Ключавой задачай застаецца фарміраванне безбар’ернага асяроддзя для суб’ектаў гаспадарання

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Маруднае вырашэнне важных для Беларусі праблемных пытанняў вядзе да дысбалансу ў гандлі з Расійскай Федэрацыяй, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Брэсце.

“Галоўным індыкатарам двухбаковых адносін быў і застаецца ўзаемны тавараабарот. На жаль, у 2018 годзе дысбаланс у гандлі таварамі паміж Беларуссю і Расіяй узмацняецца, па выніках 10 месяцаў адмоўнае сальда ўзаемнага гандлю павялічылася на $3,3 млрд. Прычына гэтага — мы марудна рухаемся па вырашэнні важных для беларускага боку праблемных эканамічных пытанняў”, — сказаў Сяргей Румас.

Гэта і абмежаванні Рассельгаснаглядам доступу на расійскі рынак прадукцыі беларускага аграпрамысловага комплексу, забарона на ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у сістэмах дзяржаўных закупак для патрэб абароны і бяспекі, абмежаванні на ўдзел у расійскіх праграмах субсідзіравання закупак сельскагаспадарчай тэхнікі абмяркоўваліся на саюзным Саўміне.

Ключавой задачай застаецца фарміраванне безбар’ернага асяроддзя для суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін. На думку Сяргея Румаса, у СД створаны аптымальны механізм вырашэння пытанняў — рабочыя групы па ключавых напрамках супрацоўніцтва. Па выніках іх работы ўдалося скараціць пералік праблемных пытанняў доступу на рынкі Беларусі і Расіі.

У цэнтры ўвагі застаюцца пытанні перспектыўнага развіцця Саюзнай дзяржавы. “Асноўны дакумент тут — прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы далейшага развіцця СД на сярэднетэрміновую перспектыву. Мы разглядаем гэты дакумент у якасці абноўленай стратэгіі інтэграцыйнага развіцця і спадзяёмся, што яго рэалізацыя дасць магчымасць накіраваць унутраныя рэзервы дзвюх краін на ўмацаванне саюзніцкіх адносін”, — адзначыў Сяргей Румас.

На пасяджэнні ў Брэсце таксама разглядалася фарміраванне адзінай прававой прасторы СД і шляхі далейшай гарманізацыі заканадаўства. Традыцыйна блок пытанняў быў прысвечаны сацыяльнай і гуманітарнай тэматыцы, у тым ліку падрыхтоўцы да мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. “Напярэдадні знамянальных юбілейных дат — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — мы гаварылі, як арганізаваць святкаванне гэтых мерапрыемстваў на высокім узроўні”, — дадаў Сяргей Румас.