Сухавейка і мак, вобразы Ахматавай і Караткевіча, парад тэматычных праектаў і паездкі па Беларусі — усё гэта глядзіць на мяне з юбілейнай фотакнігі літаратурнага аб’яднання “Клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Калектыву, які 5 гадоў становіцца прычынай для ўсмешак маладых творцаў і для многіх пачынаецца з абдымкаў.
На пляцоўках Фундаментальнай бібліятэкі БДУ жыццё бурліла заўсёды. Але, нягледзячы на шматлікія конкурсы, выставы і прэзентацыі, трывалага паэтычнага асяроддзя тут не існавала. Усё змянілася ў 2014 годзе, пасля конкурсу “Славянскі калейдаскоп”. Тады бібліятэкары вырашылі: у будучым нельга пакідаць удзельнікаў без увагі, варта далучаць да іх іншых зацікаўленых. Так адбыўся сінтэз няўседлівых спецыялістаў і няўрымслівай моладзі і нарадзілася ідэя збірацца разам. Важным на гэтым этапе была падтрымка дырэктара бібліятэкі Уладзіміра Кулажанкі і куратара праекта Алы Буцінай, актыўнасць супрацоўнікаў А.Кінчыкавай, М.Курэйчык, Л.Янковіч, І.Шкіронак і К.Роўда.
Аддзел гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў, што стаў сэрцам будучага клуба, адразу ператварыўся ў планету для творчых сустрэч. А 229-я аўдыторыя галоўнага корпуса БДУ — у “штаб-кватэру”, дзе ні дня не праходзіць без візітаў “клумбаўцаў”. На першым сходзе паэт Міхась Пазнякоў уручыў маладым калегам часопісы “Белая вежа”, дзе ўпершыню публікаваліся іх творы, пачаткоўцы атрымалі зваротную сувязь. І карані будучай суполкі пачалі расці ўглыб. Сябар бібліятэкі паэт Анатоль Зэкаў прапанаваў назваць аб’яднанне “Клубам аматараў мастацкага слова”, а пазней супрацоўнікі прапанавалі абыграць назву абрэвіятурай “КЛУмБа”.
Моладзь з пачатковага складу калектыву гаворыць, што “Славянскі калейдаскоп” стаў для многіх трамплінам, паколькі ніхто з іх на той час не друкаваўся. Большая частка студэнтаў пасля сустрэчы не задавалася пытаннем, ці прыходзіць у клуб зноў, — усё было вырашана: сваіх яны пачалі пазнаваць і на іншых пляцоўках.
Тым, хто знаёмы з клубам, цяжка ўявіць яго без першага кіраўніка — вядучага бібліятэкара Ірыны Шкіронак (для многіх “КЛУмБа” і Ірына Сцяпанаўна — сінонімы). І не дзіўна: калі просіш удзельнікаў аб’яднання расказаць нешта пра іх дзейнасць, гэтае імя амаль не сыходзіць з вуснаў.
Дзеючы кіраўнік клуба Кацярына Роўда прызнаецца, што і зараз, праз год пасля яго ўзначальвання, яе не пакідае пачуццё таго, што ідзе за лепшым “клумбаводам”.
“Калі Ірына Сцяпанаўна побач, усё згладжваецца. Але і ўзровень адказнасці значна павышаецца: што ні кажы, ты павінен весці за сабой, быць больш, чым проста кіраўніком. Ірына Сцяпанаўна для многіх як маці, а я хачу быць сябрам. Кіраўніку важна ўмець даваць волю, каб спрыяць творчасці, і пры неабходнасці ўмець адрэзаць. Самае трапяткое для мяне — не загубіць сувязь з народам, пры ўсёй сур’ёзнасці заставацца для іх той жа Кацяй з першага набору”, — дзеліцца дзяўчына.
Сама Кацярына пачала пісаць у 16 гадоў. Блізкімі для яе сталі паэтычныя творы Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна. Дзяўчына прызнаецца, што паэты прывабілі яе нестандартнасцю думак і шчырасцю ў поглядах. Спачатку да юнацкага захаплення яна адносілася як да забаўкі, таму паступіла ў Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж.
“Што за прадавец такі, які не глядзіць на пакупнікоў, а запісвае на чэках вершы, — смяецца Кацярына. — Зразумела, што гэта не проста так, таму завочна паступіла на філфак БДУ: хацелася быць бліжэй да літаратуры. Там прыйшоў у маё жыццё “Славянскі калейдаскоп”, Фундаментальная бібліятэка і “КЛУмБа”.
Сярод “клумбаўцаў” большасць тых, хто піша і шукае ў гэтым падтрымку. Але ў аб’яднанне прыходзяць не толькі майстры слова: з ім сябруюць чытальнікі, аператары, музыканты, вядучыя, рэдактары, а нехта проста завітвае на агеньчык. Людзей прываблівае тое, што “КЛУмБа” ладзіць мерапрыемствы па разнастайных напрамках і не абмяжоўваецца сваім універсітэтам. Таму сярод прыхільнікаў не толькі студэнты, але і выкладчыкі.
“У кожнай рабоце ёсць калегі, а ёсць сябры. Апошнія будуць з табой пры любых дзівацтвах”, — любяць паўтараць на “КЛУмБе”. Такімі сябрамі для калектыву ў свой час сталі дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ Ларыса Гедзімін і педагог-псіхолаг аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДУФК Сяргей Шэўчык: яны, бы снайперы, бачаць талент студэнтаў і прыводзяць іх у клуб.
“У нас розныя характары, густы, жаданні данесці да іншых мастацкае слова, але паміж намі адбываецца цеплаабмен, — расказвае Кацярына Роўда. — Да нас прыходзяць таленавітыя людзі, хоць некаторыя адкрываюць сябе не адразу. Кожны і паасобку самабытны, але толькі разам мы букет. Дух “КЛУмБы” трэба адчуць, бо адносіны да яе, як у каханні, не выкажаш словамі”.
Тое, што сустрэчы “КЛУмБы” праходзяць атмасферна, заўважаюць і новыя знаёмыя. Магчыма, сакрэт хаваецца і ў сімвалах, якія арганізатары ўводзяць у кожнае мерапрыемства, — гронках рабіны, гваздзіках, яблыках, медуніцы, самаробным парусніку. Усе рэчы не проста фон, а частка сустрэч. А можа — у рубрыцы “Кніжная венецыя”. З яе дапамогай вядучы бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў Марына Курэйчык, выкарыстоўваючы запасы фонду, знаёміць гасцей з цікавосткамі, што тычацца тэм сходаў.
На пытанне, што выносяць з такіх сустрэч маладыя людзі, Кацярына жартуе, маўляў, спачатку выносілі цукеркі і печыва. А потым сур’ёзна дадае: “Думку, што ёсць месца, дзе па-сямейнаму цёпла, дзе хочуць пачуць і дапамагчы”.
“Я адразу ўключылася ў жыццё “КЛУмБы”. Магчыма таму, што на той час больш не было куды пайсці: вучоба аказалася не такой, як чакалася, а блізкіх сяброў у Мінску не было. А тут раптам мяне акружылі людзі, з якімі лёгка, з кім думалася ў адным кірунку, з якімі мы ішлі да мэт сумежнымі сцяжынамі. Амаль што як у сям’і, — узгадвае Аліна Цвірко. — Такія пачуцці перапаўнялі не толькі мяне, таму што ўсе мы інстынктыўна, а падчас і ўсвядомлена цягнуліся адно да аднаго. Было складана дачакацца пасяджэння клуба (яны праходзілі раз на тыдзень), каб падзяліцца новымі вершамі, планамі, песнямі і галоўнае — цеплынёй, якой не хапала. Мы ажыўлена стваралі нашу вялікую творчую сям’ю. У нас быў правадыр (так ласкава дзяўчына называе Ірыну Сцяпанаўну) і актыў: з гэтымі людзьмі мы маглі звярнуць горы. Былі і тыя, з кім бачыліся некалькі разоў, а пасля нашы дарогі разыходзіліся. Але лішніх людзей на “КЛУмБе” не было ніколі: яны проста не прыжываліся. Нельга апісаць тое, колькі ўсяго мы перажылі разам!”
Настасся Кучвальская гаворыць, што калі б не сустрэлася з “КЛУмБай”, не нарадзілася б Ася Айзберг (творчы псеўданім дзяўчыны) і пра нараджэнне паэтычнага зборніка размовы не магло б ісці. Яна раіць сваім наступнікам улівацца ў розныя авантуры, бо ў клубе “народ за любы рух, акрамя галадоўкі”.
“КЛУмБа” пачалася для мяне з падрыхтоўкі да яе дня нараджэння. Я прыйшла на рэпетыцыю, якая аказалася бурным абмеркаваннем будучага свята. Больш за ўсё была здзіўлена тым, што хоць ніхто мяне і не ведаў, а ўжо ўсе абдымалі, як сваю. Гэта мяне і падкупіла: вельмі люблю абдымкі”, — дзеліцца Насця.
Дзяўчына гаворыць, што клуб — гэта людзі, якія любяць здзіўляць не толькі іншых, але і адно аднаго. І доказ гэтага — адно з любімых свят творчай моладзі — Масленіца.
“У нас ёсць традыцыя частаваць усіх блінамі. Дзякуючы святу, я пад пільным тэлефонным кіраўніцтвам таты смажыла свае першыя дранікі — яго каронную страву. На Масленіцы Аліна і Ваня Цвірко аб’явілі, што збіраюцца пажаніцца: гэта было хоць і нечакана, але яскрава і насычана”, — гаворыць маладая паэтэса.
Масленіца — добры прыклад маладзёжных ідэй, якія ствараюць атмасферу аб’яднання. Першае святкаванне настолькі ўразіла студэнтку Таццяну Купрыянец, што кожны год яна бярэ ініцыятыву ў свае рукі. Хлопцы і дзяўчаты жартуюць, калі нехта не быў на “КЛУмБе” ў гэты дзень, значыць, не бачыў жыцця.
У клубе задумы рэалізоўваюцца па прынцыпе “захацеў, абмеркаваў, ажыццявіў”. Нехта з удзельнікаў прыдумвае канцэпцыю, астатнія дапамагаюць яе ўдасканаліць і арганізаваць — і творчыя пошукі моладзі ўвасабляюцца ў розных фарматах. Так, дзякуючы захапленню Аляксандра Паршанкова паэтамі сярэбранага веку, нарадзіўся спектакль “Пасля ўсяго”, прысвечаны Ганне Ахматавай; праз цікавасць да паэтаў-“шасцідзясятнікаў” Настассі Каротчыкавай — імпрэза паводле творчасці Бэлы Ахмадулінай.
Паэтычныя пастаноўкі садзейнічалі яднанню клуба: усё пачыналася з паказу паводле “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча. Пасля былі нашумелыя спектаклі “Кветкавыя ветразі” (пазней даў назву агульнаму паэтычнаму зборніку ўдзельнікаў) “Пакуты юнага паэта, ці Дзе шукаць натхненне?”, напісаны “клумбаўскім” энтузіястам Мартай Кудзінай, і “Белы анёл Масквы”.
Але гэта далёка не ўсё, што ёсць у арсенале моладзі. Разам “клумбаўцы” ладзяць мерапрыемствы па-за межамі ўніверсітэта: прэзентацыі, сумесныя паездкі, паходы, выступленні, святкаванне дзён нараджэння. Самае важнае ў рабоце аб’яднання, па словах Ірыны Шкіронак, тое, што студэнты і выпускнікі робяць гэта не таму, што трэба, па нечай просьбе, а па ўласнай ініцыятыве, з запалам.
Сёння калектыў працуе над новым праектам — альманахам “аБДУмана”. Выданне задумалі, каб паспрабаваць сілы “клумбаўцаў” не толькі ў якасці аўтараў, але і ў карэктарска-рэдактарскай рабоце. На яго старонках з’явяцца вершы, проза, калумністыка і пераклады ўдзельнікаў аб’яднання і аўтараў-пачаткоўцаў з розных факультэтаў БДУ (нездарма абрэвіятура ўплецена ў назву альманаха).
Моладзь гаворыць, што галоўнае слова, якое найбольш поўна характарызуе “КЛУмБу”, — жыццесцвярджальнасць. А галоўныя “клумбаводы” Кацярына Роўда і Ірына Шкіронак працягваюць: “КЛУмБа” для нас – як роднае дзіця, якое трэба шкадаваць і развіваць. І ўсе з любоўю, бо інакш нічога не атрымаецца”.
Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва “КЛУмБы”.