Куды вядзе веласцяжынка?

- 10:35Выхаванне

Веласпорт, веларух набірае ўсё большую папулярнасць сярод моладзі. Катанне на веласіпедзе ўжо не проста забава, а вельмі добры лекавы сродак, даступны і эфектыўны спосаб умацавання здароўя і павышэння тонусу мышцаў. Веласіпеды выкарыстоўваюцца ў якасці гарадскога сродку перамяшчэння і актыўнага адпачынку. 4 лістапада ў гімназіі № 33 Мінска прайшла сумесная акцыя з АДАІ Фрунзенскага раёна “Закрыццё веласезона”.

У рамках мерапрыемства адбылося адкрыццё дзіцячага клуба велашукальнікаў для навучэнцаў гімназіі, прайшла прэзентацыя даследчага праекта на тэму “Велапрабег з карысцю, або Куды вядзе веласцяжынка?”, навучэнцы гімназіі ўдзельнічалі ў велаэстафетах, дэманструючы свае веды па правілах бяспечных паводзін на дарогах. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі знакамітая спартсменка Наталля Валер’еўна Цылінская і старшы інспектар агітацыі і прафілактыкі АДАІ Фрунзенскага раёна сталіцы Алена Віктараўна Волчак.
Навучэнцы вельмі сур’ёзна рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства: распрацоўвалі карту веламаршруту “Сухарава — мая малая радзіма”, даследавалі славутасці мікрараёна, вывучалі правілы бяспечнай язды на веласіпедах, правялі анкетаванне навучэнцаў гімназіі з мэтай вывучэння папулярнасці веларуху, стварылі групу ў сацыяльнай сетцы “Квест — куды вядзе веласцяжынка?”, распрацавалі інфармацыйна-паказальны буклет з картай веламаршруту. Працягласць маршруту — 3700 метраў. Час у дарозе — да 1,5 гадзіны. Маршрутам прадугледжана шэсць прыпынкаў: сухараўскія курганы (тут юныя экскурсаводы расказваюць пра паходжанне назвы мікрараёна і ўнікальную гісторыю курганоў, якія захаваліся), мемарыяльны знак Фёдару Янкоўскаму (расказваецца пра жыццё і творчасць вучонага), галоўныя вароты “Сухарава” (спыненне ля памятнага каменя ў гонар заснавання мікрараёна), прывал (расказ пра гісторыю закладкі алеі, дэгустацыя вады жыватворнай крыніцы і невялікі адпачынак на свежым паветры), памятны знак, устаноўлены ў гонар 505-годдзя мікрараёна (каля яго прапаноўваецца паразважаць пра будучыню мікрараёна), апошняе спыненне ля гарадской паліклінікі № 10 (тут гаворка пойдзе пра сучасную інфраструктуру мікрараёна).
Падчас мерапрыемства дзеці паказвалі веды Правіл дарожнага руху, з задавальненнем удзельнічалі ў эстафетах. Падчас акцыі балельшчыкам таксама не прыйшлося сумаваць, дзеці хварэлі за свае каманды і ўдзельнічалі ў пазнавальнай гульні “Дазваляецца-забараняецца”. Творчая група навучэнцаў 10-х класаў у рамках акцыі паказала дэнс-шоу “Шоу рэгуліроўшчыкаў”, а 4 “А” клас выканаў музычную кампазіцыю “Я малюю гэты свет”. Пасля заканчэння акцыі “Закрыццё веласезона” ўсе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад АДАІ Фрунзенскага раёна і тэматычныя буклеты з картай веламаршруту ад ініцыятыўнай групы навучэнцаў 4 “А” класа.

Людміла РАМАШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 33 Мінска.