Крыжаванка для швачкі

- 12:19Выхаванне

Напэўна, кожнае пакаленне кажа пра наступнае: “Мы такімі не былі”. І ўсё ж, здаецца, сённяшнім настаўнікам даводзіцца асабліва складана — іх вучні па-­іншаму ўспрымаюць і засвойваюць інфармацыю, па­-іншаму размаўляюць і бавяць час. Каб гаварыць з імі на адной мове, быць зразумелымі і актуальнымі, педагогам даводзіцца ўвесь час шукаць новыя навучальныя методыкі і падыходы.

Блукаючы ў “павуціне”

Такім жа чынам у Добрушскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з 2018 па 2021 год ішла работа над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання прадметных і метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў”, да якой былі прыцягнуты 9 супрацоўнікаў цэнтра. Загадчык аддзела мастацкай і культурна-адпачынкавай дзейнасці цэнтра Ірына Уладзіміраўна Чыкізава тлумачыць:

— Мы імкнуліся сфарміраваць у дзяцей не толькі прадметныя навыкі, якія яны павінны набыць у аб’яднанні па інтарэсах, напрыклад, уменне рабіць якасныя фотаздымкі і шыць прыгожыя сукенкі, але і надпрадметныя кампетэнцыі: уменне правільна ацэньваць свае сілы, працаваць у камандзе, вырашаць творчыя задачы, лагічна мысліць, аналізаваць інфармацыю — усе тыя навыкі, што дапамогуць навучэнцам у іх штодзённым жыцці. Па сутнасці, гэта тыя кампетэнцыі, якія мы і так імкнёмся сфарміраваць у дзіцяці ў працэсе работы. Мы — установа дадатковай адукацыі, і наша мэта — даць навучэнцам штосьці звыш той неабходнай базы, якую яны атрымаюць у школе. Таму гаворка ідзе не столькі пра інавацыйны метад навучання, колькі пра пошук новых, больш эфектыўных падыходаў да работы з сучаснымі дзецьмі, імкненне зрабіць іх больш самастойнымі і сацыяльна кампетэнтнымі.

Камп’ютар, лічбавыя мабільныя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай працэсу пазнання і нашага побыту. Сёння цяжка ўявіць адукацыю без выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў.

У рэалізацыі праекта прынялі удзел 54 навучэнцы. Гэта быў карысны, хоць і складаны вопыт. Не ўсе выхаванцы з задавальненнем адгукнуліся на заклік быць самастойнымі.

— Усё залежыць ад мэт навучэнца, з якімі ён прыходзіць на заняткі ў гурток, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. — Часта дзеці маральна не падрыхтаваны да самастойнай работы. Яны жадаюць, каб педагог даў ім гатовыя рашэнні, усё растлумачыў, і не жадаюць самі шукаць адказы на пытанні. Тое ж і ў адносінах да педагогаў — праект наклаў на іх шмат дадатковых абавязкаў, ім давялося пералапаціць увесь інтэрнэт, каб знайсці тыя праграмы і рэсурсы, што дапамогуць зрабіць работу больш плённай і выніковай. Сучаснае жыццё ўсё больш накіроўвае ў бок дыстанцыйнага навучання, таму яны актыўна шукалі анлайн-сэрвісы, якія дапамаглі б справіцца з гэтай задачай.

Не проста мода

Педагог аб’яднання па інтарэсах “Мадэляванне і канструяванне адзення” Наталля Аляксандраўна Мядзведзева так бачыць сваю місію:

— Камп’ютар, лічбавыя мабільныя тэхналогіі сталі неад’емнай часткай працэсу пазнання і нашага побыту. Сёння цяжка ўявіць адукацыю без выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных рэсурсаў.

Таму на сваіх занятках па канструяванні і мадэляванні адзення яна сама звярнулася да інфармацыйных тэхналогій, што дазваляе заахвочваць навучэнцаў і знаходзіць новыя, цікавыя для іх формы работы. Добра паказалі сябе анлайн-канструктар навучальных трэнажораў еТrеnікі, а таксама Jigsawplanet — адкрытая і бясплатная інтэрнэт-платформа для стварэння анлайн-пазлаў, якія вельмі падабаюцца навучэнцам. Зручны сэрвіс для складання апытанняў (анкет), галасаванняў і тэстаў — Simpoll, а таксама Kahoot — яркі просты бясплатны сродак, які можна выкарыстоўваць для правядзення віктарын, тэстаў і апытанняў у класе і дыстанцыйна з мэтай хуткай праверкі ведаў навучэнцаў.

Пры стварэнні заданняў для гурткоўцаў педагогі цэнтра таксама актыўна выкарыстоўвалі сэрвіс для распрацоўкі гульняў і практыкаванняў WordWall.net. Ён мае даволі шырокі выбар шаблонаў гульняў: “Супастаўленне пар”, “Анаграмы”, “Дыяграма з этыкеткамі”, “Крыжаванка”, “Гульнявая віктарына”, “Праўда ці хлусня” і інш. Варта адзначыць і платформу Learnis.ru. Гэты сэрвіс цікавы тым, што ў ім педагог можа самастойна ствараць вэб-квесты ў жанры “Выберыся з пакоя”.

— Сучасныя магчымасці сэрвісаў сеткі інтэрнэт робяць адукацыйнае ўзаемадзеянне паміж педагогам і навучэнцам зручным, хуткім, бесперапынным і псіхалагічна камфортным, — лічыць Наталля Аляксандраўна. — Гэта дазваляе зрабіць ужо звыклыя заняткі па мадэляванні адзення больш прывабнымі і цікавымі для сучасных дзяцей.

— Па выніках трохгадовай работы педагогі цэнтра падрыхтавалі рабочыя сшыткі-практыкумы для навучэнцаў, якія спрыяюць самастойнай працы над засваеннем праграмы аб’яднання па інтарэсах, — расказвае Валянціна Іванаўна Валюшэнка, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета цэнтра. — Змест сшыткаў уключае ў сябе інфармацыйныя блокі, а таксама практычную частку ў выглядзе розных інтэрактыўных заданняў. Кожны педагог, што быў далучаны да работы ў інавацыйным праекце, падрыхтаваў свой сшытак. Усе іх можна ўбачыць на сайце нашага цэнтра — гэта гатовыя практыкумы, з якімі дзіця, якое не хадзіла на заняткі па прычыне хваробы, можа самастойна “падняць” усю праграму.

Сучасныя магчымасці сэрвісаў сеткі інтэрнэт робяць адукацыйнае ўзаемадзеянне паміж педагогам і навучэнцам зручным, хуткім, бесперапынным і псіхалагічна камфортным.

Быць лідарам

Для распрацоўкі сшытка-практыкуму ў рамках аб’яднання па інтарэсах “Клуб “Лідар” быў выбраны раздзел праграмы “Сацыяльнае праектаванне”. Менавіта пры стварэнні сацыяльных праектаў адбываецца фарміраванне метапрадметных кампетэнцый: уменне выразна фармуляваць мэту і суадносіць яе з вынікам дзейнасці, працаваць з інфармацыяй, уступаць у дыялог і прэзентаваць вынікі сваёй работы.

— У “Лідар” заўсёды прыходзяць сацыяльна актыўныя і самастойныя дзеці, — тлумачыць Ірына Уладзіміраўна Чыкізава. — Гэта актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі, у якіх няма праблем са зносінамі — яны адказныя, ініцыятыўныя, умеюць размаўляць з дарослымі і равеснікамі. Таму ў рамках праекта ўпор быў зроблены на навучанне іх навыкам сацыяльнага праектавання.

Так, навучэнцамі быў рэалізаваны праект інфармацыйнай падтрымкі школьнікаў па пытаннях працаўладкавання непаўналетніх. Усю работу юныя лідары выконвалі самастойна. Перш за ўсё яны высветлілі, што непаўналетнія ў большасці выпадкаў не ведаюць, куды могуць працаўладкавацца, каб зарабіць на кішэнныя расходы, не ведаюць абавязкаў і правоў непаўналетніх работнікаў. Перад лідарамі паўстала новая задача: знайсці спосабы інфармавання равеснікаў, як і дзе ім зарабіць грошы. Параіўшыся з педагогам, вырашылі арганізаваць для сваіх аднагодкаў сустрэчы са спецыялістамі — прадстаўнікамі службы сацыяльнай абароны насельніцтва і маладзёжных арганізацый, якія б данеслі да іх усю неабходную інфармацыю з першых вуснаў, без эфекту сапсаванага тэлефона. Вынік работы задаволіў усіх — і педагогаў, і навучэнцаў.

Валянціна Іванаўна Валюшэнка адзначыла: “Удзел у інавацыйнай дзейнасці даў магчымасць забяспечыць асобасна-прафесійнае развіццё педагогаў цэнтра, зрабіць больш прывабнымі для навучэнцаў спосабы рэалізацыі праграмнага зместу, а таксама навучыцца лепш разумець адно аднаго, размаўляць на адной мове, мове сучасных тэхналогій”.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва герояў.