Козыр у рыбаводстве

- 8:19Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Стаць інжынерам Аляксей Віктаравіч Козыр марыў з дзяцінства. Дзякуючы мэтанакіраванасці, стараннасці і карпатлівай працы, дзіцячая мара рэалізавалася.

Далёка не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі педагогі гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра, дзе будучы інжынер-тэхнолаг вучыўся на хіміка-біялагічным профілі, актыўна займаўся даследчай дзейнасцю і ўдзельнічаў у розных конкурсах. Грунтоўныя веды, атрыманыя ў гімназіі, спатрэбіліся ў далейшай вучобе на біятэхналагічным факультэце Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Аляксей Віктаравіч вельмі ўдзячны школьным педагогам за тое, што навучылі яго вучыцца. Ужо на апошніх курсах ён працаваў на паўстаўкі лабарантам і займаўся навуковымі пошукамі ў сферы аквакультуры, інтарэс да якой узнік невыпадкова. 

— Мой бацька доўгі час працаваў дырэктарам рыбгаса, — гаворыць А.В.Козыр. — Я цікавіўся яго работай і яшчэ ў гімназіі атрымаў практычныя веды ў галіне рыбнай гаспадаркі. 

Пасля заканчэння ўніверсітэта Аляксей Віктаравіч паступіў у магістратуру і працаваў выкладчыкам на кафедры тэхналогій аквакультуры, а ў 23-гадовым узросце ўзначаліў Навукова-тэхналагічны парк “Палессе” пры ПалесДУ.

— Пераходзіць на кіраўніцкую пасаду было страшна і адказна, але вельмі цікава, — прызнаецца А.В.Козыр. — Давялося вучыцца кіраваць калектывам, вырашаць юрыдычныя і гаспадарчыя пытанні. У рабоце больш за ўсё падабаецца ўвасабляць цікавыя ідэі ў канкрэтныя тэхналогіі, якія прыносяць карысць і вырашаюць важныя задачы.

Тэхнапарк працуе з 2010 года і адыгрывае вялікую ролю ў падтрымцы прадпрымальніцтва і стартап-праектаў, у арганізацыі інавацыйна-прамысловага кластара ў галіне біятэхналогій і зялёнай эканомікі на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся, у вытворчым укараненні вынікаў навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, вынаходстваў і адкрыццяў.

— Мы не толькі развіваем біятэхналогіі, экалагічны інжынірынг і кліматычны менеджмент, але і аказваем экасістэмныя паслугі, — расказвае А.В.Козыр. — На рахунку супрацоўнікаў тэхнапарка і прадпрыемстваў-рэзідэнтаў — шэраг буйных экалагічных праектаў, звязаных з узвядзеннем ачышчальных збудаванняў другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, тэхнічнай мадэрнізацыяй ачышчальных збудаванняў у ААТ “Пінскі мясакамбінат”, распрацоўкай плана інавацыйнага развіцця Вілейскага вытворчага ўчастка ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” па водакарыстанні і абыходжанні з адходамі… 

Удзельнікамі інавацыйна-прамысловага кластара, які працуе па 8 прыярытэтных гаспадарчых профілях, з’яўляюцца 37 прадпрыемстваў, пераважна прыватных, што выпускаюць аграбіятэхналагічную прадукцыю на аснове вынікаў навуковых даследаванняў. У стадыі рэалізацыі праекты па выпуску азануючага і гідракавітацыйнага абсталявання, вырошчванні мікразеляніны, вытворчасці біяцыдных угнаенняў… Ажыццёўлены буйны праект па фарміраванні прадпрымальніцкага асяроддзя для вытворчасці арганічных ягад у трансгранічных раёнах Украіны і Беларусі, дзякуючы якому на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся адкрыты першыя сертыфікаваныя вытворчасці ў гэтым напрамку дзейнасці. 

Сёння Аляксей Віктаравіч вучыцца ў аспірантуры і працуе над кандыдацкай дысертацыяй, прысвечанай удасканаленню спосабаў вырошчвання гідрабіёнтаў з улікам параметраў рэсурсаэфектыўнасці ў індустрыяльнай цеплаводнай рыбнай гаспадарцы. Малады навуковец асабліва ганарыцца тым, што вынікі яго даследаванняў будуць выкарыстаны ў дзейнасці індустрыяльнага рыбаводнага комплексу, будаўніцтва якога завяршаецца ў аграгарадку Волма Дзяржынскага раёна. Комплекс ствараецца на базе рэсурснага цэнтра “Экатэхнапарк “Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. 

А.В.Козыр марыць, што перспектыўны вопыт у галіне індустрыяльнага рыбаводства будзе паспяхова распаўсюджаны ў рыбгасах краіны не толькі для павышэння эфектыўнасці іх работы, але і для гарантавання харчовай бяспекі ў цэлым.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.