Кодэкс аб культуры сістэматызуе і ўвядзе навэлы ў заканадаўства

- 15:57Інфармацыйная гадзіна

Беларускія дэпутаты на пасяджэнні прынялі ў першым чытанні праект Кодэкса аб культуры.
Дакумент складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, 5 раздзелаў, 257 артыкулаў. Ён прадугледжвае комплекснае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры, якая прадстаўлена адзінаццаццю напрамкамі культурнай дзейнасці. Такое рэгуляванне лепш за ўсё забяспечваецца адным заканадаўчым актам, а не некалькімі дзясяткамі. Так, у праект Кодэкса аб культуры ўключаны нормы больш за 60 нарматыўных прававых актаў рознай юрыдычнай сілы, з якіх 7 законаў, 4 указы прэзідэнта, амаль 20 пастаноў урада і каля 30 нарматыўных прававых актаў Міністэрства культуры, якія на практыцы паказалі сваю эфектыўнасць.
Як адзначыла, прадстаўляючы праект Кодэкса аб культуры, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, аналага гэтага дакумента пакуль няма ў свеце.
У прыватнасці, як асобныя суб’екты культурнай дзейнасці ўпершыню заканадаўча замацаваны спонсары культуры (юрыдычныя асобы, якія падтрымліваюць гэтую сферу ў адпаведнасці з указам прэзідэнта), а таксама мецэнаты культуры (фізічныя асобы, якія робяць ахвяраванні). “Такім чынам, дабрачынная дзейнасць у сферы культуры атрымлівае заканадаўчую падтрымку”, — адзначыла Ірына Дрыга.
Паводле яе слоў, у праект кодэкса ўведзена паняцце дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы культуры. Пашырана роля грамадскіх аб’яднанняў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (напрыклад, прадугледжана стварэнне грамадскіх наглядальных камісій па ахове такой спадчыны пры Міністэрстве культуры і пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах).
Акрамя іншага, у дакуменце знайшлі адлюстраванне пытанні ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа з мэтай захавання іх нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці.
Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваецца пытанне аховы археалагічнай спадчыны.
Першы намеснік міністра таксама дадала, што ў Беларусі фільмы ў кінапракаце будуць ранжыраваны па ўзроставых катэгорыях (ад 0 да 18+).