Кожную раніцу мяне чакае сустрэча з цудам

- 9:00Людзі адукацыі

“На выбар педагагічнай прафесіі паўплывала маё юнацкае жаданне весці за сабой, быць наперадзе. Дарослых зацікавіць цяжка, а вось дзяцей лёгка захапіць, праявіўшы творчасць і фантазію, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Ашмян Гродзенскай вобласці Марына Сяргееўна Мехава. — Прыйшоўшы на работу ў дашкольную ўстанову, я зразумела, што пошук, ініцыятыва і творчасць даюць мне магчымасць рухацца наперад”.

Марына Мехава родам з Ашмян. Пасля заканчэння школы працавала педагогам-арганізатарам у базавай школе Міхайлаўшчыны Гродзенскай вобласці. Паступіла ў Полацкі педагагічны каледж па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”, які скончыла з чырвоным дыпломам. Уладкавалася выхавальнікам у яслі-сад № 13 Полацка, а праз 4 гады стала пераможцай гарадскога конкурсу “Выхавальнік года” ў намінацыі “За маладосць і педагагічную перспектыву”. У 2008 годзе вярнулася ў Ашмяны і пачала працаваць у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці. Скончыла педагагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”, затым магістратуру. Выбар факультэта і спецыяльнасці быў цалкам усвядомлены. Намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Марына Сяргееўна працуе з 2008 года. Яна займаецца самаадукацыяй, прымае ўдзел у канферэнцыях рознага ўзроўню, публікуе матэрыялы з вопыту работы. Сёлета стала пераможцай міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый “Майстэрства без меж” у намінацыі “Лепшы намеснік загадчыка”.

“Люблю розныя віды мастацтва. Працуючы выхавальнікам, вялікую ўвагу ўдзяляла развіццю творчых здольнасцей дзяцей, выкарыстоўвала ў рабоце разнастайныя метады і прыёмы, захаплялася творчасцю сама і прыцягвала дзяцей, распрацавала перспектыўнае планаванне па выяўленчай дзейнасці (лепка). Была кіраўніком гурткоў “Цестапластыка”, “Маляванне”, — адзначае Марына Сяргееўна. — Прыйшло ўсведамленне таго, што ўсіх дзяцей можна навучыць, толькі да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход. Шмат увагі ўдзяляла афармленню асяроддзя групы, стварала разнастайныя макеты, абсталёўвала куткі. Таксама далучала бацькоў да аказання дапамогі, запрашала іх на свае майстар-класы па стварэнні вырабаў і падарункаў сваімі рукамі.

Быць намеснікам лёгка, калі з табой працуе творчы калектыў педагогаў. У сваёй дзейнасці аддаю перавагу нетрадыцыйным формам работы з кадрамі: майстар-класам, педагагічным майстэрням, КВЗ і г.д. У 2019/2020 навучальным годзе разам з педагогамі стварылі аўтарскія гульні і дапаможнікі па тэме “Каб мова родная гучала…”, распрацавалі перспектыўнае планаванне заняткаў па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва” (маляванне) па навучанні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці (з канспектамі заняткаў). У гэтым навучальным го­дзе пачалі работу па распрацоўцы і стварэнні гульняў і дапаможнікаў па экалагічным выхаванні. Працягваем работу над стварэннем гульняў для інтэрактыўнай дошкі па асновах бяспекі жыццядзейнасці і ЗЛЖ. Нашы выхаванцы — актыўныя ўдзельнікі міжнародных конкурсаў “Сябры”, “Новыя вяршыні”, BYFEST — распрацавалі і паказалі тэатральныя пастаноўкі як на рускай, так і на беларускай мове, зладзілі паказ мод у намінацыі “Экалагічная мода” з вырабам касцюмаў з непрыдатных матэрыялаў.

Як намеснік загадчыка працую над стварэннем віртуальнага метадычнага кабінета, макета дрэва развіцця педагогаў. Як творчы чалавек асвойваю стварэнне лялек з палімернай гліны. У разуменні азоў прафесіі, патрэб дзяцей і іх бацькоў мне дапамагаюць два мае цудоўныя сыны і любімы муж. Самае запамінальнае і прыемнае ў прафесіі — гэта калі дзіця садзіцца побач і, абдымаючы цябе, пачынае расказваць свае таямніцы і сакрэты. Адчуваю гордасць і радасць, калі захо­джу ў групу, да мяне падбягаюць малышы і абдымаюць са словамі: “Якая ты прыгожая!” ці “А ты мне падабаешся!”, і мімаволі ў мяне нараджаюцца паэтычныя радкі: “Как хочется порою верить в чудеса, // И, повзрослев, вдруг окунуться в сказку, // Где встретят нас и зайка, и лиса, // И добрая волшебница одарит лаской. // Где палочкой волшебной лишь взмахнув, // Исполнятся заветные желания. // Умчатся прочь заботы, суета, // Останутся лишь чувства и мечтания”.

Кожны год калектыў ДЦРР Ашмян прымае ў свае шэрагі маладых спецыялістаў. Пачынаючых педагогаў Марына Сяргееўна вучыц­ь: “Каб зразумець дзіця, трэба апусціцца на ўзровень яго вачэй”. Каб дасягнуць вынікаў у рабоце з дзецьмі, неабходна зразумець кожнага, знайсці да яго падыход. Выхавальнік для малышоў — гэта першы чалавек пасля мамы. Ён і сам павінен заставацца дзіцем. Інакш малыя яго не пусцяць у свой свет, не прымуць як сябра. Толькі любоў да дзяцей адкрые для педагога свет дзяцінства і фантазіі, казак і прыгод. Кожны дзень ён бачыць вочы малых, якія прагна ловяць яго словы, жэсты, погляды, і разумее, што вельмі патрэбны дзецям, што ён для іх цэлы сусвет, што менавіта ён закладвае ў іх самае добрае і светлае.

Марына Сяргееўна лічыць, што выхавальнік павінен быць крэатыўным і камунікабельным, каб выхаваць творчую асобу. Дарослыя часта не заўважаюць здольнасцей дзяцей, не дапамагаюць ім развіцца. Прыроджаныя таленты без спрыяльных умоў так і застануцца задаткамі і не будуць рэалізаваны. А пасеянае ў раннім дзяцінстве насенне прарасце і прынясе выдатныя вынікі, і ціхі, непрыметны маленькі чалавечак можа стаць выдатным мастаком, паэтам, педагогам. Мара — яшчэ адна неабходная ўмова для творчасці. Палёт фантазіі апярэджвае павольны ход рэальных падзей, расквечвае яркімі фарбамі і робіць жывымі нават самыя сухія абстракцыі. Убачыць, як зараджаюцца здольнасці дзіцяці, тактоўна і разумна дапамагчы яму ў іх развіцці, стварыць умовы для творчасці, праявіўшы вынаходлівасц­ь, а часам і настойлівасць, — вось над чым неабходна працавац­ь педагогам! Сучасны выхавальнік павінен удасканальваць сваё майстэрства, выкарыстоўваючы вопыт калег, дасягненні педагагічнай навукі і практыкі. Ён павінен асвойваць інавацыйныя тэхналогіі, нетрадыцыйныя метады і прыёмы, валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, каб умець утрымліваць увагу дзіцяці, здзіўляць новым, незвычайным і цікавым. Як казаў вядомы філосаф і педагог Джон Дзьюі, мы пазбаўляем дзяцей будучыні, калі працягваем вучыць сёння так, як вучылі гэтаму ўчора. А яшчэ трэба імкнуцца быць добрым псіхолагам, здольным паглыбіцца ў складаную сістэму ўзаемаадносін дзяцей і іх бацькоў.

“Ніколі не шкадуйце аб тым, што выбралі прафесію выхавальніка, — гаворыць Марына Сяргееўна. — Гэта шчасце, калі кожную раніцу цябе чакае сустрэча з цудам, а іх — дваццаць, дваццаць пяць… Атрымлівайце асалоду ад зносін з дзецьмі, беражыце іх, старайцеся быць іх сябрам, удасканальвайцеся!”

Надзея ЦЕРАХАВА.