Па слядах XXIV ММКВК
На мінулым тыдні ў сталіцы з нязменным, як і ў мінулыя гады, аншлагам прайшла XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Яна хораша выказала сваё літаратурна-мастацкае слова, падзялілася сур’ёзнымі навуковымі выданнямі са спецыялістамі, падарыла шмат вучэбных і метадычных кніг-навінак навучэнцам, студэнтам і выкладчыкам, ды і проста стала святам для тысяч аматараў кніг і чытання.
Ёсць і зусім канкрэтная статыстыка. Так, за 5 дзён працы XXIV ММКВК яе наведала каля 55 тысяч беларусаў і гасцей з замежжа, прайшло каля 300 мера-прыемстваў — і буйных, як, напрыклад, ІІІ Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі”, і менш буйных, і зусім невялікіх, але ад таго не менш значных для тых, хто хацеў іх наведаць. Маю на ўвазе найперш прэзентацыі розных кніг, разлічаных на любы чытацкі густ.
Безумоўна, уразілі самі стэнды: і нашы, і замежныя, асабліва Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (сёлета яму была адведзена пачэсная місія быць ганаровым госцем XXІV ММКВК), і, як заўсёды, Злучаных Штатаў Амерыкі, Францыі, Польшчы, Ірана, ФРГ. Дарэчы, Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія перадало частку калекцыі свайго стэнда чатыром беларускім установам агульнай сярэдняй адукацыі: мінскай сярэдняй школе № 73, брэсцкай сярэдняй школе № 7, віцебскай сярэдняй школе № 34 і слуцкай гімназіі № 2. Гэта і мастацкая, найперш дзіцячая, літаратура на нямецкай мове, і краіназнаўчая літаратура, якая расказвае пра Германію, і маляўнічыя альбомы, і вучэбныя дапаможнікі па нямецкай мове. Што ж тычыцца ганаровага госця на XXV Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, то ім, як ужо вядома, будзе Сербія.
Былі названы на XXIV ММКВК і яе, так бы мовіць, кнігі-героі, якія сталі пераможцамі 56-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Так, гран-пры “Трыумф” атрымала 20-томнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны: факсімільнае выданне”, падрыхтаванае Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ТДА “Калекшн”.
У намінацыі “Літфармат” дыплома I ступені ўдастоена кніга Выдавецкага дома “Звязда” “Скарб бяздонны” Міколы Мятліцкага.
У намінацыі “У люстэрку часу” дыпломам адзначана кніга “Милиция Беларуси: 100 лет. На службе закону, народу, Отчизне” выдавецтва “Беларусь”.
Лепшай арт-кнігай (намінацыя так і называлася — “Арт-кніга”) названа выданне “Белорусский натюрморт 1960—2010. А.В.Зинкевич” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лепшай кнігай у намінацыі “Эўрыка” — “Битва у Нарочи 1916. Немецкие источники о русском весеннем наступлении (Нарочанская операция)” ТАА “Паліграфіка”.
Пераможцай у намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” стала кніга “Песни покинутых деревень”, падрыхтаваная Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ТДА “Бяловагруп”), у намінацыі “Залатыя скрыжалі” — “Беларускія народныя музычныя інструменты” Тадэвуша Стружэцкага і Вольгі Давідовіч (выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”), у намінацыі “Разам з кнігай мы расцём” — кніга Алеся Пісьмянкова “Чаму вожык не стрыжэцца?” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”), у намінацыі “Фотапогляд” — кніга Ігара Духана “Минск. Проспект Независимости” (ТДА “Бяловагруп”).
Падручнікам новага веку названы “Географический атлас учителя” (РУП “Белкартаграфія”).
Пераможцам у намінацыі “Духоўнасць” стала кніга “Спасская церковь Евфросиниевского монастыря в Полоцке” Уладзіміра Сараб’янава (выданне Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку), у намінацыі “Садружнасць” — “Францыск Скарына — чалавек свету” Аляксандра Сушы (выдавецтва “Беларуская энцыклапедыі імя П.Броўкі”), у намінацыі “Першадрук” — кніга А.Цітова “Шляхамі Францыска Скарыны” (“Народная асвета”).
Шчыра кажучы, з многімі з гэтых кніг хацелася б падрабязна азнаёміць нашых чытачоў. Сёння ж у гэтым кароткім аглядзе засяроджуся толькі на трох выданнях (адно з іх, дарэчы, са змешчанага вышэй спіса), якія хораша прагучалі на нядаўняй ММКВК. Па-першае, яны ўсе вельмі розныя, таму ў нейкім сэнсе паказваюць разнастайную палітру творчых пошукаў нашых аўтараў. Па-другое, з усімі аўтарамі гэтых выданняў я ў свой час рабіў інтэрв’ю і крыху ведаю іх як творцаў, як людзей — цікавых, арыгінальных, адкрытых. І таму мне асабліва прыемна яшчэ раз згадаць іх імёны на старонках нашай газеты.
Такім чынам, ніжэй, так бы мовіць, тры мае вельмі асабістыя здзіўленні-ўражанні.
Здзіўленне першае. Скарб бяздонны
Якая ўсё-такі гэта дзіўная рэч — літаратура! І які гэта ўсё-такі нават яшчэ больш дзіўны феномен — сам творца, паэт! І найперш дзіўны ён сваёй здольнасцю пераўвасабляцца, асвойваць усё новыя і новыя творчыя абсягі.
З вядомым паэтам, публіцыстам, пісьменнікам, перакладчыкам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Міколам Мятліцкім у мяне былі дзве сустрэчы-інтэрв’ю.
Першы раз я гутарыў з ім проста як з творцам, безумоўна, найбольш вядомым мне тым, што адкрыў у айчыннай літаратуры чарнобыльскую тэму ў такіх кнігах, як “Палескі смутак”, “Бабчын”, “Хойніцкі сшытак”. Расказваючы пра гэтую незагойную рану ў сваёй душы і ў сваёй біяграфіі, ён часта рабіў паўзы, мабыць, нешта з болем згадваў, зноў і зноў скрушліва пракручваў у памяці і сцішана мне распавядаў. І гэта быў адзін Мікола Мятліцкі — засяроджаны, задуменны, скрушлівы…
Другі раз я рабіў інтэрв’ю з ім з нагоды выхаду кнігі яго перакладаў кітайскай паэзіі “Пад крыламі дракона. Сто паэтаў Кітая”. І гэта быў ужо зусім іншы Мікола Мятліцкі — узвышаны і адначасова па-кітайску рэалістычны, нейкі нават не па-беларуску пяшчотны і чуйны…
А сёння, калі я азнаёміўся з яго кнігай “Скарб бяздонны”, убачыў ужо трэцяга Міколу Мятліцкага — трывала прывязанага да беларускай народнай паэтычнай традыцыі, літаральна ўгрунтаванага ў беларускую міфалогію і фальклор. Я з асалодай чытаў яго філігранна агорнутыя паэтычнай формай беларускія легенды і паданні “Вяшчун”, “Брас і Дрыва”, “Карона”, “Тур-калодзеж”, “Крэва”, “Нёман і Лоша”, “Бутрым і Няміра” і не мог паверыць, што гэта ўсё той жа Мікола Мятліцкі, якога я ведаў раней. Той, ды не той — трэці…
І напрыканцы было б вельмі несправядліва не назваць выдатнага мастака Ігара Гардзіёнка, які аформіў кнігу. Невыпадкова кніга “Скарб бяздонны” на апошнім конкурсе “Мастацтва кнігі” была ацэнена менавіта ў намінацыі “Літфармат”. “Скарб бяздонны” — унікальнае па сваёй глыбіні сумоўе мастака і паэта.
Здзіўленне другое. Бася і Піглас
З маладой мастачкай Надзяй Букай я пазнаёміўся ў 2013 годзе ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, дзе яна выстаўляла свае так званыя буцінанкі. Зразумела, адкуль паходзіць гэтае дзіўнае слова. Гэта тая ж выцінанка, толькі створаная менавіта Надзяй Букай (бука + выцінанка = буцінанка). Мяне тады адразу кранулі яе добрыя, некуслівыя, шчырыя і па-дзіцячы наіўныя творы. Мне захацелася зрабіць з ёй інтэрв’ю. Калі неўзабаве мы сустрэліся, то доўга гутарылі. Я сапраўды не мог тады не ўбачыць глыбокую творчую асобу, здольную нефармальна мысліць і ствараць менавіта свой аўтарскі свет. І ўжо напрыканцы гутаркі яна раптам пачынае мне расказваць нейкія вельмі дзіўныя рэчы. Як высветлілася, не ўсё так проста ў яе буцінанках. З карціны ў карціну ў яе пераходзяць пацешныя казачныя персанажы, у першую чаргу пігласы, бубласы і мігласы. Пігласы — гэта такія бясполыя істоты з вялікім блакітным вокам, з якога вырастаюць крылы. Яны ахоўваюць усіх добрых людзей. Ім нецікава быць з тымі, хто сварыцца, да злога чалавека Піглас ніколі не падляціць, не сядзе на яго плячо, каб агарнуць яго сваёй любоўю і натхненнем. Дарэчы, пігласы харчуюцца толькі драўлянымі прышчэпкамі і размаўляюць бурбалкамі. Бубласы растуць у гаршках і лечаць слязамі. Мігласы апякуюцца людзьмі, якія падоўгу сядзяць перад камп’ютарамі, абараняюць іх ад шкодных іонаў манітора. “Вонкавы абсурд на самай справе падпарадкоўваецца дакладным законам. У папяровым свеце ўсе героі з усёй адказнасцю выконваюць свае задачы, — абараняла тады сваіх падапечных мастачка. — Вось мы зараз з вамі сядзім, размаўляем, а недзе над намі кружляе Піглас, дапамагае вам прыдумваць пытанні, а мне — на іх адказваць”.
Тады, шчыра кажучы, я толькі пацешыўся з выдуманай ёй філасофіі, але і не стаў прыбіраць гэты момант з тэксту — надта ж мілым і шчырым мне ўсё гэта падалося, быццам прыдуманым яшчэ ў дзяцінстве.
А сёння я трымаю казку Надзі Букі “Бася і Піглас”, выдадзеную Выдавецкім домам “Звязда” і аформленую, натуральна, ёй жа, і адчуваю, што Піглас сапраўды жывы, як мастачка мяне калісьці і запэўнівала. Вось ён залятае аднойчы ў госці да дзяўчынкі Басі, вось ён вучыць рабіць яе розныя добрыя справы, напрыклад, дзяліцца санкамі на снежнай горцы з хлопчыкам, у якога іх няма; вось ён прыходзіць на дапамогу да Басінага бацькі, які заблукаў у лесе… Ён усім робіць дабро і заклікае ўсіх верыць у цуды. Бяда толькі, што, акрамя Басі, ніхто Пігласа не бачыць.
Цудоўная казка для чытання дарослымі маленькім дзецям.
Здзіўленне трэцяе. Football/Hockey
Міколу Касцюкевіча я ведаю гадоў так дваццаць (а можа, і больш) як добрага, душэўнага чалавека, як арыгінальнага паэта і празаіка, як апантанага кніжнага калекцыянера і нават як спартсмена, які ў мінулым заўзята займаўся культурызмам. Я часта гутарыў з ім, некалькі разоў пісаў рэцэнзіі на яго літаратурныя творы для літаратурна-мастацкіх часопісаў. І зноў жа, як у выпадку з Міколам Мятліцкім ды Надзяй Букай, я неяк зрабіў з ім інтэрв’ю для нашай газеты: мы разважалі тады найперш пра феномен бібліяфіла-калекцыянера.
А аднойчы ён скінуў мне на электронную пошту дзве велічэзныя папкі з допісам: “Мікола, глянь. Ведаю, што ты таксама любіш спорт. Можа, што падкажаш? А можа, калі прачытаеш, дык і кароценькую прадмоўку чырканеш… Гэта дзве будучыя кніжкі”. Я нічога тады не зразумеў, але адкрыў тыя папкі і ахнуў: там былі тэксты дзвюх частак англа-руска-беларускага слоўніка — Football і Hockey! Чым далей яго чытаў, тым больш выразна разумеў, што Мікола Касцюкевіч правёў проста-такі тытанічную работу.
І вось я трымаю ў руках дзве дыхтоўна выдадзеныя кніжкі — дзве часткі англа-руска-беларускага слоўніка Міколы Касцюкевіча, выдадзенага пад псеўданімам Адам Касатка.
У футбольным томе ён сабраў больш за 6 тысяч футбольных тэрмінаў і словазлучэнняў на англійскай мове з перакладам на рускую і беларускую мовы. Змясціў руска-беларускі дадатак, дзе растлумачыў значэнне каля васьмісот слоў і паняццяў, непасрэдна звязаных з футболам.
У хакейным томе ён сабраў больш за 4 тысячы хакейных тэрмінаў і словазлучэнняў на англійскай мове, зноў жа з перакладам на рускую і беларускую мовы. Змясціў там руска-беларускі дадатак, дзе растлумачыў значэнне звыш пяцісот хакейных паняццяў, і англа-беларускі спіс 153 абрэвіятур з расшыфроўкай іх на англійскай і беларускай мовах.
Асаблівы прысмак кнігам надае тое, што пры перакладзе футбольных і хакейных тэрмінаў на беларускую мову аўтар, акрамя вядомых варыянтаў, нярэдка падае і ўласныя наватворы, арыентуючыся на формы, характэрныя для нацыянальнай мовы.
Я так парадаваўся за Міколу!
А прадмову я тады ўсё ж такі напісаў. У ёй ёсць і такія словы: “Ведаючы Адама Касатку ўжо не адзін год, магу з упэўненасцю сказаць: ён ніколі не б’е па пустых варотах. Там мусіць быць брамнік. А на трыбунах мусяць быць заўзятары. І я ўпэўнены: у гэтых кніг таксама будуць удзячныя заўзятары. Будзе і ўдзячны брамнік. Нават калі прапусціць гол…”
Мікола ЧЭМЕР.