Крылаты парсючок з паперы, або Што чытаюць нямецкія дзеці?

- 12:45Навіны рэгіёнаў, Рознае

У Маладзечанскай дзіцячай бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок” прайшло выдатнае мерапрыемства ў рамках Тыдня нямецкай культуры. Нямецкі ілюстратар і аўтар шматлікіх кніг для дзяцей Зюзана Смайіч спецыяльна прыляцела з горада Канстанц, што на Бодэнскім возеры, каб правесці семінары і майстар-класы з беларускімі настаўнікамі і вучнямі.

Мастачка вывучала афармленне кніг у замку Гібіхенштайне, які знаходзіцца ў Хале-на-Зале, вучылася ў Вышэйшай школе графічнага дызайну ў Мюнстэры. Зюзана не толькі робіць ілюстрацыі да дзіцячых кніг, але і сама піша цікавыя гісторыі для маленькіх чытачоў, працуе ў галіне графікі. З.Смайіч наведала Маладзечна не адна. Падтрымаць яе прыехалі намеснік дырэктара Інстытута Гётэ Аляксандр Назарчук і галоўны бібліятэкар інстытута Вольга Бешка, якая адначасова выступала і ў ролі перакладчыцы. Госця правяла семінар для маладзечанскіх настаўнікаў нямецкай мовы і супрацоўнікаў бібліятэк, расказала пра сябе, свой творчы шлях, сваю прафесію. Таксама ўдзельнікі ўбачылі фільм, які даступна паказваў методыку выкладання мастачкі. Дарэчы, у сваёй краіне выкладчыца працуе па спецыяльнай праграме з гіперактыўнымі і “цяжкімі” дзецьмі, прывучае іх да чытання праз малюнак, абуджае іх творчыя здольнасці.
Зюзана Смайіч выкладае маляванне, ілюстраванне і кніжную графіку як у агульнаадукацыйных, так і ў вышэйшых навучальных установах. Яшчэ яна арганізуе чытанні, творчыя майстэрні па вывучэнні мастацтва для дзяцей і моладзі. Гэта адбываецца ў шчыльным супрацоўніцтве з музеямі, бібліятэкамі і школамі. Можа, дзякуючы таму, што Зюзана займаецца педагагічнай дзейнасцю, яна лёгка знайшла падыход да беларускіх дзетак і зацікавіла іх. Майстар-клас для шасцідзесяці вучняў чатырох маладзечанскіх школ, якія вывучаюць нямецкую мову, мастачка правяла ў гульнявой форме, ад чаго дзеці былі ў захапленні. Госця з Нямеччыны прадставіла дзецям свае кнігі, якія, дарэчы, выпускаюцца не толькі на яе роднай мове, але яшчэ і на італьянскай, французскай, дацкай, кітайскай, карэйскай. Кожны жадаючы мог азнаёміцца з выданнямі. Таксама дзецям пашчасціла здзейсніць віртуальнае падарожжа па майстэрні Зюзаны Смайіч, даведацца, як выглядае месца, дзе займаецца творчасцю сапраўдны мастак. Зюзана прачытала вучням некаторыя са сваіх кніг, а каляровыя ілюстрацыі да іх паказваліся на вялікім экране.
Але асабліва даспадобы маленькім слухачам прыйшлася задума мастачкі змайстраваць з паперы героя прачытанай казкі — крылатага парсючка Фернанда. Кожнае дзіця атрымала паперу, нажніцы, клей і фламастары. Дзеці ўважліва слухалі тлумачэнні Зюзаны, сачылі за кожным рухам, стараліся дакладна ўсё выканаць. Дадому, акрамя змайстраваных парсючкоў, кожны вучань прынёс і падарункі: дэкаратыўныя магніты з сюжэтамі казак і падпісаныя кожнаму індывідуальна паштоўкі з малюнкамі Зюзаны Смайіч.

Алеся УШАКОВА.
Фота аўтара.