Краязнаўчае ралі па-бабруйску

- 13:38Выхаванне, Краязнаўства

Улічваючы патрэбы сучасных навучэнцаў, у арганізацыі краязнаўчай работы неабходна выкарыстоўваць, апрача традыцыйных форм, такіх як экскурсія, паход, экспедыцыя ці пошукавая дзейнасць, інтэрактыўныя тэхналогіі, аснова якіх — гульня. Больш як 20 гадоў Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска распрацоўвае і ўкараняе ў практыку школьнага краязнаўства гульнёвыя тэхналогіі, акцэнтуючы ўвагу на масавых краязнаўчых мерапрыемствах: “Ты — Бабруйчанін”, “Знаходка года”, “Краязнаўчае арыентаванне на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці”, “Краязнаўчая рабінзанада”. Нядаўна праходзіў і яшчэ адзін займальны конкурс “Я іду па горадзе”.

З вопытам правядзення краязнаўчага арыентавання з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій супрацоўнікі нашага цэнтра азнаёміліся на сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і Цэнтра дзяцей і моладзі Полацка. Вялікі дзякуй полацкім калегам за цудоўную ідэю “Полацкіх лабірынтаў”. У Бабруйску конкурс атрымаў сваё гучанне. На працягу трох тыдняў, кожную суботу лютага, на вуліцах Бабруйска можна было сустрэць школьнікаў з настаўнікамі. Уважліва вывучаючы фрагменты фотаздымкаў, надрукаваных на аркушах паперы, дзеці спрачаліся, даставалі тэлефоны і выходзілі ў інтэрнэт, гарталі рэкламныя буклеты з вуліцамі горада, а потым фатаграфаваліся на фоне гістарычных будынкаў. Займальны краязнаўчы конкурс-гульня “Я іду па горадзе”, арганізаваны Цэнтрам турызму, краязнаўства і экскурсій, прыцягнуў увагу больш чым 160 таленавітых школьнікаў горада з 26 устаноў адукацыі і быў арганізаваны не менш таленавітымі педагогамі.
На першым этапе конкурсу ўдзельнікі, атрымаўшы на электронныя адрасы школ пытанні-тэсты па гісторыі і культуры горада, сабраўшыся ў камп’ютарных класах ці бібліятэках школ, шукалі правільныя адказы, выкарыстоўваючы розныя інфармацыйныя рэсурсы. Другі этап конкурсу праходзіў непасрэдна на вуліцах горада. Навучэнцам прапаноўвалася вызначыць гістарычны аб’ект і сфатаграфавацца камандай на яго фоне. Трэці этап краязнаўчай гульні-арыентавання прайшоў у фармаце “квэст”. Легенда, атрыманая ўдзельнікамі па электроннай пошце, вяла даследчыкаў горада па былых Таццянінскай, Мураўёўскай, Слуцкай вуліцах да будынкаў, міма якіх у штодзённым жыцці жыхары горада, у тым ліку і нашы дзеці, прабягаюць, не падымаючы галавы.

Удзельнікам конкурсу арганізатары прапаноўвалі сем варыянтаў праходжання маршруту. Напрыклад, адзін з маршрутаў прапаноўваў сустрэцца на Інваліднай: “Калісьці ў Бабруйску існаваў анекдот пра Зяму — краўца з вуліцы Інваліднай, які шыў лепш, чым у Адэсе. Пра гэтую вуліцу бабруйскі пісьменнік Эфраім Севела напісаў наступныя радкі: “Наша брала свой пачатак ад вялікага старажытнага гарадскога парку, які называўся “Садам саматужнікаў”. Школьнікам неабходна прайсці і па маршруце, які пачынаецца з вуліцы, названай у гонар ветэранаў вайны 1812 года.
Аб’екты, да якіх была прыцягнута ўвага канкурсантаў, знаходзяцца ў гістарычнай зоне горада і захоўваюць больш чым стагадовую гісторыю. Перш чым выйсці на вуліцы горада, камандам было неабходна адгадаць гістарычную загадку, супаставіць гістарычныя факты з сучаснасцю, прааналізаваць усе наяўныя друкаваныя і інтэрнэт-крыніцы, часам супярэчлівыя, знайсці карты горада канца ХІХ стагоддзя з планамі вуліц. А на вуліцах горада сучасныя дзеці паказалі настаўнікам і арганізатарам крэатыўнасць мыслення, веды па выкарыстанні мабільнага інтэрнэту, навігацыйнай сістэмы і велізарную цікавасць да гісторыі свайго краю.
Нягледзячы на тое, што кожная школа прадастаўляла каманду васьмікласнікаў з шасці чалавек, першыя этапы конкурсу паказалі, што ва ўстановах адукацыі да конкурсу рыхтавалася шмат навучэнцаў і педагогаў. Найбольшую цікавасць у дзяцей выклікаў другі этап, калі трэба было пазнаць аб’ект і знайсці яго на тэрыторыі горада. Для педагогаў — удзельнікаў конкурсу, па даных анкетавання, найбольш цікавым быў трэці этап конкурсу, які патрабаваў не толькі зрокавага аналізу, але і ведаў па гісторыі горада, супастаўлення фактаў, дат і простага накладання гістарычнай карты ХІХ стагоддзя на карту сучаснага горада.
Па анкетных водгуках педагогаў, конкурс атрымаўся вельмі добрым. Ён звязаны з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем, выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, спалучае тэорыю (работа ў класе) і практыку (экскурсіі), дазваляе даведацца шмат цікавых фактаў пра горад. А яшчэ дапамагае працаваць разам, у камандзе, заахвочвае ўсіх. “Конкурс больш цікавы, чым проста экскурсія. Гэтую форму трэба ўзяць на ўзбраенне педагогам. У французаў гэта краязнаўчае ралі”, — так пісалі ў сваіх водгуках педагогі.
У гістарычнай частцы горада размяшчаецца сем з 33 школ горада. Арганізатары конкурсу спадзяюцца, што дарога ў школу стане для навучэнцаў больш цікавай, таму што побач знаходзіцца гісторыя, якую яны адкрылі для сябе самі.

Святлана СЕМЧАНКА,
метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.

Фота Людмілы КІСЛЁНАК.