Кубак матэматычных гімназій скарыўся школьніку з Ліды

- 11:09Адукацыйная прастора

У канцы чэрвеня ў сербскім Бялградзе прайшоў VII Міжнародны кубак матэматычных гімназій па дакладных навуках для вучняў з еўрапейскіх краін, на якім навучэнец сярэдняй школы № 17 Ліды Якаў Бакуновіч заваяваў сярэбраны медаль па фізіцы.

Кубак матэматычных гімназій — міжнароднае спаборніцтва школьнікаў ва ўзросце да 16 гадоў. Алімпіяда штогод праходзіць у апошні тыдзень чэрвеня ў сталіцы Сербіі Бялградзе. У праграму спаборніцтваў уваходзяць турніры па матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы.

Як адзначыў настаўнік фізікі 17-й лідскай школы Дзмітрый Аляксандравіч Цежык, падрыхтоўка да кубка вялася мэтанакіравана. “Справа ў тым, што еўрапейскія школьныя праграмы па фізіцы адрозніваюцца ад нашай. Па-першае, у некаторых краінах дзеці вучацца ў школе даўжэй, чым у нас, па-другое, змест іх праграм для нас з’яўляецца апераджальным. Некаторыя тэмы, якія ў нас праходзяць на трэцяй ступені, еўрапейскія вучні вывучаюць раней. Гэта, напрыклад, тычыцца хваль, ваганняў, магнетызму. Мы, канечне, пры падрыхтоўцы гэта ўлічвалі”, — расказаў Дзмітрый Аляксандравіч.

Сёлета на турніры па фізіцы прапаноўвалася 34 заданні, якія адрозніваліся па складанасці: спачатку ішлі простыя, затым — больш складаныя. Заданні былі як тэарэтычнага, так і практычнага характару, але без эксперыментаў. На іх выкананне адводзілася 3 гадзіны. У выніку ў турніры па фізіцы ўдзельнічалі 110 дзевяцікласнікаў з 13 краін (гэта 33 каманды). У іх ліку — школьнікі з Германіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Румыніі, Грэцыі, Харватыі, Сербіі, Славеніі і іншыя.

Кубак матэматычных гімназій праходзіў у адной з самых элітных матэматычных гімназій Бялграда, якая існуе больш за паўстагоддзя. Яе вучні атрымалі 560 медалёў па розных прадметах на міжнародных алімпіядах сярод 11 класаў. Напрыклад, па фізіцы бялградскія гімназісты заваявалі 4 залатыя, 18 сярэбраных і 32 бронзавыя медалі.

 Урачыстая цырымонія закрыцця і ўзнагароджання праходзіла ў Парламенце Сербіі ў прысутнасці важных гасцей, што падкрэсліла значнасць інтэлектуальнага спаборніцтва.

Трэба адзначыць, што Якаў Бакуновіч займаецца фізікай у Дзмітрыя Аляксандравіча на працягу двух гадоў. У мінулым навучальным годзе хлопец стаў пераможцам абласнога і ўдзельнікам рэспубліканскага этапу алімпіяды па фізіцы. Настаўнік адзначае працавітасць і неардынарнасць мыслення юнака. Дарэчы, паралельна з падрыхтоўкай да кубка і рэспубліканскага этапу алімпіяды Якаў паспяхова паўдзельнічаў у алімпіядзе МФТІ “Фізтэх-2019” і Маскоўскай алімпіядзе школьнікаў па фізіцы, дзе атрымаў дыплом ІІ ступені. Акрамя таго, заявіў пра сябе ў Расійскай эксперыментальнай алімпіядзе па фізіцы IEPHА-2019.

Усе гэтыя перамогі былі б не магчымы без таленту педагога. Вучні Дзмітрыя Аляксандравіча Цежыка пастаянна становяцца пераможцамі інтэлектуальных спаборніцтваў па фізіцы рознага ўзроўню. У мінулым годзе вучань Дзмітрыя Аляксандравіча, Сяргей Лаза, тройчы станавіўся прызёрам розных конкурсаў міжнароднага маштабу. Ды і старэйшы брат Якава — былы вучань Дзмітрыя Цежыка — у свой час быў пераможцам рэспубліканскага этапу алімпіяды па фізіцы і без экзаменаў паступіў на факультэт радыёфізікі БДУ, цяпер вучыцца ў аспірантуры.

І Якаў, і настаўнік дзякуюць за дапамогу і падтрымку ў арганізацыі паездкі на кубак у Бялград дырэктару СЗАТ “Ліпласт СПб” Ігару Рышкевічу і дырэктару сваёй школы Аляксандру Алексіевічу.

У сярэдняй школе № 17 Ліды кожны год ствараюцца профільныя класы.  Вучні школы атрымліваюць высокія вынікі на алімпіядах, конкурсах, цэнтралізаваным тэсціраванні. Многія становяцца паспяховымі студэнтамі ўніверсітэтаў краіны. У 2019—2020 навучальным годзе вучні 8-х, 10-х і 11-х класаў на павышаным узроўні будуць вывучаць матэматыку, фізіку, хімію, біялогію, мовы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.