Кнігі матывуюць, а вучні натхняюць

У паспяховых і самадастатковых бацькоў і дзеці растуць такія ж. Ёсць, канечне, рызыка згубіцца і не адбыцца, бо бацькоўская планка можа аказацца недасяжнай, але мая сённяшняя гераіня гэта абвяргае. Яна здолела стаць паспяховым прафесіяналам менавіта дзякуючы, а не насуперак. Працягнуўшы педагагічную дынастыю, яна стала высакакласнай настаўніцай з уласным педагагічным почыркам. Вучні настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 37 Гродна Вольгі Анатольеўны Капусцінскай — неаднаразовыя пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў эпісталярнага жанру. А нядаўна яе вучаніца стала пераможцай 49-га  Міжнароднага эпісталярнага конкурсу сачыненняў “Напішы ліст пра свет, у якім мы жывём”, які праходзіў у Швейцарыі і сабраў 100 краін-удзельніц.

“У нас гэты конкурс праводзіць Белпошта разам з Міністэрствам адукацыі пад эгідай Сусветнага паштовага саюза. Так склалася, што ў маіх вучняў на гэтым конкурсе ў межах рэспублікі заўсёды былі высокія вынікі. Сёлета ж гісторыю прыемных узаемаадносін з Белпоштай увянчала перамога міжнароднага ўзроўню. Я працавала з шасцікласніцай Вольгай Валчкевіч, вельмі мілай, здольнай дзяўчынкай з сям’і ўрачоў. Мы пісалі з ёй ліст памерламу дзядулю пра тое, якім яна ўяўляе і бачыць сённяшні свет. Мы пайшлі не самым банальным шляхам, і ў выніку работа атрымалася вельмі цікавай і кранальнай. Ліст перавялі на англійскую мову. Белпошта зрабіла цудоўны ролік. Вынікі конкурсу падводзіліся ў прамым эфіры, і дзякуючы роліку ўсе ўбачылі нашу дзяўчынку”, — паведаміла настаўніца.

Да перамогі такога ўзроўню можа прывесці толькі прафесійны “трэнер”, а прафесіяналізм Вольгу Анатольеўну акружае з дзяцінства. “Варта пачаць з таго, што мае бацькі — настаўнікі. Мама — настаўніца замежнай мовы і сусветнай мастацкай культуры. Тата — настаўнік фізікі і астраноміі (Анатоля Аўсейчыка ведаю асабіста. З гэтым педагогам мы зрабілі не адзін матэрыял. — Заўвага аўтара.) Я расла ў настаўніцкім асяроддзі. З дзіцячага сада была ўдзельніцай педсаветаў, сходаў. Бачыла сябе толькі ў дзвюх прафесіях: настаўніка ці ўрача-педыятра, — гаворыць Вольга Анатольеўна. — Пасля заканчэння школы атрымала медаль, што давала магчымасць паступіць ва ўніверсітэт без уступных экзаменаў і забяспечыць сабе выдатнае лета. Калі сур’ёзна, то я расла з упэўненасцю, што буду працаваць менавіта з дзецьмі. Што тычыцца рускай мовы і літаратуры, то тут сыгралі сваю ролю склад характару і інтарэсы. Вельмі падабалася чытаць. І гэта не проста захапленне, а сэнс майго жыцця. Не ўяўляю сябе без кнігі. Безумоўна, на мяне паўплывалі мой школьны настаўнік літаратуры і, вядома, бацькі. Дома  ў нас вялізная бібліятэка. Мама — чалавек захоплены і вельмі эрудзіраваны. Тата — з шырокім кругаглядам, мэтанакіраваны. Абодва прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню, таму асяроддзе вызначае”.

У школу Вольга Анатольеўна прыйшла працаваць у 1998 годзе — спачатку ў якасці педагога-арганізатара. Праз 2 гады стала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Свае першыя ўрокі добра памятае дагэтуль. “Ведаеце, мне ніколі не было страшна. І ніколі не было такога, што дзеці ўва мне выклікалі негатыў. З першых дзён работы з дзецьмі ўсё складвалася, хоць па ўзросце я мала ад іх адрознівалася (пачынала педагагічную дзейнасць у старшых класах). І тады, і цяпер лічу, што дрэнных дзяцей няма, гэта маё цвёрдае перакананне. Яны бываюць недалюбленыя, незразуметыя, не адкрытыя дарослымі, а вось дрэнных дзяцей я ніколі не сустракала. Нават, здавалася б, заўзятыя хуліганы ішлі на кантакт, у мяне заўсёды атрымлівалася з імі дамаўляцца. Старалася разгледзець у іх нешта добрае, падтрымлівала ў патрэбную хвіліну. Дзеці вельмі шчодрыя на эмоцыі і на падзяку. Калі яны бачаць, што ты да іх з душой, то вернуць табе ўсё сто разоў”, — працягвае мая суразмоўніца.

Калі ўрокаў Вольга Анатольеўна не баялася, то хвалявацца ніколі не пераставала. Гэтак жа хвалюецца артыст перад выступленнем, а настаўніцкая прафесія — гэта дзесьці і прафесія артыста. Дзеці не любяць бледных, інертных настаўнікаў, яны любяць эмацыянальных. “Урок літаратуры іншым разам ператвараецца ў спектакль. Часам гэта тэатр аднаго акцёра, бо тэмы бываюць вельмі складаныя. Застаецца спадзявацца, што гледачам было цікава, хоць, безумоўна, заўсёды чакаеш вучнёўскага ўдзелу. Пасля такога ўзаемадзеяння ўсе сыходзяць з урока з эмоцыямі, пачуццямі, думкамі”, — адзначыла Вольга Анатольеўна.

“Літаратуру не любіць немагчыма, — працягвае настаўніца. — Але ў школе я ў большай ступені вывучала б літаратуру на малых жанрах. Дзяцей палохаюць вялікія літаратурныя творы. Вучні сёння дастаткова загружаныя, а недзе нават інфармацыйна перагружаныя. Літаратура павінна выклікаць цікавасць да чытання, а не губіць яе празмернымі аб’ёмамі. Акрамя таго, не спрыяюць прыняццю і разуменню літаратурных твораў разыходжанні з такім прадметам, як “Гісторыя”. Я прыходжу ў 6 клас і пры вывучэнні “Му-му” Тургенева мне трэба растлумачыць дзецям, што такое прыгоннае права, бо яны не разумеюць, чаму Герасім павінен быў слухацца сваю барыню. Такая ж неадпаведнасць узнікае пры вывучэнні “Рускіх жанчын” Някрасава. Дзеці яшчэ не дайшлі да вывучэння паўстання дзекабрыстаў, таму ім складана зразумець матывы жонак дзекабрыстаў”.

Сапраўды, міжпрадметныя сувязі маюць вялікае значэнне, і калі яны парушаны, то ўскладняецца ўспрыманне вучнямі літаратурнага твора. Калі дзіця разумее сутнасць нейкай гістарычнай з’явы, светапогляд людзей пэўнага гістарычнага перыяду, то яму прасцей зразумець сутнасць літаратурнага твора. Так, напрыклад, вывучэнне паэзіі Сярэбранага веку настаўніца пачынае з размовы пра тое, што літаратура адгукаецца на змены ў грамадстве, у светаўспрыманні людзей кожнага гістарычнага перыяду, таму абавязкова расказвае пра перажыванні людзей таго часу.

Вядома, не ўсе вучні могуць быць аднолькава зацікаўленыя. І, магчыма, з гэтым нават не варта змагацца. Тым, каму цікава, можна даць заданне даследчага характару. Тут, дарэчы, лепш за ўсё прымяніць індывідуальны падыход, бо ўсё будуецца на індывідуальнасці, на асобе. Нават работа ў камандзе залежыць ад таго, якія ў яе ўваходзяць асобы.

“Я працую ў агульнаадукацыйнай школе, дзе вельмі шмат дзяцей, якія не хочуць чытаць. Але яны не вельмі сумуюць на ўроках: калі моцныя дзеці на пэўным этапе ўрока вырашаюць праблемнае пытанне, то з усімі астатнімі ў гэты час можна проста пагутарыць. Размовы аб духоўнасці, маралі, заснаваныя на літаратурных творах, заўсёды натхняюць дзяцей і прымушаюць іх задумацца пра сваё жыццё. Гутарку можна пабудаваць і на простых жыццёвых прыкладах, але пры гэтым праводзіць паралелі з мастацкімі творамі, якія вывучаюцца. Мы вызначаем тэму, потым паступова пераходзім да асноўнай думкі твора, але пры гэтым проста гаворым пра жыццё. Эмацыянальная памяць нашмат мацнейшая, чым візуальная або факталагічная. Літаратура — самая прыдатная глеба для выхавання чалавека, як бы гэта пафасна ні гучала”, — мяркуе Вольга Анатольеўна.

Сама настаўніца ніколі не выпускае з рук кнігу. “Самае складанае пытанне для мяне — вызначыць любімага аўтара. Гэта залежыць ад настрою, узросту і многіх іншых фактараў. Нейкі час мне вельмі падабаўся Чэхаў, потым Драйзер, Рэмарк. Затым я зачытвалася Васілём Быкавым. Мне вельмі падабаюцца Салжаніцын, Булгакаў. Гэта проста бясконцая палітра класікаў. З апошняга мяне зачапіла творчасць Нарынэ Абгаран. Гэта сапраўднае шчасце — не паралельна чытаць, а засяродзіцца на чымсьці адным. Я штогод перачытваю школьную праграму і адзначаю нешта новае для сябе. Ды і дзеці кожны год прыходзяць іншыя.

Кніга, якая мяне вельмі здзівіла, — “Бабін яр” Кузняцова. Нічога падобнага я больш ні ў кога не чытала. Вучні неяк спыталі ў мяне, што б я ўзяла з сабой на бязлюдны востраў. Умовай была толькі адна кніга. Тут я без сумненняў адказала: “Яўгеній Анегін” Пушкіна. Гэта самы бяздонны твор”, — падзялілася Вольга Анатольеўна.

У навучанні рускай мове Вольга Анатольеўна кіруецца ўласным вопытам. “У праграме ёсць тэмы, якія занадта паглыбляюць у вывучэнне рускай мовы. Гэтыя тэмы падыходзяць для профільнага класа, для дзяцей, якія выбралі рускую мову для паглыбленага вывучэння, хочуць пашырыць свае лінгвакультуралагічныя кампетэнцыі, развіць моўнае мысленне. Усім астатнім, а гэта большасць, гэтыя веды непатрэбныя. Для большасці вялікае значэнне набывае моўная пісьменнасць, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення. Праблема непісьменнасці школьнікаў сёння крыецца ў тым, што яны мала чытаюць. Чалавечай памяці ўласціва фатаграфічнасць. Я заўсёды кажу бацькам, якія прыходзяць да мяне з пытаннем: “Як дапамагчы павысіць пісьменнасць дзіцяці? Маўляў, дыктую яму дыктоўкі, а яно ўсё роўна адны і тыя ж памылкі робіць”. Дык вось, спісванне тэксту куды больш эфектыўнае, чым дыктоўка”, — лічыць настаўніца. 

Акрамя таго, сённяшняя перапіска моладзі ў сацыяльных сетках таксама скажае ўспрыманне рускай мовы і, адпаведна, паніжае пісьменнасць. Вольга Анатольеўна адзначыла яшчэ адзін момант, які зніжае арфаграфічную пільнасць і перашкаджае выкарыстанню правіл пунктуацыі — гэта праграма word, дзе ўсе памылкі можна выправіць аўтаматычна. 

“Лічу, што варта мяняць сістэму дамашніх заданняў, на якія сёння ўскладаецца вялікая надзея. Даючы дамашняе заданне, мы арыентуемся на замацаванне. Але сёння галоўны памочнік дзяцей у выкананні дамашніх заданняў — гэта рашэбнікі, якія поўнасцю дыскрэдытуюць сутнасць дамашняга задання. У сувязі з гэтым імкнуся рыхтаваць дамашняе заданне на картках, даваць творчыя заданні. Напрыклад, на апошніх уроках у 9 класе мы праходзілі “Гранатавы бранзалет” Купрына і я давала заданне па ўрыўку з гэтага твора: адной групе — знайсці бяззлучнікавая складаныя сказы, а другой — сказы з двукроп’ем. Тут ужо інтэрнэт не дапаможа, трэба ўспамінаць правілы”, — працягвала Вольга Анатольеўна.

Па яе меркаванні, задача сучаснага настаўніка — падрыхтаваць камунікатыўна свабодную асобу, якая павінна аднолькава добра валодаць вуснай і пісьмовай мовай. Сёння ў сувязі з вялікім аб’ёмам інфармацыі вучні больш пішуць, чым размаўляюць. Гэта значыць ім прасцей падрыхтаваць рэферат, зрабіць праект. Але ж і рэферат, і праект трэба ўмець прэзентаваць. А на гэта, на жаль, не заўсёды ёсць час, хоць сённяшнія дзеці вельмі любяць пагаварыць.

У метадычнай арганізацыі ўрокаў Вольга Анатольеўна шукае залатую сярэдзіну паміж традыцыйным урокам і наватарствам. “Я не вельмі люблю выкарыстоўваць тэхналогіі ў чыстым выглядзе. Заняткі павінны быць сінтэзам, сімбіёзам традыцыйнага ўрока і элементаў сучасных тэхналогій. 

Хацелася б, каб усе практычныя заданні былі актуальнымі. Мае дзеці часам атрымліваюць заданне напісаць каментарый да нейкага паста ў сацыяльных сетках. Так мы выхоўваем у іх культуру мовы, якая сёння не вельмі высокая ў падлеткаў. У віртуальных зносінах дзеці і перакручваюць словы, і скарачаюць іх. Дарэчы, так адбываецца не таму, што яны не ведаюць, як правільна. Яны гэта робяць, бо так прынята ў іх асяроддзі.

Я ведаю, што тыя вучні, якія перакручваюць словы, не ставяць косак, на ўроках даволі пісьменныя. І яны нядрэнна адгукаюцца на заданні накшталт напісання пастоў. Калі раней дзецям можна было прапанаваць стварыць, напрыклад, вокладку для кнігі, то зараз імі лепш успрымаецца той жа пост. Або прапаноўваю ім зрабіць подпіс да фатаграфіі ці напісаць невялікі рэпартаж у стужку навін. Разам з тым сёння стала бядой адсутнасць здаровай камунікацыі паміж дзецьмі. Яны ў большай ступені прывыклі мець зносіны віртуальна, а вось ужывую гэта не вельмі ў іх атрымліваецца. Сіла слова ніколі не будзе пераацэнена, таму я стараюся, каб дзеці мелі зносіны як на ўроках літаратуры, так і на ўроках мовы. Метады і прыёмы на самай справе другарадныя, галоўнае, каб вучні размаўлялі і разумелі, што робяць недарэмную справу”, — мяркуе настаўніца.

У такой сітуацыі настаўнік у большай ступені ператвараецца ў мадэратара, які кіруе працэсам, у той час, як раней педагогі больш  карысталіся рэпрадуктыўнымі метадамі. Зараз патрэбны творчасць і развіццё крэатыву. Для развіцця гэтых здольнасцей трэба ствараць неабходныя ўмовы. Гэта не заўсёды атрымліваецца, адны і тыя ж урокі адрозніваюцца паміж сабой. Да таго ж, Вольга Анатольеўна ніколі не карыстаецца леташнімі планамі ўрокаў. “Крыніцамі майго ўдасканалення з’яўляюцца як класічная літаратура, літаратура па псіхалогіі, педагогіцы, методыцы, так і інтэрнэт. Наведваю ўрокі калег, чытаю перыёдыку. Няма мяжы дасканаласці, але да яе неабходна імкнуцца. Я глыбока пераканана, што трэба ўвесь час развівацца. Заўсёды ёсць магчымасць ці прычына здзівіцца нечаму новаму, нейкаму прыёму, форме работы, нават калі ты будзеш гэта ўсё трансфармаваць, падладжваць пад сябе, пад свой тэмперамент. Чамусьці новаму вучуся нават у маладых калег. Сённяшнія маладыя настаўнікі больш смелыя, яны здзіўляюць і захапляюць. Ведаю гэта не па чутках: з’яўляюся членам атэстацыйнай камісіі, і нядаўна мы атэстоўвалі маладога педагога, якая ўразіла сваім наватарствам, аптымізмам і адвагай. Убачыць кожнае дзіця ў класе, зразумець яго настрой, сфарміраваць яго матывацыю, арганізаваць і навучыць за 45 хвілін — гэта педагагічнае мастацтва, да якога ўсе мы павінны імкнуцца”, — адзначыла Вольга Анатольеўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.