выкарыстання на ўроках электронных сродкаў навучання, разнастайных навінак. Дарэчы, Вікторыя збіраецца працягнуць педагагічную адукацыю, бо ўпэўнена, што не памылілася ў выбары прафесіі.

У актавай зале МГІРА мы сустрэлі і свайго старога знаёмага — выпускніка факультэта прыродазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Уладзіслава Клеўжыца. З адным з лепшых выпускнікоў факультэта гэтага года нам давялося пазнаёміцца вясной на размеркаванні ў яго роднай УВА. На Уладзіслава прыйшоў індывідуальны запыт, бо ён пэўны час ужо працаваў у сярэдняй школе № 136, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Там малады педагог і працуе. Ён адзначыў, што на сустрэчы найбольшую цікавасць выклікалі пытанні, якія тычыліся жылля, бо прыехаў у Мінск з Брэсцкай вобласці.

А вось мінчанка Паліна Супрановіч, выпускніца БДУ, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 61, цікавіцца магчымасцю атэставацца на другую кваліфікацыйную катэгорыю для маладога спецыяліста, які пачаў працаваць яшчэ студэнтам. Пры гэтым яна адзначыла, што ў сваёй школе практычна любую праблему можа вырашыць з кіраўніцтвам, якое заўсёды ідзе насустрач супрацоўнікам. Дзяўчына прадстаўляла на сустрэчы Першамайскі раён.

Усяго ж на мерапрыемства ў МГІРА былі запрошаны 140 маладых педагогаў Мінска. Улічваючы, што ў раёнах таксама будуць праводзіцца такія сустрэчы, большасць маладых настаўнікаў зможа прыняць у іх удзел.

Пытанні і адказы

Мінская гарадская арганізацыя прафсаюзаў падрыхтавала для маладых педагогаў буклеты, а таксама інфармацыю ў электронным выглядзе з патрэбнымі адрасамі і тэлефонамі, нават са схемай, што паказвае, з якіх выплат складаецца зарплата маладога спецыяліста. Акрамя таго, настаўнікі, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, цяпер маюць на флэшцы “Даведнік для маладога педагога” з інфармацыяй пра камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, інстытут развіцця адукацыі, а таксама адзін з выпускаў бібліятэкі маладога педагога са звесткамі пра сетку ўстаноў адукацыі сталіцы, магчымасці павышэння кваліфікацыі, замежных стажыровак, інтэрнэт-рэсурсы, якія могуць спатрэбіцца настаўніку ў яго працы, і г.д. Такі вось своеасаблівы навігатар у педагагічным полі Мінска.

Паколькі сустрэчы з маладымі педагогамі праходзяць ужо больш за дзесяць гадоў, спецыялісты прафсаюзнай арганізацыі могуць загадзя рыхтаваць адказы на пэўныя пытанні, бо ведаюць, што гэтыя пытанні прагучаць на мерапрыемстве. Сёлета, напрыклад, быў падрыхтаваны разгорнуты адказ на пытанне, якія аднаразовыя выплаты маладому спецыялісту прадугледжаны пры прыёме на работу (грашовая падтрымка і кампенсацыя ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць). Або прагучала такое пытанне: “Настаўнік пачатковых класаў пачаў працаваць у якасці маладога спецыяліста ў 2017 годзе. Мае дыплом аб вышэйшай адукацыі з адзнакай. Стажу па спецыяльнасці няма. Ці можна дапусціць яго да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі ў бягучым навучальным годзе?” Адказ наступны: “У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў, асобы, якія атрымалі дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, дыплом аб вышэйшай адукацыі з адзнакай, дыплом магістра або дыплом даследчыка, дапускаюцца да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку стажу работы на пасадзе, па якой атэстуюцца”. Такая магчымасць, дарэчы, з’явілася ў маладых спецыялістаў пералічаных катэгорый у бягучым навучальным годзе, раней гэтай атэстацыі трэба было чакаць не менш за год.

Цікавіліся маладыя педагогі і тым, якія абавязковыя пункты павінны быць у іх працоўных кантрактах, ці можна ўнесці ў іх змяненні і г.д. Але, безумоўна, не толькі прававы і фінансавы бакі работы цікавяць маладых педагогаў. Як стаць добрым настаўнікам? Як рэалізаваць сябе ў прафесіі? Як павысіць эфектыўнасць работы з класам? Гэтыя і іншыя пытанні не могуць не паўставаць перад кожным педагогам-пачаткоўцам. Вось што раіць буклет “Прафсаюз адукацыі сталіцы — стаўка на маладых”: “Не будзьце раўнадушнымі да вучняў і калег; не стаўцеся да школы проста як да месца работы; будзьце ў курсе інавацый, звязаных са школьнай праграмай; старайцеся планаваць свой час, прасіце, каб калегі дзяліліся сваім вопытам у стварэнні раскладу”. Ці такія парады, якія дапамогуць павысіць эфектыўнасць работы з класам: “Ніколі не спазняйцеся на ўрок; заходзьце ў клас так, каб на вас звярнулі ўвагу, пачніце ўрок з пытання, парадоксу або загадкі; раскажыце пра ваша знаёмства з прадметам, які зацікавіў вас і прывёў да яго паглыбленага вывучэння”.

Такіх добразычлівых, канкрэтных парад існуе шмат, таму ў маладога педагога, зацікаўленага ў развіцці, заўсёды ёсць і падказкі, і падтрымка, заўсёды ёсць да каго звярнуцца. Ёсць і магчымасць добра адпачыць, звярнуўшыся ў маладзёжны савет або прафкам. У тутэйшых завадатараў нямала цікавых ідэй, пры жаданні можна ўнесці і свае прапановы, паўдзельнічаць у конкурсах, спаборніцтвах, выступленнях.

* * *

Дарэчы, нагадваем маладым спецыялістам, а таксама сталым педагогам, пенсіянерам і наогул усім нашым чытачам пра яшчэ адну магчымасць адшукаць адказы на свае пытанні. Гэта прамая лінія, якую рэдакцыя “Настаўніцкай газеты” праводзіць сумесна з Цэнтральным камітэтам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Тэлефануйце па нумары 8 (017) 292-27-98 з 14 да 16 гадзін або дасылайце пытанні на электронны адрас hijjaz@ng-press.by.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *