Крыніца жыцця Веткаўшчыны

- 12:39Планёрка ў рэгіёне, Рознае

“Пасля аварыі на ЧАЭС больш за 50% насельніцтва Веткаўскага раёна пакінулі родныя мясціны, не стала і пэўнай часткі гісторыі краю, яго традыцый. Але райцэнтр застаецца па-ранейшаму ўнікальным у гісторыка-культурным плане. Да гэтага часу тут жывуць нашчадкі сем’яў старавераў, ушаноўваюцца традыцыі і абрады, якім каля тысячы гадоў, ствараюцца мастацкія творы, у якіх адлюстравана прыгажосць зямлі веткаўскай. Жаданне аднавіць страчаныя ўспаміны аб унікальнасці краю з’яўляецца зыходным пунктам нашых дзеянняў”, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Сяргей Міхайлавіч ЛЮБІМАЎ.

— Шчыра кажучы, Ветка не самы спрыяльны ў сацыяльна-эканамічным плане горад. Адсутнасць прамысловай вытворчасці, прэстыжнай работы, уласнай установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, водгаласы падзей, звязаных з аварыяй на ЧАЭС, — усё гэта не могуць не адчуваць мясцовыя жыхары, — адзначае Сяргей Міхайлавіч. — Але з’яўленню новых ідэй і праектаў не можа перашкодзіць нішто.Так, ініцыятыўная група нашых педагогаў, уключыўшыся спачатку ў распрацоўку “Школьнай мясцовай павесткі”, стала ініцыятарам стварэння стратэгіі ўстойлівага развіцця Веткаўскага раёна. У рамках праекта ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” раён увайшоў у склад пілотных рэгіёнаў па распрацоўцы гэтай стратэгіі, а яе падрыхтоўцы актыўна спрыяла Праграма падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі. У раздзеле аб мясцовых планах вызначаюцца канкрэтныя мэты, якія адлюстроўваюць будучыню Веткаўшчыны. А прынцыпы ўстойлівага развіцця, якія павінны вытрымлівацца пры фарміраванні адкрытай рэгіянальнай адукацыйнай прасторы, удала спалучаюцца з жыццём кожнага чалавека, таму што ў стратэгіі агаворваюцца ўмовы для развіцця асобы і дзейснага супрацоўніцтва паміж настаўнікамі і вучнямі, сям’ёй і школай.

Адносіны партнёрства паміж установамі адукацыі і атрымальнікамі адукацыйных паслуг пабудаваны з мэтай і ў інтарэсах устойлівага развіцця рэгіёна, яны акрэсліваюць прафесійныя кампетэнцыі нашых педагогаў і іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу, ствараюць аснову для далейшых прагрэсіўных змяненняў у нашым рэгіёне, садзейнічаюць эфектыўнай кааперацыі прадстаўнікоў розных сацыяльных груп на прынцыпах добраахвотнага партнёрства, што з’яўляецца перадумовай доўгатэрміновага эфекту ад пераўтварэнняў і дазваляе паспяхова праектаваць яго.

— Як у вашым раёне арганізавана супрацоўніцтва педагогаў і бацькоў? Якія цікавыя формы работы з сям’ёй практыкуюцца?

— Галоўны прынцып выхаваўчай дзейнасці, на мой погляд, — стварыць у кожнай установе спрыяльныя ўмовы для развіцця суполкі педагогаў, вучняў і бацькоў, якія аб’яднаны не толькі мэтай атрымання дзецьмі якаснай адукацыі, але і ідэямі захавання ўнікальнасці роднага краю, сямейных традыцый і каштоўнасцей. Канечне, для гэтага трэба навучыцца супрацоўнічаць, знаходзіць узаемаразуменне.

Найбольш удалай формай работы ўстаноў адукацыі з сем’ямі вучняў з’яўляюцца, на мой погляд, бацькоўскія клубы. Яны арганізоўваюцца, як правіла, на ўзроўні асобных устаноў адукацыі. Але зараз мы ўсур’ёз задумаліся і плануем стварыць раённую комплексна-мэтавую праграму “Крыніца Веткаўшчыны”.

— Сяргей Міхайлавіч, якая работа праводзіцца ў раёне з маладымі спецыялістамі? Ці вяртаюцца яны ў раён пасля заканчэння ўстаноў вышэйшай адукацыі?

— Аддзел адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама цалкам укамплектаваны кадрамі. Немалаважны той факт, што каля паловы маладых спецыялістаў, якія прыбываюць у раён, з’яўляюцца выпускнікамі школ Веткаўскага раёна. Мы праводзім вялікую работу па мэтавым навучанні нашых дзяцей, паколькі ім прасцей адаптавацца да ўмоў рэгіёна, пераймаць традыцыі сваіх жа настаўнікаў і сістэмы адукацыі ў цэлым. Калі маладыя людзі накіроўваюцца дадому, у родную ўстанову, для іх часткова вырашаецца і жыллёвае пытанне. Асабліва гэтая акалічнасць мае значэнне пры працаўладкаванні ў сельскай мясцовасці.

Мы вельмі цэнім маладога педагога! Прыглядаемся да тых юнакоў і дзяўчат, хто зможа ў перспектыве стаць настаўнікам або выхавальнікам, пасля назіраем за іх студэнцкімі поспехамі. Задоўга да працаўладкавання з маладымі спецыялістамі праводзіцца тлумачальная работа аб будучым працоўным месцы кожнага з іх, аб жыллёвых і бытавых умовах, якія ёсць у раёне, аб кампенсацыях і выплатах, гарантаваных ім пры пражыванні ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Толькі ў 2015 годзе 16 маладых спецыялістаў пры заключэнні першага пяцігадовага кантракта атрымалі адначасовых выплат і дапамог (на працягу месяца пасля прыёму на работу) у памеры 260 базавых велічынь кожны. Гэта важкая падтрымка для маладых людзей. Жыллёвы фонд, які ўзводзіцца ў райцэнтры за кошт сродкаў, што накіроўваюцца на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, актыўна выкарыстоўваецца для замацавання маладых работнікаў на месцах. Штогод яны атрымліваюць добраўпарадкаваныя сучасныя кватэры. На працягу некалькіх гадоў з маладымі педагогамі, якія прыбываюць у раён, з асаблівай увагай працуюць вопытныя настаўнікі, адміністрацыя ўстаноў адукацыі. Іх актыўна падтрымлівае прафсаюз: далучае да культурна-масавай, спартыўнай работы, грамадскага жыцця калектываў, а таксама абараняе іх законныя правы і інтарэсы.

— Адно з пытанняў, якое зараз абмяркоўваецца, — залішні дакументаабарот, так званая паператворчасць, якая існуе ў некаторых установах адукацыі. Як вы ставіцеся да гэтай праблемы?

— Праблемай гэта называць нельга. У стагоддзе інфарматызацыі, сучасных сродкаў сувязі кіраўніку любога ўзроўню збіраць інфармацыю па любым пытанні сферы сваёй дзейнасці намнога прасцей. Калі ёсць неабходнасць адказаць на запыт, прадаставіць у вышэйшыя інстанцыі патрэбную інфармацыю, то зрабіць гэта можна пры дапамозе сучасных тэхналогій.

Надзея ЦЕРАХАВА.