Культурны брэнд і сродак навучання

- 11:12Актуально, Апошнія запісы

24 красавіка ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адкрыўся музей “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”. Музей ствараўся па ініцыятыве і падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны. Чырвоную стужку перарэзаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

“Сёння мы бяром удзел у неардынарнай падзеі — адкрыцці музея “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”. Беларуская вучэбная кніга стала важным гісторыка-культурным сімвалам нашай краіны. Створаныя на нашай зямлі кнігі ўздзейнічалі на еўрапейскую адукацыю. Першы буквар з’явіўся дзякуючы менавіта беларускім асветнікам.

Ствараючы такі музей, мы аддаём павагу беларускай адукацыі, яе гісторыі, лю­дзям. Сучасныя тэхналогіі дазволілі аднавіць кніжныя помнікі мінулага. Іх можна пагартаць у электронным фармаце, адчуўшы дыханне часу. А некаторыя адноўленыя выданні нават патрымаць у руках. Асобна хачу падзякаваць супрацоўнікам акадэміі і Нацыянальнай бібліятэкі за карпатлівую працу”, — адзначыў міністр адукацыі.

Стварэнне музея дазволіла прадставіць кнігі за больш чым 1000-гадовы перыяд, пачынаючы з ІХ стагоддзя. Пры гэтым удалося дасягнуць паўнаты і сістэмнасці прадстаўлення гісторыі вучэбнага кнігавыдання, што дапаможа ўзбагаціць кожнага педагога. Музейная зала стане не проста экспазі­цыяй, а вучэбнай аўдыторыяй. “Вучэбная кніга адлюстроўвае гісторыю адукацыі. Яна ж яе і стварае. Трэба памятаць, што ў вучэбнай кнігі — самая вялікая колькасць чытачоў. Яе ўплыў на асобу вучня цяжка пераацаніць. Такая кніга не толькі вучыць, але і выхоўвае нават сваім знешнім выглядам”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Вучэбная кніга пастаянна мяняецца. І гэта нармальна, бо ствараецца яна для сучаснага вучня. Мяняюцца шрыфты, ілюстрацыі, прасцейшай і больш даступнай становіцца мова падручніка, уводзяцца элементы дапоўненай рэальнасці. Многія параметры сучаснага падручніка сведчаць пра тое, што мы дасягнулі ў гэтай галіне пэўнага поспеху. Значная частка гэтага поспеху — у апірышчы на гісторыю і традыцыі беларускай вучэбнай кнігі.

Створаная музейная экспазіцыя наглядна паказвае, як няпроста ствараліся вучэбныя кнігі, наколькі эрудзіраваным і навукова падкаваным павінен быць аўтар ва ўсе часы. Работа па пашырэнні музея будзе працягнута, з’явяцца экспазіцыі сучасных падручнікаў. Але тут, як заўважыў міністр, трэба памятаць, што музей вучэбнай кнігі не маўклівы збор старых выданняў, а дзейсны сродак навучання і выхавання не толькі педагогаў, але і навучэнцаў.

“Экспазіцыя музея ўключае экспанаты, перададзеныя Нацыянальнай бібліятэкай, установамі адукацыі нашай краіны, бібліятэкамі, асобнымі настаўнікамі і вучнямі. Тут можна ўбачыць кнігі і макеты, вырабленыя педагогамі і навучэнцамі. Ёсць інтэрактыўныя камп’ютарныя заданні па тэматыцы музея, якія стварылі педагогі”, — паведаміў рэктар АПА Андрэй Манастырны.

Пакуль адкрылі першую залу музея, якая ахоплівае перыяд ад Тураўскага і Полацкага княстваў да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Пасля будзе працягнута работа над перыя­дам другой паловы ХХ стагоддзя і перыядам сучаснай Рэспублікі Беларусь. Плануецца, што музей будзе пляцоўкай для дэманст­рацыі вопыту музейнай педагогікі, тым больш што мы маем слаўную гісторыю кнігавыдання.

“Вучэбная кніга можа быць культурным брэндам для ўсёй краіны. Гэта тое, чым нам можна ганарыцца. У мінулым мы адзна­чылі юбілей буквара. Беларусь — радзіма буквара. Сёння па буквары вучацца ў многіх краінах свету. Ля вытокаў гэтай традыцыі былі нашы продкі. Больш за тое, беларусы не толькі прыдумалі буквар, але і зрабілі ўсё магчымае, каб вучэбная кніга з такой назвай стала сусветным брэндам. Беларусы прынеслі буквар у Расію, стаялі ля вытокаў стварэння ўкраінскага буквара і буквара ў Латгаліі (Латвіі). Па беларускіх букварах вучыліся палякі ў ХІХ і ХХ стагоддзях. “Буквар” Конрада Крушынскага, які быў  родам з Мінска, прызнаны найлепшым букваром у свеце ў ХІХ стагоддзі (перамог сярод 500 буквароў на Лонданскай кніжнай выставе), таму буквар — наш культурны брэнд.

Створаны музей — сведчанне развіцця нашай культурнай традыцыі, яе ажыўленне і яшчэ адна прычына для гордасці. Мы былі вельмі рады супрацоўнічаць з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі”, — адзначыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша.

Традыцыі беларускага кнігавыдання працягваюць актыўна развівацца ў нашай краіне і ў цяперашні час. “Мы маем сфарміраваную сістэму айчыннага кнігавыдання, якое поўнасцю забяспечвае ўсе ўзроўні адукацыі. Толькі ў 2019 годзе для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі мы выдаём 208 найменняў вучэбных дапаможнікаў агульным тыражом 8,5 млн экзэмпляраў. Думаю, музей можа стаць навуковай пляцоўкай, бо ў падручніках рэалізуецца дыдактычная мадэль навучання, якая дэманструе, як і чаму вучылі ў розныя гістарычныя эпохі. А кнігавыдаўцы ў музеі змогуць знайсці крыніцы для натхнення”, — адзначыла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.